У той дзень кіроўца Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Васіль Шурмялёў працаваў у другую змену на маршруце №15. Па звычцы адкрыў акенца, калі ў яго пагрукалі. Але замест грошай на куплю талона яму працягнулі салідны кашалёк, сказаўшы, што знайшлі яго ў салоне, распавядае «Гродзенская праўда».

У тралейбусным упраўленні распрацавана інструкцыя, згодна з якой усё згубленае ў салоне перадаецца дыспетчару. За 27 гадоў працы кіроўцам Васіль не раз прывозіў у парк згубленыя рэчы, часцей за ўсё парасоны, сумачкі, пакеты з рэчамі. Калі ў дыспетчарскай раскрылі кашалёк, то перш за ўсё ўбачылі грошы — 500 даляраў ЗША, дзве банкаўскія пластыкавыя карткі і пасведчанне студэнта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Менавіта з дапамогай студэнцкага білета ўдалося хутка знайсці гаспадара згубленага гаманца. Ім аказаўся жыхар Рэспублікі Шры-Ланка.

Прыехаў студэнт у тралейбуснае ўпраўленне са сваім сябрам-земляком. На жаль, рускую мову яны толькі пачалі вывучаць, затое ад душы дзякавалі на роднай сінгальскай мове, атрымаўшы кашалёк.

— Лічым, што гэта мужчынскі ўчынак нашага работніка, — пракаментаваў выпадак дырэктар Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення Віктар Шарэйка. — І мы абавязкова заахвоцім такі ўчынак нашага ветэрана Васіля Шурмялёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0