Радыё Польшча
Беларусы сталі больш актыўна афармляць карту паляка: за апошнія тры гады яе атрымала ўжо больш за 55 тысяч чалавек, у той час як за папярэднія 8 гадоў карту аформілі больш за 75 тысяч чалавек, паведамляе Tut.by са спасылкай на «Rzeczpospolita».
Па стане на канец верасня 2019 года карту паляка атрымалі амаль 137 тысяч грамадзян Беларусі: 131 770 чалавек - у Беларусі, 5376 беларусаў здалі экзамен на карту ў польскім Беластоку, яшчэ 1,5 тысячы заяў знаходзяцца на разглядзе.
Карту паляка пачалі выдаваць у 2008 годзе.
Магчыма, што растучая цікавасць да карты абумоўлена прывілеямі, якія з'явіліся пасля паправак 2016 года: яе ўладальнікі цяпер могуць бясплатна атрымаць карту пастаяннага пражывання, а праз год — польскае грамадзянства. Таксама яны могуць разлічваць на дапамогу ў адаптацыі, у тым ліку грашовыя дапамогі для пакрыцця выдаткаў і пражыванне на тэрмін да дзевяці месяцаў, суфінансаванне арэнды кватэры, бясплатныя інтэнсіўнае вывучэнне польскай мовы або прафесійныя курсы.