25 верасня ў прасторы ZAL#2 менскага Палаца мастацтваў адбудзецца шэраг мерапрыемстваў Прэміі імя Ежы Гедройца, фіналам якіх стане ганараванне сёлетніх лаўрэатаў.

А 16.00 распачнецца дыскусія «Культура як геапалітыка: вектары спадчыны Ежы Гедройца» з удзелам польскіх і беларускіх інтэлектуалаў.

Постаць рэдактара легендарнай «Культуры», ягоны ўплыў на сучасную культуру і палітычную думку абмяркуюць першы намеснік амбасадара Рэспублікі Польшча ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, журналістка Марыя Пшэломец, Ігар Бабкоў, празаік, паэт, філосаф, куратар «Беларускага Калегіюму», лаўрэат Прэміі Ежы Гедройца, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Таццяна Нядбай, галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў», старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. Мадэратар дыскусіі — Андрэй Хадановіч.

З 19.00 пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца.

Як і летась, да павелічэння прызавога фонду за І месца далучыліся прадстаўнікі айчыннага бізнэсу.

Сёлета мэцэнатамі лаўрэата сталіся адвакацкае бюро «Бараўцоў і Салей» і Прыватнае прадпрыемства «Тэрасофт». Прызам за ІІ месца ад Саюза беларускіх пісьменнікаў будзе творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на востраве Готланд (Швецыя). Фундатарам ІІІ месца Прэміі Гедройца сёлета выступае Беларуская служба Радыё Свабода, якая гарантуе выпуск аўдыякнігі прызёра.

Падчас цырымоніі ўпершыню будзе ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Нобелеўская лаўрэатка зробіць свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст. Прызам стане тэлефон iPhone Xr.

Музычнае суправаджэнне цырымоніі забяспечыць гурт VIBECLUB.

У кароткі спіс Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі:

  • «Поўня» Міхала Андрасюка,
  • «Садомская яблыня» Алены Брава,
  • «Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы,
  • «Libido» Іллі Сіна,
  • «Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай,
  • «Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы. 

Склад журы Прэміі Гедройца:

  • Максім Жбанкоў, культуролаг, крытык, эсэіст;
  • Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца;
  • Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў;
  • Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца;
  • Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменікаў;
  • Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.

Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі.

Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012), Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» (2013), Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014), Віктар Казько, «Час збіраць косці» (2015), Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016), Зміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017), Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0