16.09.2019 / 22:29

Расійскія дыпламаты выкарыстоўвалі дачы ў ЗША для шпіянажу — СМІ

Расійскія дыпламатычныя дачы ў Мэрылендзе і Нью-Ёрку, доступ да якіх быў закрыты па рашэнні прэзідэнта Барака Абамы ў снежні 2016 года, выкарыстоўваліся для перахвату даных ФБР і дапамогі расійскім разведчыкам на тэрыторыі Злучаных Штатаў, паведамляе Yahoo News. Менавіта з гэтых дач вёўся перахват засакрэчанай інфармацыі ФБР, дзякуючы чаму расіянам удавалася не дапускаць выкрыцця сваіх агентаў на тэрыторыі ЗША.

У Вашынгтоне лічылі, што імавернасць уцечкі інфармацыі настолькі вялікая, што ЦРУ і ФБР прыйшлося нават перапыніць сувязь з некаторымі са сваіх агентаў у Расіі.

Аперацыя расійскай разведкі на тэрыторыі ЗША пачалася яшчэ ў пачатку 2010-х гадоў, калі група агентаў спрабавала завербаваць прадстаўнікоў амерыканскага істэблішменту, у тым ліку бізнэсмена Картара Пэйджа, які пазней уваходзіў у выбарчы штаб Дональда Трампа. Раскрыць сакрэтныя коды ФБР ім удалося прыкладна ў 2011-2012 гадах. Тады ж у расійскіх разведчыкаў з'явілася магчымасць праслухоўваць спецгрупы ФБР, якія займаліся выяўленнем шпіёнаў. Спецыяльнае абсталяванне для гэтага як раз і знаходзілася на тэрыторыі дач.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру