Сяргей Багдашоў, асуджаны летась за крадзяжы і дзёрзкія ўцёкі з ізалятара, даў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ. Гутарыў ён з прэсай у СІЗА, дзе чакае новага судовага працэсу. Багдашова будуць судзіць за забойства і разбойны напад на запраўку, паведамляе Tut.by.

Сяргей Багдашоў. Скрыншот відэа АНТ.

Сяргей Багдашоў. Скрыншот відэа АНТ.

Сяргей Багдашоў доўгі час зарабляў крадзяжамі, адначасна збіраючы вялікі арсенал зброі — абрэз, пара пісталетаў, аўтамат Калашнікава, дэтанатары. Часам ён пускаў зброю ў справу. 8 чэрвеня 2007 года ён абрабаваў запраўку ва Уздзенскім раёне. Паводле яго слоў, супрацоўніца запраўкі ўчапілася ў яго, і для таго, каб жанчына яго адпусціла, ён ударыў яе ручкай пісталета па галаве. У гэтым злачынстве Багдашоў прызнаўся толькі сёлета.

Зброю Багдашоў заўсёды купляў у аднаго і таго ж чалавека, аўтарытэта з групы «Пасялковых». У 2007 годзе ў нейкі момант яму здаліся падазронымі пытанні прадаўца. Багдашоў вырашыў вывезці аўтарытэта ў зацішнае месца і дапытаць з катаваннем, але допыт скончыўся смерцю прадаўца зброі.

— Я яго з машыны вывалак, ударыў, і ён упаў, потым нагой яшчэ яго ўдарыў. Затрэсла яго, ён задыхаў глыбока, а потым страціў прытомнасць. Потым у яго спынілася дыханне, і я зразумеў, што ўсё на гэтым, — прызнаўся Багдашоў журналістам.

Гэтае забойства зараз расследуецца, Багдашова чакае новы суд. Прызнацца ў зробленым, паводле яго слоў, мужчыну прымусіла вера ў Бога.

40-гадовы ўраджэнец Магілёўскай вобласці Сяргей Багдашоў 29 мая 2009 года, знаходзячыся ў камеры ізалятара часовага ўтрымання ў будынку суда Жодзіна, куды быў дастаўлены ў якасці абвінавачанага на судовае паседжанне па крымінальнай справе, збіў начальніка ізалятара, завалодаў табельнай зброяй і ўцёк з-пад варты. За пабег асудзілі начальніка ізалятара, які канваяваў Багдашова — яму далі чатыры гады «хіміі».

У Смалявіцкім раёне Багдашоў скраў Cadillac, на якім з'ехаў у Расію. Да гэтага ён зарабляў крадзяжамі ювелірных вырабаў, апаратуры і інструмента з катэджаў, а таксама крадзежам дарагіх машын, за што і быў асуджаны.

Злодзей паспяхова «гастраляваў» па Мінскай і Віцебскай абласцях, але, нягледзячы на ​​паталагічнае шанцаванне і асцярожнасць (працаваў у пальчатках, абутак пасля кожнага крадзяжу мяняў), кола вакол яго сціскалася. За некалькі месяцаў да затрымання Багдашоў быў зафіксаваны камерай знешняга назірання ва Уздзе, калі здымаў з банкамата грошы па выкрадзенай картцы.

Яго затрымалі ў верасні 2008 года, на той момант Багдашоў падазраваўся больш чым у дзесяці крадзяжах. Пасля аказалася, што іх, толькі даказаных следствам, каля паўсотні. Прычыненая шкода за няпоўныя тры гады (2006-2008) склала амаль мільён рублёў.

Пасля ўцёкаў з жодзінскага суда Багдашоў пачаў «гастраляваць» па Пскоўскай вобласці, дзе абкрадаў элітныя дамы. Затрымалі Багдашова, абвешчанага ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола, толькі ў ліпені 2014 года ў Падмаскоўі. У гэтым праваахоўным органам дапамог звычайны плот, за які зачапіўся злачынец. Развілася гангрэна, і нагу прыйшлося ампутаваць.

Адсутнасць нагі не перашкодзіла яму спрабаваць яшчэ раз збегчы з-пад варты. У 2015 годзе ён напаў на канваіраў ў будынку Пскоўскага суда. Багдашоў, які рухаўся яшчэ на мыліцах, штурхнуў супрацоўніка паліцыі, а затым ударыў у твар другога канваіра. У якасці зброі інвалід выкарыстаў ручку са стрыжнем мацавання, якую ён адкруціў ад мыліцы. Праўда, сам ён сваю віну ў нападзе на канвой адмаўляў. Паводле яго слоў, ручка мыліцы сама выскачыла, мыліца ўпала, ён страціў раўнавагу, адскочыў убок супрацоўніка канвою і схапіўся за яго, каб не ўпасці, а паліцэйскі, маўляў, сам параніўся аб кайданкі.

У Расіі яго прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі, пасля чаго перадалі ў Беларусь, дзе яго чакаў суд за крадзяжы і ўцёкі з-пад варты. У 2018 годзе яго прысудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?