Аташэ Расіі па пытаннях абароны, герой Расіі Раман Спірыдонаў больш не працуе ў пасольстве ў Мінску.

Інфармацыя пра гэта з'явілася ў тэлеграм-канале журналіста «Нашай Нівы» Арцёма Гарбацэвіча.

У пасольстве Расіі пацвярджаюць, што Спірыдонаў больш не працуе, афіцыйная прычына — «сканчэнне камандзіроўкі». Калі будзе пераемнік і па якой прычыне ён не прызначаецца, у пасольстве не тлумачаць. 

Крыніцы «НН» сцвярджаюць, што справа звязаная з падазрэннямі ў шпіянажы.

Беларускі МЗС сітуацыю пакуль не каментуе. 

Раман Спірыдонаў

Раман Спірыдонаў

Раман Спірыдонаў нарадзіўся ў 1973 у Алматы ў сям'і вайскоўца. Удзельнічаў у вайне ў Чачні. У 1995 годзе падчас адной з аперацый трапіў у засаду. Камандзір роты быў паранены, таму Спірыдонаў узяў кіраўніцтва ў свае рукі і прарваў акружэнне. За гэта атрымаў званне героя Расіі.

Перад тым, як трапіць у Мінск, працаваў у Францыі. Французская прэса звязвала ягонае імя са скандаламі вакол Марын Лё Пэн, якая, як выявілася, атрымлівала фінансавую падтрымку ад расійскіх структур. 

У Беларусь Спірыдонаў прыехаў з камандай адыёзнага пасла Міхаіла Бабіча. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?