12.02.2009 / 22:45

Ад Бога ці ад малпы? 40

Навукоўцы працягваюць спрачацца. З нагоды 200‑годдзя з дня нараджэння Чарлза Дарвіна піша філосаф і тэолаг, манах‑дамініканец Пётра Рудкоўскі.

Навукоўцы працягваюць спрачацца. З нагоды 200‑годдзя з дня нараджэння Чарлза Дарвіна піша філосаф і тэолаг, манах‑дамініканец Пётра Рудкоўскі.

«Ведаеш, Пётра, — кажа мне Брант, амерыканец з Канзасу, — амерыканскія падручнікі па гісторыі сфальшаваныя». — «У якім сэнсе?» — пытаюся. — «У іх гаворыцца, што наша Зямля мае больш за 6 тыс. гадоў, у той час як з Бібліі адназначна вынікае, што свет быў створаны Богам не больш за 6 тыс. гадоў таму».

Пазіцыя спадара Бранта ў справе веку Зямлі і Сусвету не з’яўляецца адасобленай.

У 2005 годзе Міністэрства адукацыі штату Канзас (Kansas State Board of Education) прыняло шэраг пастановаў, якія абавязвалі школьных выкладчыкаў паказваць «слабыя бакі» тэорыі эвалюцыі і прэзентаваць тэорыю звышнатуральнае разумнае задумы (intelligent design theory) як тэорыю больш верагодную і навукова абгрунтаваную.

«Тэорыя эвалюцыі аказалася фальшывай тэорыяй, – пераконвала Кэці Марцін, прадстаўніца Міністэрства адукацыі Канзасу, падчас арганізаваных Міністэрствам слуханняў на тэму паходжання чалавека і веку Зямлі. — Тым часам тэорыя разумнае задумы [маецца на ўвазе непасрэднае стварэнне Богам усіх відаў – П.Р.] – гэта сапраўды навуковая тэорыя, якая добра падмацавана рэлевантнымі фактамі».

Ці не сімптаматычна, што ў штаце, які геаграфічна месціцца ў самым цэнтры ЗША, перамог — хай сабе і на кароткі прамежак часу — радыкальны крэацыянізм, які настойвае на тым, што Сусвету не больш за 6000 гадоў і што «Мудры Праектант» (так крэацыяністы мянуюць Госпада Бога) непасрэдна стварыў усе жывёльныя віды.

Скептыкі і дагматыкі

Стасаваная праціўнікамі эвалюцыянізму інтэлектуальная тактыка вельмі нагадвае тактыку Сэкста Эмпірыка (ІІ ст.), выбітнага прадстаўніка скептыцызму. Сэкст напісаў у свой час трактат пад назовам «Супраць матэматыкаў» (які часам выступае пад назвай «Супраць дагматыкаў», бо матэматыкі і былі для Сэкстуса дагматыкамі), у якім ён шырока абмяркоўвае погляды найбольш рэпрэзентатыўных у той час філасофскіх школаў. «Матэматыкі» як галоўны аб’ект крытыкі фігуруюць у назвае трактату невыпадкова, бо менавіта яны, гэтыя mathematikoi лічыліся найбольш тыповымі прадстаўнікамі episteme, гэта значыць, саліднай, угрунтаванай веды. Сэкстус паслядоўна, крок па кроку, этап па этапе, выкрывае прэтэнзіі «матэматыкаў» да валодання сапраўднаю ведай, паказваючы, што іх цверджанні або цмяныя і няпэўныя, альбо ўнутрана спрэчныя, альбо проста банальныя.

Якая з гэтага выснова? А выснова такая: не трэба пераймацца інтэлектуальнымі спрэчкамі, ці то багаслоўскага, ці то навукова‑філасофскага характару. Паслядоўнікі Секстуса, якія называлі сябе

skeptikoi (ад skeptomai – дакладна прыглядаюся, даследую) прапанавалі большую ўвагу звяртаць на жыццёвы спакой і раўнавагу.

Скептыцызм можа, аднак, мець у якасці наступства і іншага роду жыццёвую пазіцыю.

Чым сканчаецца фундаменталізм

Прыкладна тысяча гадоў пасля з’яўлення «Супраць матэматыкаў» з’яўляецца кніжыца з не менш красамоўнай назвай «Знішчэнне філосафаў» аўтарства Аль‑Газэля з Багдаду. Гэтая кніга ў многім нагадвае палемічны трактат Сэкстуса: значная яе частка ўяўляе сабой даволі праніклівае даследаванне розных філасофскіх вучэнняў, якое суправаджаецца выкрыццём іх сутнаснай недасканаласці. Аніякай рэальнай веды філасофія не дае, культываванне філасофіі – гэта свайго роду самападман, ілюзія – цвердзіць Аль‑Газэль, і ў гэтым плане ён явіцца як тыповы скептык. Аднак практычная выснова, якую робіць мысляр з Багдаду, ужо зусім не тыповая для класічнага скептыцызму. Філасофія – падкрэслівае ён – не толькі парожняя і бясплодная ў пазнавальным плане, яна шкодная, бо зводзіць людзей ілюзійнымі ведамі і адводзіць ад сапраўднай веды, веды, якая была аднойчы аб’яўлена Богам праз прарока Магамета, і якая ў поўным аб’ёме месціцца ў Святой Кнізе – Каране.

Радыкальныя крэацыяністы з’яўляюцца, на маю думку, сучаснай інкарнацыяй Аль‑Газэля, чыя пазіцыя можа быць выражана пры дапамозе вось такой схемы: навуковы скептыцызм → рэлігійны фундаменталізм.

Вераць не толькі бабулькі

Я хацеў бы звярнуць асаблівую ўвагу на значнасць першага кампаненту крэацыянісцкага падыходу. Праціўнікаў тэорыі эвалюцыі прынята прэзентаваць як закасцянелых у сваім кансерватызме рэлігійных артадоксаў, якія ніякага дачынення да навукі не маюць. Гэта далёка не так.

У шэрагах антыэвалюцыяністаў сустракаем багата выбітных навукоўцаў і інтэлектуалаў.
Вілем Увенэль (прызнаны аўтарытэт у галіне развіццёвых анамаліяў), Вайн Фрайр (выбітны спецыяліст у герпеталогіі), Курт Вайс (палеантолаг), Дзін Кэн’ён (фізік, экс‑эвалюцыяніст) – вось толькі некалькі імёнаў аўтарытэтных навукоўцаў, якія стаяць на пазіцыях (радыкальнага або памяркоўнага) крэацыянізму. Крэацыяністы выдаюць дзясяткі, калі не сотні, часопісаў, засноўваюць і даволі паспяхова вядуць даследчыцка‑адукацыйныя інстытуты. І часам аказваюць рэальны ўплыў на адукацыйную палітыку, у чым мы яскрава маглі пераканацца на прыкладзе Канзасу.
Сіла радыкальных крэацыяністаў хаваецца ў іхнім скептыцызме.
Крэацыяністы з уласцівай скептыкам манерай дэмаскуюць прэтэнзіі эвалюцыяністаў на ўсяведанне і акцэнтуюць рэальныя праблемы і цяжкасці, з якімі тэорыя эвалюцыі мае дачыненне. А праблем у гэтай тэорыі хапае (а якая ж тэорыя іх не мае?!).

Найбольшая, бадай, праблема – гэта пытанне пра магчымасць відавых мутацый, у выніку якіх маглі б паўставаць новыя віды (у святле сучаснай генетыкі такую магчымасць цяжка дапусціць);

вялікай загадкай застаецца механізм паўставання інфармацыйных часцінак (згаданы вышэй Кэн’ён распрацоўваў у свой час тэорыю біяхімічнай эвалюцыі, аднак прыйшоў да высновы, што трансфармацыя хімічных сувязяў ў такія складаныя інфармацыйныя часцінкі, як РНК і ДНК, немагчымая. Гэта і абумовіла пераход Кэн’ёна на крэацыянісцкія пазіцыі).

Апроч гэтага, праблемай можа быць таксама канфлікт з т.зв. «здаровым сэнсам» (для многіх, праўда, гэта ўсяго толькі псеўдапраблема): такія сістэмы, як орган зроку, імунная сістэма, згортванне крыві выглядаюць настолькі тонка «прадуманымі» і дапасаванымі, што патрэбна немалое псіхалагічнае намаганне, каб прымусіць сябе ўва ўсім гэтым бачыць гульню сляпых выпадковасцяў!

Разгон для розуму

Як бачым, разгон для скептычнага розуму даволі вялікі. Многія крэацыяністы, аднак, настолькі разганяюцца ў сваім скептыцызме, што прызямляюцца ў акопах варожага навуцы і рацыянальнаму дыскурсу рэлігійнага фундаменталізму. Як Аль‑Газэль, так і ідэйныя антыэвалюцыяністы стартуюць ад выкрыцця недасканаласцяў процілеглае тэорыі, аднак робяць гэта такім чынам каб стварыць эфект «голага караля» (альбо, можа, «голай каралевы»). І тут немалую паслугу аказваюць самі эвалюцыяністы, якія нярэдка абсалютызуюць тэорыю эвалюцыі, робяць з яе альфу і амегу навукі. На гэтым фоне ўсякае выкрыццё яе дэфектаў можа ўспрымацца (і сапраўды многімі ўспрымаецца) як доказ яе псеўданавуковага характару.

Ад недасканаласці і праблемнасці тэорыі эвалюцыі крэацыяністы плаўна пераходзяць да намёкаў, што дадзеная тэорыя – ілюзія, якая замінае прыняццю і зразуменню «праўдзівай тэорыі», аб’яўленай у Кнізе Быцця...

І тут

карысным будзе прыгадаць, чым скончылася «знішчэнне філосафаў» у арабскім свеце.
Пад канец ХІІ стагоддзя каліф Аль‑Мансур асуджае філасофскую дзейнасць Авероэса, аднаго з найвыбітнейшых мысляроў і асветнікаў таго часу, і выганяе са свайго каліфату. Ад гэтага моманту філасафаванне будзе ў ісламскім свеце жорстка пераследавацца як праява бязбожнасці і свавольства, а інтэлектуальная незалежнасць будзе зведзена да мінімуму. Арабскі свет, які ў Х–ХІІ ст. быў лідэрам у культуры і філасофіі, у выніку стаў няздольным да культурна‑цывілізацыйнага прагрэсу.
Рэлігійны фундаменталізм – ці то мусульманскі, ці хрысціянскі, ці яшчэ які – з’яўляецца заганнай пазіцыяй таксама з багаслоўскага гледзішча, бо грунтуецца ён на звядзенні Божага Слова да чалавечага слова.
Літаральнае прачытанне Кнігі Быцця (з чым і звязана катэгарычнае непрыняцце тэорыі эвалюцыі) з’яўляецца асобным выпадкам такога звядзення.

Біблія — даслоўнасць ці сімволіка

Біблія – гэта космас сімвалаў. Мы сустракаемся з сімвалам для таго, каб ісці далей і глыбей, у накірунку больш глыбокага сэнсу, які непасрэдна нам не даступны. Атаясамленне біблійнага сэнсу з паверхняй сімвала непрымальнае з багаслоўскага гледзішча. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства Айцы Царквы заклікалі да «духоўнага» прачытвання Бібліі, гэта значыць выхаду па‑за літаральны сэнс. Дык

чаму некаторыя хрысціяне ў ХХІ стагоддзі так упарта трымаюцца літаральнага сэнсу Кнігі Быцця?

* * *

Фундаменталізм характэрны не толькі для крэацыяністаў. Сярод зілотаў тэорыі эвалюцыі нямала такіх, хто гатоў накласці «анафему» (у выглядзе выдалення з універсітэту, адмовы ў публікацыі, публічнага знеслаўлення) на кожнага, хто выступае з крытыкай пад адрасам тэорыі эвалюцыі. «Памятайце, што справа не толькі ў тым, каб трымаць крэацыянізм далёка ад школ, але таксама каб гарантаваць, што тэорыя эвалюцыі будзе выкладацца ў школах адпаведным чынам, без якіх‑кольвечы засцярог тыпу таго, што гэта, маўляў, «толькі» тэорыя», – заклікае ў сваім артыкуле Глен Бранч. Абсалютызацыя тэорыі эвалюцыі нярэдка спалучаецца з інструментальным яе выкарыстаннем для прапаганды атэізму (Рычард Доўкінс).

