Памерла цешча Лукашэнкі, якую ён лічыў «другім чалавекам пасля маці»
Пасля цяжкай хваробы памерла Алена Жаўняровіч, цешча Аляксандра Лукашэнкі, які называў яе «другім чалавекам пасля маці». Ёй было 90 гадоў.
Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі жыхары вёскі Вялікі Мяжнік Шклоўскага раёна, дзе яна правяла амаль усё жыццё.

Алена Жаўняровіч нарадзілася ў Вялікім Межніку. Нейкі час жыла на Вілейшчыне, але пасля смерці бацькоў вярнулася ў родную хату разам з мужам Радзівонам (выхадцам з Брэста, памёр у 1983 годзе).
Некалькі дзесяцігоддзяў яна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, пасля намесніцай дырэктара ў школе ў суседняй Александрыі.
Выгадавала дачок Галіну і Тамару.

У пачатку 1970-ых дзевяцікласніца Галіна пачала сустракацца з дзесяцікласнікам Аляксандрам Лукашэнкам, вучнем той жа школы. Пасля яны сталі мужам і жонкай.
Кіраўнік краіны расказваў у інтэрв'ю пра свае блізкія адносіны з цешчай:
«Фёдараўна для мяне — сябар чалавека, як я ёй заўсёды кажу. (…) Гэта для мяне другі чалавек пасля маці. Калі б не яна, то я прэзідэнтам бы не быў».
Калі ў 1990-я Аляксандр Лукашэнка пераехаў у Мінск, жонка Галіна засталася на малой радзіме. Яны так і не развяліся.
У Алены Жаўняровіч пыталіся, ці не шкада ёй дачку. «Не. Ён [Аляксандр Лукашэнка] дапамагае ёй, паважае, лічыць яе прыстойнай жанчынай, самастойнай», — адказвала яна.

Каментары