У Беларусі будуць адкрываць беларускамоўныя храмы, калі будуць ахвотныя маліцца на беларускай мове. Пакуль іх — не так шмат. Пра гэта падчас анлайн-трансляцыі прэс-канферэнцыі з Нацыянальнага прэс-цэнтра распавёў мітрапаліт Павел, піша Tut.by
— У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы: беларуская і руская. Я неаднаразова казаў: разумець я разумею (беларускую мову), калі ёсць неабходнасць, то буду размаўляць. Сёння, дзякуй Богу, у нас для ўсіх жадаючых, хто хоча маліцца на беларускай мове, ёсць такая магчымасць. Літаральна ў канцы мінулага года да мяне звярталіся беларускамоўныя прыхаджане з просьбай даць магчымасць здзяйсняць набажэнства на беларускай мове. Я ім прапанаваў выбраць любы храм, некалькі варыянтаў мной было прапанавана. Было прапанавана рабіць хоць кожны дзень набажэнствы, на што яны сказалі: «Не, мы кожны дзень не зможам». Тады давайце раз на тыдзень, яны сказалі, што гэта шмат. Аказалася, што не так шмат жадаючых памаліцца на беларускай мове. Але тыя, хто хоча, маюць такую магчымасць, — сказаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, Патрыяршы экзарх усёй Беларусі.
Паводле слоў мітрапаліта, у Беларусі ёсць некалькі храмаў, дзе службы праходзяць на беларускай мове.
— Часам гэтую тэму падымаюць толькі толькі для таго, каб не аб'яднаць людзей, а выклікаць нейкую канфрантацыю. Непажадана, каб выкарыстоўвалі ці мову, ці нацыянальнасць, ці нейкія іншыя асаблівасці, каб людзей раз'яднаць. Задача святароў — аб'ядноўваць. Будуць жадаючыя маліцца на беларускай мове, па меры неабходнасці мы будзем адкрываць баларускамоўныя храмы.