На Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» здымаюць індыйскі баявік «Атрад», паведамляе БелТА.

Баявік «Атрад», праца над якім у Беларусі пачалася 23 верасня, — гэта буйны камерцыйны праект міжнароднага маштабу, дзе нацыянальная кінастудыя выступае ў ролі генеральнага падрадчыка здымак і максімальна задзейнічана ў працэсе, расказаў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі.

«Гэта сур'ёзны, дарагі і складанапастановачны праект. У здымках задзейнічаны вялікія сілы кінастудыі, у тым ліку значная каманда нашых спецыялістаў — ад рэжысёраў-пастаноўшчыкаў і аператараў да касцюмераў і тэхгрупы. Прыцягнутыя іншыя падрадчыкі ў асобе вайскоўцаў, ваенная тэхніка, верталёты, самалёты. Працуе і вялікая група беларускіх каскадзёраў, — растлумачыў ён. — Прыехалі да нас інвестары з Індыі і іншых краін. За месяц трэба зняць вялікі аб'ём, таму здымкі ідуць не па восем гадзін, а па 14-16».

Па словах Уладзіміра Карачэўскага, індыйскі праект цікавы і важны як з пункту гледжання эканомікі, так і міжнародных кантактаў і далейшай перспектывы.

Баявік будзе пра мужчыну з атрада спецыяльнага прызначэння, які ратуе маленькую дзяўчынку.

Па сюжэце галоўныя героі — Бім і Арыя — прафесійныя салдаты, якія разам са спецатрадам павінны выратаваць 7-гадовую Мімі. У кожнага персанажа свая гісторыя, якую пакажуць у пачатку фільма. Не абыдзецца стужка без рамантычнай лініі і традыцыйных індыйскіх танцаў — іх таксама выканаюць беларусы.

Здымкі індыйскага фільма «Атрад» на «Беларусьфільме» будуць працягвацца да 25 кастрычніка. Выхад баевіка на вялікія экраны Індыі і Еўропы запланаваны на красавік 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0