Зборная Ўкраіны прайграла свой першы матч на ЧС-2006 камандзе Гішпаніі зь лікам 4:0. Мяркуючы па гульні ўкраінскай каманды можна зрабіць выснову – у Нямеччыне сіне-жоўтыя не зьбіраюцца затрымлівацца.

Такой бязвольнай гульні ад каманды Блахіна не чакаў ніхто. Што казаць, калі Шаўчэнка, капітан каманды, ходзіць па полі пешкі безь мяча і не намагаецца нават пазмагацца за яго.

Зразумела, што й паўабарона мусіла б «загружаць» капітана ўкраінскай каманды, але гэтага не было.

У «Мілане» Шаўчэнка даваў рады і ў абароне, і ў паўабароне, і ў нападзе. Дык чаму Шаўчэнка падышоў у такой форме да матчаў зборнай? Пытаньні да самога гульца ды трэнэра. Мажліва, на Шаўчэнку падзейнічаў пункт ягонага кантракту з «Чэлсі», паводле якога ён у выпадку атрыманьня траўмы на ЧС-2006 будзе вінен сплаціць лёнданскаму клюбу кампэнсацыю.

Зрэшты, гаворка не пра гэта, а пра ганебную паразу.

Гішпанцы зь першых хвілін пайшлі ў наступ і працягвалі нарошчваць тэмп. На 4-й хвіліне прабіў Хаві (пасьля памылкі Нясмачнага), але побач з штангаю.

А ўжо да 15-й хвіліны гульня ішла ў адныя вароты – Шаўкоўскага. Гішпанцы праходзяць па флянгах, у цэнтры ўкраінскай абароны і б’юць па варотах, калі ім заманецца.

На 12-й хвіліне Цімашчук адпасаваў на Шаўчэнку, які мог выйсьці сам на сам, але ў афсайдзе апынуўся Варонін.

На 13-й хвіліне нашэсьце на ўкраінскія вароты прывяло да голу. Спачатку Шаўкоўскі выцягнуў зь дзявяткі ўдар Сэні. Пасьля падачы кутавога Хабі Алонса выйграе барацьбу ў Язерскага і ўдарам галавою ў бліжні кут варотаў Шаўкоўскага робіць лік 1:0.

На 17-й хвіліне падвойны «подзьвіг» зьдзейсьніў Русол. Спачатку ён зьбіў у мэтрах 19-ці ад варотаў Рамаса, а пасьля прабіцьця штрафнога ў выкананьні Вільлі мяч рыкашэціць ад галавы Русола і ўлятае па цэнтры варот Шаўкоўскага…

Гэта ўжо 2:0. Зрэшты, украінцы не паскорыліся, а працягвалі вытрымліваць зьдзекі гішпанцаў.

На 23-й хвіліне толькі своечасовы выхад з варотаў Шаўкоўскага выратаваў украінцаў ад трэцяга голу ў першай 45-хвілінцы.

Дзесь на 25-й хвіліне Шаўчэнку ўдалося пагуляцца зь мячыкам, але ягоныя намаганьні прайсьці ў штрафную скончыліся падзеньнем з уласнае ініцыятывы.

На 32-й хвіліне Гусін нанёс першы ўдар у бок варотаў зборнай Італіі.

У другім тайме ўсе спадзевы на тое, што ўкраінцы ўрэшце пачнуць гуляць, былі разьбітыя.

На 46-й хвіліне Торэс прарываецца ў штрафную, за ім бяжыць Вашчук і трымае яго за футболку, гішпанец падае і б’е – Шаўкоўскі ягоны ўдар адбівае. Але судзьдзя паказвае на 11-мэтровую пазнаку і выдаляе Вашчука з поля.

Факт парушэньня быў, а далей, як кажуць, пасьля бою кулакамі не размахваюць. Пэнальці трапна рэалізуе Вільля, а лік становіцца 3:0.

З 47-й хвіліны Ўкраіна пачала гуляць у меншасьці. Шаўкоўскаму ня раз даводзілася ратаваць сваю каманду. Сіне-жоўтыя толькі некалькі разоў былі блізкімі да посьпеху, калі пасьля ўдару Вароніна з 23-х мэтраў мяч праляцеў побач з штангаю, а Раброў зь дзесяці мэтраў умудрыўся прабіць вышэй варотаў.

Гішпанцы ж працягвалі атакаваць і забілі чацьверты гол. Пасьля пасу Рауля ў адзін дотык Торэс з ходу прабіў у кут варотаў – 4:0.

На 86-й хвіліне мог забіць Рауль, але ня змог абыграць Шаўкоўскага сам на сам.

Ва ўкраінцаў мог адзначыцца Варонін, які перайграў Касільяса, але ў яго з-пад ног выбіў мяч Пэрнія. Шаўчэнкавы ж удар на 90-й хвіліне ўзяў Касільяс.

Можна прайграваць так, як Харватыя Бразыліі, і тады заўзятары балканскай каманды яе падтрымліваюць і кажуць, што ім не пашанцавала, а можна проста не гуляць у футбол…

Champion.com.ua

Глядзі яшчэ:

Узмоцненая ахова пасольства Гішпаніі ва Ўкраіне

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0