Трэба разглядаць крызіс як шанц на кардынальныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя перамены, піша ў сваім лісьце лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк.

Усё больш выказьнікаў паказвае на тое, што крызіс будзе зацяжным і, магчыма, на некалькі гадоў. Мы не разглядаем крызіс як катастрофу, але як пераходны пэрыяд разьвіцьця, якое патрабуе абавязковага абнаўленьня, перамены арыентацыі, зьмены прыярытэтаў.

Без ліквідацыі антыбеларускага рэжыму абнаўленчы выхад Беларусі з крызісу немагчымы. Ва ўмовах крызісу трэба дзейнічаць згодна зь яго прыродай – генэраваць і набліжаць перамены і абнову становішча, а не кансэрваваць прычыны крызісу (чым кінуліся займацца розныя грамадзкія ахоўнікі рэжыму). Трэба разглядаць крызіс як шанц на кардынальныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя перамены ў беларускім грамадзтве. Ліквідацыя нелегітымнага прамаскоўскага рэжыму – гэта аб’ектыўная неабходнасьць.

Мы мусім павялічыць і пашырыць нашую палітыка-асьветніцкую працу па падрыхтоўцы спрыяльнага асяродзьдзя для пераменаў.

Наша пазыцыя павінна ўключаць патрабаваньне адхіліць Лукашэнку ад улады, адмяніць накінутую фальшаваньнем канстытуцыю дыктатуры, правесьці новыя выбары прэзыдэнта (сумесна з выбарамі ў парлямант), згодна з дэмакратычнай Канстытуцыяй 1994 года і законамі, створанымі на яе аснове.

Наступныя антыкрызісныя патрабаваньні, якія павінны быць пастаўленыя перад уладай: даць поўную вытворчую свабоду людзям, каб чалавек мог бесперашкодна вырабляць, купляць і прадаваць, што хоча, дзе хоча і каму хоча. Устанавіць мінімальныя падаткі для такога прадпрымальніцтва, вызначыць сыстэму зьніжэньня і пазбаўленьня ад падаткаў у выпадку мэцэнацкай дапамогі і філянтрапічнай дзейнасьці вызначаным арганізацыям і асобам (школы, інваліды, творчыя пачынаньні і г. д.).

Аблегчыць і спрасьціць беларусам выезды на працу за мяжу. Зьнізіць кошт арэнднай платы за наём памяшканьняў для бізнэсу і вытворчасьці ў некалькі разоў, а для грамадзка-палітычных і культурніцкіх арганізацыяў у 10-20 разоў. Ліквідаваць манаполію Адміністрацыі прэзыдэнта на арэндную плошчу, памяшканьні і нежылы фонд. Перадаць усё ў веданьне мясцовых уладаў.

Гэта патрабаваньні першых крокаў.

Мы ўжо цяпер павінны рыхтавацца да адзначэньня 25 Сакавіка (Дзень Волі).
Мітынг трэба рыхтаваць як палітычнае антыкрызіснае мерапрыемства.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?