Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі звярнуліся да літоўскага ўраду з просьбай пахаваць аднаго з лідараў паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага ў Беларусі.

Гэта выклікала бурныя дыскусіі ў інтэрнэце. Адны падтрымліваюць прапанову, іншыя лічаць, што месцам пахавання Каліноўскага мусіць стаць Вільня.

«НН» спытала дэпутата Палаты прадстаўнікоў, вядомага гісторыка і археолага Ігара Марзалюка, што ён думае на гэты конт.

«Мяне здзіўляе пазіцыя тых, хто хоча пераносіць парэшткі Каліноўскага ў Мінск. На помніку ў Вільні ў абавязковым парадку мусіць быць надпіс па-беларуску. Справа ў тым, што Каліноўскі — заснавальнік той рэгіянальнай беларускай тоеснасці, якая ўвасобілася ў каталіцкім руху.

Усе тыя, хто апелююць да Уніі [маецца на ўвазе Брэсцкая царкоўная ўнія — «НН»], да каталіцызму — гэта прамыя спадкаемцы Каліноўскага. Беларускі каталіцкі нацыяналізм без Каліноўскага немагчымы.

Каліноўскага, безумоўна, пры ўсім жаданні ці нежаданні немагчыма выкінуць з беларускага гістарычнага дыскурсу. Каліноўскі пачынаў тую дзейнасць, якая потым увасобіцца ў асобах ксяндза Адама Станкевіча, хрысціянска-дэмакратычнай «Крыніцы» і іншых дзеячоў беларускага каталіцкага руху. Для беларускай каталіцкай субкультуры Каліноўскі — гэта выток той міфалагемы і ідэалагемы, якую яны культывуюць да сёння, з усімі пазітыўнымі і негатыўнымі момантамі.

Заслуга Каліноўскага, што ён найперш апеляваў да гродзенскіх сялян, называючы іх «мужыкі, браты мае родныя». Нельга адмаўляць і ўсе ягоныя сацыялістычныя і камуністычныя ідэалы.

Я лічу, што Каліноўскага чапаць не трэба, калі мы ўспрымаем Беларусь як сакральную, сімвальную, ментальную прастору. Я катэгарычна супраць нейкіх зменаў межаў, якія існуюць сёння. Але прызнанне тэрытарыяльных межаў Рэспублікі Беларусь, з майго пункту гледжання, не азначае, што мы павінны вывучаць гісторыю краіны ў сучасных межах.

Каліноўскі працаваў у сімвальнай культуры Вільні. Віленскі край, з беларускім, беларускамоўным, каталіцкім насельніцтвам, як і Гродзеншчына, былі інтэгральнай складовай часткай нашай гісторыі.

Як і Вільня была абсалютным фундаментальным момантам і слупом беларускага руху, з якой вынікла гістарычная «Наша Ніва» і мноства іншых нашых выданняў. Мой прадзед набываў кнігі ў Вільні ў друкарні пана Марціна Кухты.

Я не магу зразумець, навошта Каліноўскага пераносіць. Ён быў «Яськам Гаспадаром з-пад Вільні», ён змагаўся там. Я лічу, што ён заснавальнік краёвай ідэнтычнасці і краёвай ідэі. Для яго і пальшчызна была сваёй, і беларушчына. Гэта дзве душы яго цела. Пляваць, зневажаць Каліноўскага — няправільна.

У Вільні, у калысцы беларускай нацыянальнай тоеснасці, у месцы, дзе быў Скарына, мусіць застацца і Каліноўскі. Ён мусіць быць пахаваны на могілках Росы, побач са сваімі.

Мяне здзіўляюць беларускія «патрыёты», якія лічаць, што Каліноўскага трэба пераносіць. А ён што, у замежжы загінуў? На эміграцыі? Мы яго што, з Амерыкі пераносім, з Расіі? Ён памёр на зямлі, якую лічу інтэгральнай складовай часткай сваёй радзімы. Якія пытанні?

Ён патрыёт і грамадзянін трох сучасных народаў. Для кагосьці ён «польскі Рабесп’ер», для кагосьці ён — пачынальнік беларускага каталіцкага руху, для кагосьці — проста беларускі патрыёт, а для кагосьці — грамадзянін гістарычнай Літвы. Дык давайце не будзем яго чапаць.

Калі гэта сапраўды Каліноўскі, то ён мусіць быць пахаваны ў тым горадзе, які ён любіў. Калі я хаця б раз на год не бываю ў Вільні, то я хварэю душой.

І першае, што я раблю: я іду пешшу ад чыгуначнага вакзала па civitas ruthenica, па горадзе русінаў, па беларускай частцы Вільні. Я дакранаюся да кожнага храма, а потым падымаюся на гару Гедыміна. Гэта маё, і гэта ніколі ніякія межы не знішчаць.

Я заўсёды лічыў, лічу і буду лічыць, што мы пабудавалі Беларусь у сучасных межах, але тэрытарыяльныя межы і этнічныя межы — гэта розныя рэчы. Для таго, каб зразумець Беларусь ад XIV стагоддзя да 1940 года, трэба ведаць і чуць Вільню. І гэта не тэрытарыяльная прэтэнзія — гэта проста канстатацыя факту. Для нас гэта горад нашай мары. Горад, дзе мой далёкі сваяк Уладзімір Жылка жыў і пісаў свае вершы.

Вільня — гэта «крывіцкая Мека». І не мару ні пра які перадзел мяжы, але калі я прыязджаю туды, то іду ў Базыліянскія муры, іду ў Ніжні замак, падымаюся на гару Гедыміна. Я помню, як дзед яшчэ ў СССР вучыў мяне ісці пад Вострай Брамай, здымаючы шапку. Гэты край інтэгральна неаддзельны ад нашай культуры».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?