Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы зноў запрашаюць усіх на святкаванне Багача ў Вязынцы, паведамляе Рэгіянальная газета.

Сёлета свята адбудзецца 29 верасня, пачатак у 12.30.

У народным календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджая і да першага пасля лета запальвання хатняга агменю — васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года для забеспячэння багацця і шчасця гаспадарам.

Асноўнай дзеяй свята з’яўляецца ссыпанне агульнага Багача, таму гасцей просяць захапіць з сабой па жменьцы зерня.

У праграме свята — дажынкавыя і восеньскія спевы з розных рэгіёнаў, лекцыі, майстар-класы па рамёствах, дзіцячыя гульні, кухня і кірмаш, традыцыйныя танцы!

Даехаць да Вязынкі можна электрычкай з Мінска ці Маладзечна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0