13.02.2009 / 13:06

У Мінску прэзентаваны «Вялікі гістарычны атлас Беларусі» 3

Прэзентацыя чарговай беларускай кнiжнай навiнкi адбылася ў рамках выставы «Свет кнiг». На гэты раз чытачоў пазнаёмiлi з «Вялiкiм гiстарычным атласам Беларусi» — першае навукова — даведачнае картаграфiчнае выданне, якое дэталёва апiсвае падзеi мiнуўшчыны.

Першы том «Вялiкага гiстарычнага атласа Беларусi» дае магчымасць шырокаму колу грамадства зразумець гiсторыю Беларусi ад старажытнасцi да сучаснасцi, дазваляе уявiць месца беларусаў сярод iншых народаў. У кнiзе змешчаны 67 гiстарычных карт, распрацаваных сучаснымi даследчыкамi, а таксама рэпрадукцыi 22 старажытных карт. Акрамя гэтага, у склад тома ўвайшлi 7 тлумачальных нарысаў, генеральная карта «Беларускiя землi ў ХVІ стагоддзi», храналогiя гiстарычных падзей ад старажытнасцi да 1569 года.

Вось што паведамiў пра стварэнне атласа яго галоўны рэдактар, дырэктар Беларускага навукова‑даследчага цэнтра электроннай дакументацыi, кандыдат гiстарычных навук В. Насевiч: «Гэта сапраўды вялiкая падзея як у развiццi беларускай картаграфii, так i ў развiццi гiстарычнай навукi Беларусi. I гэтая падзея стала магчымай, дзякуючы калектыўным намаганням вялiкага кола людзей. Перш за ўсё, гэта аўтарскi калектыў атласа, якi складаецца з прадстаўнiкоў розных устаноў, у тым лiку Iнстытута гiсторыi НАН, супрацоўнiкi дзяржаўнай архiўнай службы, людзi, якiя бралi ўдзел у рэцэнзаваннi i рэдагаваннi атласа, супрацоўнiкi прадпрыемства «Белкартаграфiя»… Адметнасцю атласа ў параўнаннi з iншымi гiсторыка‑картаграфiчнымi выданнямi з’яўляецца тое, што упершыню гiсторыя Беларусi, а менавiта яе раннi перыяд (да Люблiнскай унii 1569 года) падаецца настолькi падрабязна. Па‑новаму асветлены перыяд першабытнай гiсторыi: падаюцца не толькi чыста археалагiчныя карты, як гэта было ва ўсiх папярэднiх выданнях, але i гiстарычныя, якiя адлюстроўваюць працэсы, што адбывалiся на тэрыторыi краiны, якiя вялi да фармiравання беларускага этнасу. У дадатак змешчаны гiстарычныя карты 15‑16 стагоддзяў, якiя дазваляюць убачыць, што ўяўлялi сабой беларускiя землi ў той час. Гэты атлас будзе цiкавы не толькi для выкладчыкаў, навучэнцаў, але i для вучняў…

Стваральнiкi атласа плануюць выпусцiць яшчэ два тамы.

Тацяна Кавалёва, Звязда

0
Мiхась / Адказаць
13.02.2009 / 15:13
Ужо купiў. Файнае выданьне. Асаблiва парадавалi "вузкахраналагiчныя" мапы па стане на XIV i XV ст. Адзiны недахоп - абмежаваньне ў некаторых выпадках выключна тэрыторыяй сучаснай Беларусi. Зразумела, што тэматыка дыктуе, але ж просiцца пашыраны погляд на Радзiму тых часоў, бо некаторыя мапы ўспрымаюцца цi то недаробленымi, цi то выдранымi з гiстарычнага кантэксту. Але, ня гледзячы нi на што, кнiга з шэрагу тых, якiмi можна ганарыцца перад суседзямi. Кошт не малы. У крамах - амаль 198000. Можна набыць на 15000 таньней у спецыялiзаваным шапiку "Белкараграфii" на б.Варвашэнi ля Белай вежы.
0
Кастусь / Адказаць
13.02.2009 / 22:15
Бачыў я той атлас. Задума як заўсёды файная, а вось выкананьне... Я нават ведаю як можна было той атлас зрабіць утрая таньней. Для гэтага дастаткова было даць мапы паветаў трохі больш чым яны ідуць у энцыклапедыі ВКЛ. А так - схема якога павету, ня якой з дзясятак асноўных вёсак, мястэчак - і гэта ўсё размазваюць на фармат А4. Там паміж вёскамі белага поля па 3-4 см.
0
Раман / Адказаць
16.02.2009 / 14:01
У даведцы казалi што той крамы "Белкараграфii" ужо дауно няма там.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру