Новы тэлеграм-канал «Папаратар», які спецыялізуецца на інсайдах і злівах, на гэтым тыдні апублікаваў у сябе дакумент пад назвай «Узаемадзеянне з экспертнай грамадой Рэспублікі Беларусь». Ён нібыта быў распрацаваны для працы расійскіх дыпламатаў у нашай краіне, але дакладнага пацверджання гэтаму няма.

Злева направа: расіянін Віталь Саланецкі, кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч, эксперты Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзерман, дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін. Фота з facebook.com.

Злева направа: расіянін Віталь Саланецкі, кіраўнік «Русі маладой» Сяргей Лушч, эксперты Аляксандр Шпакоўскі і Аляксей Дзерман, дэкан ФФСН БДУ Вадзім Гігін. Фота з facebook.com.

Гэта невялікая брашурка з характарыстыкамі, якія даюцца экспертам, СМІ, палітыкам. Часам яны вельмі жорсткія і цынічныя, часам здаецца, што ўзятыя проста зніадкуль. Прапануем вашай уваз некаторыя ўрыўкі.

Перш за ўсё адзначаецца, што носьбіты прарасійскіх поглядаў адкінутыя ў Беларусі ў «маргінальны сектар». «Прарасійская апазіцыя ў Беларусі адсутнічае», — лічыць ананімны аўтар.

Спачатку даюцца характарыстыкі двум сайтам, якія створаны, каб адлюстроўваць расійскія погляды.

«Санар-2050»

Гэта сайт, накіраваны на інтэграцыйныя праекты. Адзначаецца, што ён фінансуецца з упраўлення прэзідэнта Расіі па міжрэгіянальных і культурных сувязях з іншымі краінамі.

«Каманда не мае разумення аб сітуацыі ў Беларусі, а толькі адпрацоўвае бюджэт. Арганізоўвае малазначныя мерапрыемствы і прэзентацыі, трафік накручаны. Практыкуюць злівы і паклёпы на апанентаў», — адзначаецца ў дакуменце.

«Спутнік»

Асноўны расійскі прапагандысцкі канал, які працуе ў нашай краіне.

«Наведвальнасць сайта накручаная. Больш за 50% наведвальнікаў з Расіі.

Агенцтва знаходзіцца пад кантролем беларускіх спецслужб і забяспечвае за кошт расійскага бюджэта прапагандысцкія мерапрыемствы на расійскай і беларускай медыяпрасторах», — такія не дужа суцяшальныя высновы для «Спутніка».

***

Цяпер пройдземся па персаналіях. Яны разбіты на дзве часткі: тыя, хто адказваюць за расійскі кірунак, і агульныя эксперты.

Алег Гайдукевіч

«Заяўляе, што ў яго самая масавая партыя (50 тысяч чалавек), але гэта не адпавядае рэчаіснасці. Ёсць меркаванне, што гэта нейкія былыя вязні, крымінальныя аўтарытэты і «мёртвыя душы».

Партыя абсалютна блазенская. Усур’ёз яго ў Беларусі ніхто не ўспрымае. Спрабуе капіяваць стыль Жырыноўскага і свайго бацькі.

Дастаткова камунікабельны. Стараецца ўступаць у дыялог з усімі апанентамі. Па некаторых дадзеных, сябруе з Віктарам Лукашэнкам і ўступіў у ягоны байкерскі клуб. Мае прэзідэнцкія амбіцыі і ўсур’ёз лічыць, што зменіць Лукашэнку на наступных выбарах», — напісана пра старшыню ЛДПБ.

Вадзім Гігін

«Любімчык Лукашэнкі. Прафесійны гісторык, цалкам арыентаваны на палітычны рэжым. На навуковых канферэнцыях вядзе сябе канструктыўна». Пры гэтым Гігіна называюць рэдактарам «Беларускай думкі», а ён даўно ўжо там не працуе.

Аляксей Дзерман

У матэрыяле два варыянты напісання прозвішча: і праз літару «т» на канцы і без яе. Дзерману ўспамінаюць яго вясёлае мінулае. «У 2002 годзе Дзерман стаў адным з заснавальнікаў арганізацыі «Гега Рух», якая ў якасці сваіх папярэднікаў бачыла «Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю».

Падтрымкі ў моладзевым і апазіцыйным асяроддзі не мае. Атрымлівае фінансаванне з боку Адміністрацыі прэзідэнта Расіі, саюзнай дзяржавы, магчыма, Фонда Гарчакова».

Кірыл Коктыш

«У сярэдзіне 2000-х прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў, але апошнія 10 гадоў адстойвае пункт гледжання афіцыйнага Мінска. Часта робіць у публічнай прасторы ўкіды па замове з Беларусі. Добра інфармаваны. Перадае атрыманую ад суразмоўцаў інфармацыю ў КДБ Беларусі. Дастаткова адэкватны і вельмі хітры. Карыстаецца аўтарытэтам у беларускіх недзяржаўных і дзяржаўных СМІ, апазіцыйных колах», — расказваюць пра дацэнта МГІМО.

Ігар Марзалюк

Добрых характарыстык не дачакаўся і парламентар Марзалюк. «Надзвычай агрэсіўны, ганарысты.

Любімчык Лукашэнкі. Мае схаваныя прэзідэнцкія амбіцыі. Этнічны нацыяналіст, але стараецца не афішаваць сваіх поглядаў».

Не шмат каму прыпісваюць прэзідэнцкія амбіцыі.

Пятро Пятроўскі

А вось супрацоўніка «Белай Русі» і Акадэміі навук Пятроўскага расійскі бок цэніць. «Адзін з самых эфектыўных прапагандыстаў беларускай палітыка-эканамічнай мадэлі. Праціўнік Расіі і існуючай у РФ улады.

Распальвае ў РФ сацыяльны канфлікт, бо лічыць, што змена ўлады ў Крамлі на левых уратуе незалежнасць Беларусі».

Юрый Шаўцоў

Яшчэ адзін эксперт, якога прынята лічыць прарасійскім. «Набліжаны да Адміністрацыі прэзідэнта РБ. Беларускі шавініст і нацыяналіст. Аўтар тэорыі аб наданні Мінску функцыі новага цэнтра «зборкі» ўсходніх славян пасля правалу Масквы і Кіева. У апошні час актыўны ў Маскве, шукае фінансаванне».

Аляксандр Шпакоўскі

Гэтаму чалавеку ўспамінаецца ягонае «ўльтранацыяналістычнае» мінулае ў складзе «Правага альянсу».

«Погляды цалкам нацыяналістычныя, у духу Лукашэнкі: Расія — гэта сыравінавы прыдатак эфектыўнай Беларусі, Расіі патрабуецца кантроль і акультурванне з боку беларусаў.

Дастаткова інфармаваны, эрудыраваны, у дыскусіях вядзе сябе агрэсіўна. Дапускаў пагрозы фізічнага гвалту ў адрас экспертаў з Расіі».

Святлана Алексіевіч

«Карыстаецца аўтарытэтам у значнай частцы беларускага грамадства. Яе выказванні аб бягучай сітуацыі ў Расіі агульнавядомыя, але яна часта выдумляе небыліцы, якіх ніколі насамрэч не было. У цэлым да Расіі ставіцца станоўча. Вельмі тактоўная і любіць душэўныя размовы», — расказваюць пра Алексіевіч.

Павел Данейка

Эканаміст, дырэктар цэнтра Beroc. «Выключна асцярожны і хітры, умее знайсці сваю выгаду ў любой сітуацыі.

Да Расіі ставіцца як да непазбежнага зла, якое трэба ўлічваць».

Андрэй Дзмітрыеў

Мабыць, кіраўнік «Гавары праўду» не дужа абрадуецца ад прачытанага.

«Цесна супрацоўнічае з КДБ, падчас арышту зліў дадзеныя сваіх паплечнікаў пасля чаго стаў нерукапацісканым у апазіцыйным асяроддзі. Айчым — генерал ФСБ РФ (памёр), маці жыве ў Расіі.

Лідар «Гавары праўду», якое фінансуецца з ЗША і нейкі час атрымлівала фінансаванне з Масквы. Агучвае выгадныя беларускім уладам ініцыятывы. Мае прэзідэнцкія амбіцыі. У дастатковай ступені канструктыўна, але не дамоваздольны, у дыялогах па-майстэрску падстройваецца пад погляды і настроі суразмоўцы».

Андрэй Елісееў

Адзін з відавочных фэйлаў стваральніка гэтага дапаможніка.

Елісееў, які апошнім часам шмат піша пра інфармацыйную і не толькі небяспеку з боку Расіі, чамусьці пазіцыянуецца, як «прыхільнік супрацоўніцтва з РФ». Можна было б падумаць, што яго з кімсьці паблыталі, але біяграфія адпавядае праўдзе.

Вадзім Ялфімаў

Публіцыст, супрацоўнік журфака БДУ. Часта выступае на дзяржаўных тэлеканалах. «З ім варта завязаць супрацоўніцтва. Ён цалкам адэкватны, і ствараецца ўражанне, што ён гатовы сысці ад Лукашэнкі».

Святлана Калінкіна

«Піша яркія тэксты на злобу дня. Доўгі час да РФ была настроеная лаяльна, але пасля з ёй папрацавалі беларускія спецслужбы. Фінансуецца цяпер з Польшчы. Мае аўтарытэт у апазіцыйных і журналісцкіх колах.

Небяспечная, ідэалагічна нетрывалая, выключна практычная (сквапная на грошы)», — пішуць пра Калінкіну.

Вольга Карач

Лідарку «Нашага дома» расійскія аўтары таксама бачаць як патэнцыйную саюзніцу. «Выступае за цесныя адносіны з РФ. Неаднаразова выступала на мерапрыемствах у Расіі. Мае прэзідэнцкія амбіыцыі. Па стане здароўя большую частку часу праводзіць у Вільні. У 2016 годзе асудзіла арышт журналістаў «Рэгнума» за што яе цкавалі журналісты недзяржаўных СМІ і некаторыя апазіцыйныя палітыкі. Любіць займацца гендарнай тэматыкай».

Анатоль Лябедзька

«Меў вельмі добрыя адносіны з Барысам Нямцовым і СПС. Да адносінаў з Расіяй ставіцца досыць лаяльна, але адначасова баіцца Масквы», — пішуць пра былога старшыню АГП.

Уладзімір Мацкевіч

«Любіць разважаць пра будучыню Беларусі, расійска-беларускіх адносінах. Дастаткова эрудзіраваны і эгацэнтрычны.

Жорсткі этнічны нацыяналіст («Расія — вораг»). Часам неадэкватны».

Мікалай Статкевіч

«Асабісты вораг Лукашэнкі. Вулічны баец. У стасунках дастаткова адэкватны. Да Расіі ставіцца досыць нейтральна, але публічна, як адзін з лідараў апазіцыі, дапускае выпады ў бок РФ.

Збіраўся пісаць ліст прэзідэнту Расіі з просьбай пазбавіць Беларусь ад Лукашэнкі. Плануе ўдзел у новых прэзідэнцкіх выбарах».

Аляксандр Фядута

«Карыстаецца аўтарытэтам у недзяржаўных СМІ і апазіыцыйных асяродках. Да Расіі ставіцца лаяльна. Пушкініст. Выключна амбіцыйны».

Арцём Шрайбман

«Піша яркія і дастаткова аб’ектыўныя артыкулы. Карыстаецца папулярнасцю сярод чытачоў tut.by. Іншым разам дазваляе хамскія выпады ў дачыненні да апанентаў. Звязаны з беларускім МЗС і КДБ», — так напісалі пра калумніста tut.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?