Беларускі ўрад можа пайсці на паляпшэнне адносінаў з Захадам у якасці «супрацьвагі» росту кантролю над беларускай эканомікай з боку Расіі,
сцвярджае ў дакладзе, пададзеным 12 лютага ў амерыканскі сенат, дырэктар нацыянальнай разведкі ЗША Дэніс Блэр.

«У Беларусі рэжым Лукашэнкі, як уяўляецца, гатовы супрацоўнічаць з Расіяй у намаганнях па супрацьдзеянні сумесным планам ЗША, Прагі і Варшавы па супрацьракетнай абароне,

але намаганні Расіі па кантраляванні ключавых сектараў беларускай эканомікі могуць падштурхнуць Мінск да паляпшэння адносінаў з Захадам у якасці супрацьвагі Маскве»,
— гаворыцца ў дакладзе Д.Блэра, паведамляе РІА Новости.

У дакуменце зазначаецца, што «Лукашэнка захоўвае аўтарытарны кантроль над уладай і можа вярнуцца да рэпрэсіўных мер, калі грамадская незадаволенасць у сувязі з пагаршэннем эканомікі выльецца ў пратэсты».

Апошнія месяцы А.Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра імкненні афіцыйнага Мінска развіваць паўнавартаснае супрацоўніцтва з Захадам. У нядаўнім інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» ён станоўча ацаніў ініцыятыву ЕС «Усходняе партнёрства», а таксама выказаў меркаванне, што «многія выклікі, з якімі Еўропа сутыкаецца, не могуць быць пераадолены без Беларусі». У кастрычніку мінулага года ЕС прыпыніў на паўгода дзеянне візавых санкцый у дачыненні да 35 беларускіх чыноўнікаў з 41, якія былі ўнесены ў спіс неўязных.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0