Эвалюцыянізм, як тое слушна заўважае Карл Попер, спрычыняецца да навуковага прагрэсу, бо надае агульны кірунак прыродазнаўчым даследніцкім праграмам.
Будучы часткай навуковага дыскурсу, яна застаецца адкрытай на розныя светапоглядныя інтэрпрэтацыі, як тэістычныя, так і атэістычныя. Эвалюцыянізм, насуперак дэмагагічным запэўненням Доўкінса, не прадугледжвае атэізму.
Тэорыя эвалюцыі, як і ўсякая іншая навуковая тэорыя, можа быць памылковаю. На дадзены момант яна найлепш спасярод іншых магчымых тэорый тлумачыць з’явы ў біясферы, але мы не ведаем, які будзе яе лёс праз 100 або 500 гадоў.
І няма гарантыі, што ў нейкай будучыні тэорыю Дарвіна не спаткае лёс, які спаткаў іншыя тэорыі, якія ў свой час лічыліся непарушнымі і канчатковымі, напр. тэорыю Пталамея ў астраноміі або тэорыю Арыстотэля ў фізіцы. Інакш кажучы, тэорыя эвалюцыі не канец эвалюцыі навукі.
0
byllion / Адказаць
12.02.2009 / 23:14
"Біблія – гэта космас сімвалаў. Мы сустракаемся з сімвалам для таго, каб ісці далей і глыбей, у накірунку больш глыбокага сэнсу, які непасрэдна нам не даступны." Браце Пётра, а хто мае такія кампетэнцыі, каб расшыфроўваць гэтыя сімвалы? І чаму кожны іх разумее па-свойму, пераконваючы адначасова, што менавіта ён мае рацыю? Ды хто, урэшце рэшт, мае рацыю? І навошта было ўсё так шыфраваць? Здаецца, што нашмат прасьцей ісьці кудысьці, калі ты ведаеш куды. А калі здагадвацца, то можна і збочыць.
0
Саянаў / Адказаць
12.02.2009 / 23:54
"...у накірунку больш глыбокага сэнсу, які непасрэдна нам не даступны." ======================== Ня згодны. Калі "нам не даступны" - значыць, вынікае, не для нас! Тады пытаньне, а для каго? Для тых, хто будзе пасьля нас, і хто будзе ўжо адрозны ад нас у такой жа ступені, як сёньня мы адрозныя ад малпаў і на той жа адлегласьці ад нас цяперашніх? Мо для іх, для тых? Тады навошта яна дадзена была больш, чым за 2 тыс. гадоў да нас цяперашніх? каб прысьпешыць з`яўленьне тых, будучых? Тады вынікае, што й для нас, бо бяз нас ня будзе будучыні. Дакладней яна будзе, але будзе такой, для якой ніякі сэнс патрэбны ня будзе, ні прыхаваны-шыфраваны, ні яўны й лёгкадаступны. Бо сэнс будзе сам па-сабе, а надыйшоўшая будучае само па-сабе... "І навошта было ўсё так шыфраваць?" ============================== Дык і не шыфраванае ж тое! Страціўшы мінулае, ці ж лёгка яго зразумееш потым знаходзячы па кропельцы ды складваючы ў нейкі неабсяжны паззл. Чамусьці кожнае новае лічыла за неабходнае назаўжды зьнішчаць старое, як непатрэбнае й шкоднае (часьцей за ўсё разам з рознага ўзроста носьбітамі таго старога), і ад гэтага, празь пэўны час, тое новае пачынала рабіцца незразумелым, прыводзіла ў тупік і зьнішчалася зьмяняючым яго шчэ больш навейшым і змывалася няменшай колькасьцю крыві і так далей. А тое ўніверсальнае й адзінае карэктавалася пад надыйшоўшае "новае". Цяпер вось і бачыца ўсё "зашыфраваным".
0
Сяргей Балахонаў / Адказаць
13.02.2009 / 00:00
Ад якой яшчэ малпы?
Паказаць усе каментары/ 40 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру