16.02.2009 / 12:12

Ці аб’яднаюцца Беларусь і Ўкраіна супраць «Газпрому»? 1

Супраца ў Балта‑Чарнаморскім рэгіёне не заменіць інтэграцыі ў Эўрасаюз. Піша Сяргей Богдан.

Супраца ў Балта‑Чарнаморскім рэгіёне не заменіць інтэграцыі ў Эўрасаюз. Піша Сяргей Богдан.

Сустрэча Лукашэнкі і Юшчанкі ў Чарнігаве выклікала хвалю ацэнак, што Лукашэнка пачынае ажыццяўляць колішнія пляны БНФ. Але нічога ня можа быць больш далёкім ад рэальнасьці, чым думка пра магчымасьць чарнаморска‑балтыйскай інтэграцыі або якогасьці «транзытнага хаўрусу».

Практыка паказвае, што

цесная міждзяржаўная супраца, пагатоў інтэграцыя, паміж былымі савецкімі рэспублікамі на дадзеным этапе іх палітычнага разьвіцьця немагчымая.
Яскравым прыкладам можа служыць СНД, дзе дамоўленасьці часьцей не выконваліся, чым выконваліся ад самага заснаваньня Садружнасьці.

Па іншыя прыклады няўдалай інтэграцыі на постсавецкай прасторы далёка хадзіць ня трэба – ЭўрАзЭС, Дамова аб калектыўнай бясьпецы, ГУАМ дый нават саюз Беларусі і Расеі. Ніводнага прыкладу пасьпяховай інтэграцыі на абшары былога СССР няма.

Такая самая сытуацыя і з былымі краінамі Ўсходняга Блёку. Усе яны хутка адышлі ад сярэднеўрапейскіх летуценьняў ды пачалі інтэграцыю ў рамках схемы Эўразьвязу. Менавіта ЭЗ дапамог наладзіць мірнае суіснаваньне і супрацу сярэдне‑ і ўсходнеэўрапейцаў міжсобку. Бо самі яны зрабіць гэта не далі рады.

Узгадненьне палітыкі дзяржаваў магчымае пры наяўнасьці трох умоваў.

Па‑першае, паміж кіраўніцтвам краін павінен існаваць высокі ровень даверу.
Замяніць яго можа відавочнае дамінаваньне адной зь дзяржаў, якія каардынуюць палітыку. Але ў выпадку Беларусі, Украіны й Балтыі ніводзін бок ня мае вырашальнай перавагі над іншым.
Па‑другое, павінна існаваць высокая культура выкананьня дамоўленасьцяў.
Па‑трэцяе, дзяржавы, што спрабуюць аб’яднаць свае намаганьні, мусяць валодаць пэўнымі матэрыяльнымі рэсурсамі, што дазвалялі б ім з упэўненасьцю праводзіць палітыку,
разьлічаную ня толькі на выжываньне тут і сёньня, а і на далёкую пэрспэктыву. Бедныя краіны не яднаюцца. Удалыя прыклады міждзяржаўнай супрацы ці нават інтэграцыі – гэта Эўразьвяз, паўночнаамэрыканская НАФТА ды нафтавы ОПЕК, а не Афрыканскі Зьвяз ці заходнеазіяцкая Арганізацыя эканамічнай супрацы.

Чаму так? Бо бедныя краіны ня маюць магчымасьці ахвяраваць дзеля хаўрусу сёньняшнімі ўласнымі меншымі выгодамі дзеля заўтрашніх (хай сабе і большых) супольных. Калі толькі нейкі праціўнік яднаньня прапануе нейкай зь іх нейкія спакусьлівыя даброты, яе ўрад зь лёгкасьцю пагодзіцца пакінуць інтэграцыйныя мары. Прыкладаў таму ў Трэцім сьвеце шмат (ад Малі і Сэнэгалу да Сырыі і Эгіпту). Ні Беларусь, ні Ўкраіна ня маюць пад сабой адпаведнай грунтоўнай матэрыяльнай базы.

Ёсьць і іншы аспэкт, які трэба ўлічваць пры канструяваньні геапалітычных схемаў – гэта процідзеяньне апанэнтаў. «Газпром«, ня кажучы ўжо пра расейскі ўрад, мае шмат магчымасьцяў, каб супрацьдзейнічаць узгадненьню пазыцый Беларусі і Ўкраіны. Ня трэба забывацца і на тое, што гульні з газавай трубой не спадабаюцца і тым, хто сядзіць на процілеглым баку трубы – эўрапейскім.

Заходнеэўрапейскія палітычныя эліты зацікаўленыя ў дывэрсыфікацыі паставак, што мае на ўвазе ня толькі дывэрсыфікацыю крыніцаў здабычы, але і шляхоў транзыту. І любое сур’ёзнае варушэньне ў напрамку транзытнага хаўрусу, спроба ўдвух стаць «значным гульцом на транзытным напрамку» (Юшчанка), будзе ўспрынятае як пагроза дывэрсыфікацыі.

Гэта супрацьпастаўляе Беларусь і Ўкраіну Эўразьвязу, пагражае іх пэрспэктывам далучэньня самога Эўразьвязу ды НАТО. Альтэрнатывай жа да ЭЗ і НАТО магло б быць ці ўласнае інтэграцыйнае аб’яднаньне (даволі малаверагодны варыянт, зважаючы на вышэйзгаданыя абставіны) або вяртаньне ў расейскую сфэру ўплыву.

Нават калі такім краінам як Беларусь і Ўкраіна ўдасца наладзіць супрацу па транзыце расейскіх энэрганосьбітаў на Захад, час, які спатрэбіцца гэтым краінам, каб наладзіць эфэктыўную супрацу будзе, хутчэй за ўсё больш чым дастатковым, каб «Газпром» (разам з ЭЗ ці безь яго) знайшоў шляхі вырашэньня «беларуска‑ўкраінскай праблемы». Прыкладам, праз пабудову новых газаправодаў у абыход нашых краінаў.

«Транзытны хаўрус» можа стаць рэальнасьцю толькі калі яго арганізацыяй зоймецца ЭЗ, як такі, а не асобныя яго балтыйскія чальцы.
Аднак гэта будзе ўжо не Чарнаморска‑балтыйскі хаўрус Антона Луцкевіча ці Зянона Пазьняка, а проста кампанэнт «Усходняга вымярэньня» ЭЗ.

Сяргей Богдан

0
EU / Адказаць
16.02.2009 / 19:49
О Великий ЕвросоюзЪ, помози нам! Евросоюз - единственно возможная высшая форма организации жизни государств. Под предводительством Евросоюза мы пойдем к нашему светлому будущему.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру