Уязную вежу Старога каралеўскага замка ў Гродне ўпрыгожаць партрэтамі гістарычных асоб, гербамі і ўзорамі. Над дэкорам цяпер працуе група мінскіх мастакоў-манументалістаў, паведамілі на СТБ.

Роспіс выконваюць у тэхніцы сграфіта — гэта разьба па сырой тынкоўцы. Такі спосаб вядомы яшчэ з часоў Сярэднявечча. Праца складаная — трэба акуратна пластамі выкласці каляровую тынкоўку і з ювелірнай дакладнасцю, пакуль не застыў матэрыял, выразаць аб’ёмныя малюнкі і арнамент — і ўсё гэта на вышыні каля 14 метраў.

Мастакі зараз працуюць над 14 партрэтамі рымскіх імператараў, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх — за аснову ўзятыя гістарычныя факты. Вежу таксама ўпрыгожаць львы, грыфоны, кветкавыя і фруктовыя гірлянды.

— Унізе таксама будуць выкарыстоўвацца і па сценах шмат усялякіх арнаментаў. Уваходная кампазіцыя — там будуць выкарыстоўвацца дзве сцэны — гэта ўезд у Ерусалім і ўезд у Гродна. Тут будзе каля 300 квадратаў сграфіта. Усё, вядома, у гэтым годзе наўрад ці мы паспеем, таму работы будуць перанесены яшчэ і на вясну, — кажа Васіль Зянько, старшыня манументальнай секцыі Беларускага саюза мастакоў.

Рэканструкцыя Старога замка працягваецца з 2017 года. За аснову праекта ўзятая адзіная гравюра з выявай замка 16 стагоддзя, якая захавалася. У планах да канца года завяршыць узвядзенне вежы і камяніцы, уставіць вокны і прыступіць да ўнутранага аздаблення. Зараз ідзе зборка каркаса купала ўязной вежы. У хуткім часе яго пачнуць пакрываць меддзю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0