Чым бліжэй канец, тым часцей пачынаюць здзіўляць тыя, ад каго гэтага чакаеш менш за ўсё. «Віцебск» перамог у другой гульні запар і заскочыў у першую палову табліцы, а перамогі «Дняпра» ды «Энергетыка-БДУ» апусцілі на перадапошні радок «Гомель».

Пра выйгрыш «студэнтаў» варта расказаць асобна. Тыя проста паздзекаваліся з «Мінска» і перамаглі з лікам 6:1. Форвард Ілля Шкурын аформіў покер і стаў найлепшым бамбардзірам усяго першынства. 

Ілля Шкурын. Фота: ФК «Энергетык-БДУ».

Ілля Шкурын. Фота: ФК «Энергетык-БДУ».

Гульня паміж мінскім «Дынама» і «Шахцёрам» цалкам апраўдала статус матча тура. У першым тайме госці змаглі пераўтварыць дамінаванне на полі ў гол, а Сяргей Гурэнка быў так моцна незадаволены судзействам, што атрымаў чырвоную картку і быў вымушаны даглядаць гульню на трыбунах. У другой палове імпэт «Шахцёра» некуды знік, і заведзеныя «дынамаўцы» змаглі зраўняць лік. У гонцы за чэмпіёнства салігорцы працягваюць губляць важныя турнірныя балы.

А цяпер — да падзей 24 тура.

«Гарадзея» — «Мінск»

«Цукровыя» вельмі стабільна крочаць па дыстанцыі. У апошніх 16 турах «Гарадзея» прайграла толькі двойчы, і тое — БАТЭ і брэсцкаму «Дынама».

Пры ўсёй магчымай сімпатыі да гульні «Мінска», назваць яе стабільнай проста немагчыма. Пакуль падначаленыя Андрэя Разіна могуць адчуваць сябе ў турнірнай бяспецы, але расслабляцца пад канец чэмпіянату не варта.

Прагноз «НН»: «Гарадзея» пераможа.

«Слуцк» — БАТЭ

  • 05.10, 15:00. Слуцк, стадыён «Гарадскі».
  • Матч першага круга — 0:3

У «Слуцка» зноў восеньская хандра. Каманда Віталя Паўлава пасля бадзёрага летняга адрэзку прайграла тры апошнія гульні. Летась такая серыя зацягнулася ажно на дзевяць матчаў, таму трэба тэрмінова рабіць карэкціроўкі.

БАТЭ ў мінулым туры мінімальна перамог дома ў «Нёмана». Мог і буйней, але Мукам не забіў пенальці. У Слуцку ж барысаўцам звычайна гуляць няпроста, аднойчы яны там нават прайгралі, таму нягледзячы на ўсе праблемы «Слуцка» балы ў чэмпіёнскай гонцы проста давацца не будуць.

Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.

«Шахцёр» — «Тарпеда-БелАЗ»

  • 05.10, 18:00. Салігорск, стадыён «Будаўнік».
  • Матч першага круга — 1:0

Новы трэнер жодзінцаў Юрый Пунтус абазначыў мэтай сваёй каманды на канец сезона чацвёрты радок табліцы, на якім цяпер знаходзіцца мінскае «Дынама». Фора паміж камандамі — 3 балы, плюс у «бела-сініх» ёсць яшчэ гульня у запасе.

«Шахцёр» згуляў другі матч запар унічыю і працягнуў аддаляцца ад першага радка. Ёсць імавернасць, што ў гульні з «Тарпеда», якое набірае ход, гэта непрыемная тэндэнцыя можа працягнуцца.

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Нёман» — «Дынама-Брэст»

  • 05.10, 20:45. Гродна, ЦСК «Нёман».
  • Матч першага круга — 1:6

Першае заходняе дэрбі ў сезоне скончылася разгромам гарадзенцаў з непрыстойным лікам.

«Нёман» сёлета змагаецца хутчэй супраць унутраных праблем, чым супраць канкурэнтаў. Таму чакаць рэваншу і ўзмацнення чэмпіёнскай інтрыгі, здаецца, не варта.

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

«Іслач» — «Дынама-Мінск»

  • 06.10, 14:00. Стадыён ФК «Мінск».
  • Матч першага круга — 0:1

«Іслач» прайграла ў Віцебску і адстала ад пятага радка на 4 балы. «Ваўкам» на пяты наступае больш стабільная «Гарадзея», а па праграме — матч супраць моцнага мінскага «Дынама».

У апошняй гульні быў выдалены Сяргей Гурэнка. Як паўплывае на «Дынама» адсутнасць трэнера? Фота: ФК «Дынама-Мінск».

У апошняй гульні быў выдалены Сяргей Гурэнка. Як паўплывае на «Дынама» адсутнасць трэнера? Фота: ФК «Дынама-Мінск».

Мінчукі ж таксама ў складанай сітуацыі: іх даганяе «Тарпеда-БелАЗ», і любыя страты балаў могуць пакінуць «Дынама» без патэнцыйна еўракубкавага чацвёртага радка.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Энергетык-БДУ» — «Віцебск»

  • 06.10, 16:00. Мінск, РЦАР-БДУ.
  • Матч першага круга — 0:3

У апошнім матчы форвард «студэнтаў» Ілля Шкурын забіў чатыры мячы. Цікава, што зімой Шкурын быў вымушаны выкупіць за 40 тысяч даляраў свой кантракт у «Віцебска», бо не бачыў у гэтым клубе перспектывы.

Як бачна, такі крок быў цалкам апраўданы. Ці працягне сваю галявую серыю Шкурын у гульні супраць свайго роднага клуба?

Прагноз «НН»: «Віцебск» не прайграе. 

«Гомель» — «Дняпро»

  • 06.10, 18:00. Гомель, стадыён «Цэнтральны».
  • Матч першага круга — 1:1

Як любяць казаць, матч за 6 балаў.

Калі пераможа «Гомель», ён выкараскаецца з зоны вылету. Калі пераможа «Дняпро», то адарвецца ад перадапошняга радка ажно на 4 балы.

Летась каманда Біёнчыка (тады гэта быў «Прамень») правяла даволі моцную канцоўку чэмпіянату. Магчыма, і цяпер атрымаецца?

Прагноз «НН»: «Дняпро» не прайграе. 

У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала мазырскай «Славіі». 

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?