Найлепшыя шматсерыйныя стужкі, якія можна ўбачыць у сярэдзіне восені. У нашым спісе будуць як прэм’еры, так і серыялы, якія вяртаюцца ў эфір пасля перапынку.

«Містэр Робат» (Mr. Robot)

Драма, тэхнатрылер. ЗША, 4-ы сезон

Эліят Алдэрсан — малады сацыяпат. Ён кібер-інжынер, які днём працуе на кампанію па інфармацыйнай бяспецы, а ўначы займаецца хакерствам. Эліят пакутуе ад дэпрэсіі, параноі і нарказалежнасці, што ўвесь час ускладняе ягонае жыццё.

Галоўны герой верыць у тэорыю змовы. Аднойчы, патрапіўшы ў хакерскую суполку, ён разам з камандай спрабуе ўзламаць усю сістэму самай буйной карпарацыі, дзеля вызвалення ўсіх жыхароў ад крэдытаў і пазык…

Фактычна Алдэрсан — гэта такі супергерой нашага часу, які не ўмее лятаць і біцца, але добра разбіраецца ў тэхналогіях, з дапамогай якіх гатовы абараніць іншых. Для гэтага яму зусім не абавязкова выходзіць з дому і сутыкацца са злом твар у твар.

«Хадзячыя мерцвякі» (The Walking Dead)

Зомбі-апакаліпсіс, драма. ЗША, 10-ы сезон

Адзін з самых папулярных серыялаў сучаснасці падышоў да свайго сканчэння. У цэнтры серыяла аповед пра памочніка шэрыфа Рыка Граймса, які разам са сваёй сям’ёй застаецца адным з нямногіх, хто выжыў пасля таго, як з магіл паўсталі мерцвякі. Граймс разам з групай ацалелых падарожнічае ў пошуках бяспечнага месца. Кожны дзень яго чакаюць новыя выпрабаванні і балансаванні на мяжы жыцця і смерці.

«Хадзячыя мерцвякі» набылі сваю папулярнасць праз дынамічнасць і яркасць сюжэта, а таксама праз жорсткасць, якая балансуе на мяжы дазволенага. Зомбі — гэта папулярны сюжэт сучаснай маскультуры. І няхай некаторыя і мяркуюць, што з кожным новым сезонам, серыял пачынаў гнісці, усё адно цікава пабачыць, чым жа ўсё гэта нарэшце скончыцца.

«Галіяф» (Goliath)

Юрыдычная драма. ЗША, 1-ы сезон

Галоўны герой — адвакат-няўдачнік Білі Макбрайд. Калісьці ён быў сузаснавальнікам буйной адвакацкай канторы, але ў нейкі момант жыццё паляцела сабаку пад хвост. Цяпер Макбрайд разведзены, жыве ў матэлі, глушыць літрамі алкаголь, а таксама перабіваецца выпадковымі справамі.

Такі стан рэчаў працягваецца да той пары, пакуль Білі не падварочваецца справа ўсяго жыцця — таямнічая смерць маладога супрацоўніка абарончага прадпрыемства. Супрацьстаяць Білі ў гэтай справе будзе ягоны колішні кампаньён — Дональд Куперман.

Варта адзначыць бліскучую ігру Білі Бобі Торнтана — выканаўцы галоўнай ролі. Менавіта ён атрымаў «Залаты глобус» за найлепшую мужчынскую ролю ў серыялах за 2017 год.

«Кацярына Вялікая» (Catherine the Great)

Біяграфія. Вялікабрытанія, 1-ы сезон

У Брытаніі колькі гадоў таму з вялікім поспехам прайшлі прэм’еры серыялаў «Вікторыя» (пра каралеву Вікторыю) і «Карона» (пра каралеву Лізавету ІІ). Гэтым разам жа брытанскія кінематаграфісты вырашылі стварыць фільм пра расійскую імператрыцу. У свеце для многіх Кацярына ІІ з’яўляецца эталонам жанчыны ў палітыцы. Канцлерка Германіі Ангела Меркель прызнавалася, што захапляецца расійскай кіраўніцай.

У час кіравання Кацярыны Расійская імперыя значна пашырыла свае межы. Мы ведаем, што адбылося гэта ў тым ліку і праз падзелы Рэчы Паспалітай. Цікава, як у серыяле будзе паказаная гэтая старонка гісторыі? Ці знойдзецца там месца Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і Тадэвушу Касцюшку? Мяркуючы па ўсім, на серыял стваральнікі не пашкадавалі грошай: будуць там і палацавыя інтрыгі і маштабныя вайсковыя сцэны.

«Вартавыя» (Watchmen)

Супергеройская драма. ЗША, 1-ы сезон

Падзеі адбываюцца ў наш час у альтэрнатыўнай рэальнасці ў ЗША. У гэтай краіне няма мабільнікаў і інтэрнэту, а краінай ужо 27 гадоў кіруе дыктатар Роберт Рэдфард. Пасля таго, як радыкальная правая секта нападае на дамы паліцэйскіх, уся паліцыя пачынае насіць жоўтыя павязкі на тварах.

У гэтай краіне супергероі і мсціўцы былі абвешчаныя па-за законам, але некаторыя з іх усё ж збіраюцца разам, каб пачаць рэвалюцыю. Іншыя будуць ім у гэтым замінаць. Карацей, на гарызонце замаячыў чарговы канец свету. Класічны такі супергеройскі кактэйль, аматары павінны ацаніць.

Глядзі таксама: Пяць серыялаў, якія варта глядзець у жніўні

Пяць серыялаў, якія варта паглядзець у верасні

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?