У Бярозаўскім раённым судзе пачаўся працэс у гучнай справе аб аварыі, у якой загінулі трое дзяцей і двое дарослых. 7 ліпеня ў канал пад Белаазёрскам уляцеў «Мэрсэдэс», у якім было ажно 10 чалавек. Выратаваліся 5 дарослых, у тым ліку кіроўца Андрэй Букраба, піша Радыё Свабода.

Цяпер яго вінавацяць ў парушэньні правілаў дарожнага руху, у выніку чаго загінулі 5 чалавек. Кіроўцу пагражае да 10 гадоў зьняволеньня.

«Спрабаваў напісаць лісты, павініцца»

Андрэй Букраба адразу прызнаў віну па ўсіх пунктах. Прызнаўся, што быў нецьвярозы (экспэртыза паказала, што на момант аварыі ў яго крыві было 1,59 праміле алькаголю), што перавысіў хуткасьць (ехаў па грунтовай дарозе ўздоўж канала амаль 90 кілямэтраў на гадзіну), што не ўлічыў асаблівасьці дарожнай абстаноўкі (рэзкі паварот) і дазволіў сесьці ў аўтамабіль (у ягоным кіраваньні быў дарагі Mersedes GL) больш як 4 пасажырам. Двое зь іх памясьціліся ў багажніку ўнівэрсала — паводле Андрэя Букрабы, ён сам адчыніў ім заднія дзьверы.

«Так, прызнаю віну цалкам», — сказаў падсудны ў самым пачатку допыту. Але чаму ўсё так адбылося, палумачыць ня можа. Сьцьвярджае, што ў той дзень, 7 ліпеня, ня браў у рот сьпіртнога, а тыя 1,59 праміле, якія знайшлі ў ягонай крыві, засталіся ад ужываньня піва і гарэлкі ўвечары 6 ліпеня.

«Тады выпіў 1,5-2 літры піва і 200 грамаў гарэлкі. Піва піў у хаце, а гарэлку зь сябрам у горадзе. Да ночы вярнуўся дамоў і адпачываў. За руль сеў каля 9 раніцы», — паведаміў суду Андрэй Букраба. Гэты расповед падсуднага ў залі быў сустрэты гулам — сваякі і сябры пацярпелых у вэрсію пра 1,5 літра піва і 200 грамаў гарэлкі ня вераць. Судзьдзя мусіла прасіць цішыні ў зале.

Пра момант, калі аўтамабіль, на якім Букраба вёз з дачнага пасёлка «Яблынька» 9 пасажыраў і паляцеў у канал, ён успамінае вельмі нешматслоўна. Пагаджаецца, што нішто не перашкаджала — было сьветла, ведаў дарогу. Але чаму гэтак пагнаў і чаму сваечасова не прытармазіў перад паваротам, ня ведае. Урэшце пасьля некалькіх пытаньняў пракурора выкладае такую вэрсію: усё сышлося — і хуткасьць, і асаблівасьці дарогі, і тое, што машына была перагружаная. Свой асабісты стан у той момант Букраба ацаніў як нармальны.

«Я пасьпела двойчы крыкнуць «Андрэй, тармазі!» І ўсё, мы валімся ў канал»

Іншай выглядае вэрсія здарэньня з вуснаў пацярпелай Кацярыны Быцко. Яе 4-гадовая дачка і 9-гадовы сын ня выплылі з патанулага аўтамабіля. Кацярына пацьвердзіла словы Букрабы, што ён ня піў у той дзень. Ва ўсякім разе на лецішчы, куды прыехаў, каб адвезьці ўсю кампанію за горад.

«А мы пілі піва», — сказала пра ўжываньне сьпіртнога на лецішчы Кацярына. Паводле яе, Андрэй Букраба выглядаў нармальна, «усё было добра». Яна ня чула, каб ён пярэчыў прапанове паехаць з дачы (гаспадары заставаліся) усёй кампаніяй гасьцей на адным аўтамабілі.

«Селі нармальна, памясьціліся ўсе, машына вялікая. Дзяцей узялі на рукі. Я не прышпілялася. Ехалі спачатку добра, а потым, як паехалі ўздоўж канала, усё хутчэй і хутчэй. Я занепакоілася, сказала, каб цішэй ехаў. Ён не спыняўся, тады яшчэ пасьпела двойчы крыкнуць, каб тармазіў. І ўсё. Машына звальваецца ўбок і мы валімся ў канал», — са сьлязьмі расказала Кацярына.

Далейшы яе аповед з залі было чуваць урыўкамі. Памятае, як убачыла дачку на падлозе аўтамабіля, вады тады было ўжо па пояс. Пацягнулася за малой, але тут яе вадой пацягнула назад (усе, хто выратаваўся, выбраліся празь дзьверы ў багажніку).

Кацярына памятае, як ўсплыла на паверхню, ўбачыла над галавой сонца, але яе зноў пацягнула на дно. Торба і вопратка перашкаджалі плыць. Калі выбралася на бераг, паводле пацярпелай, там сядзеў Андрэй Букраба і не спрабаваў дапамагчы ратаваць дзяцей.

Сам кіроўца на допыце казаў, што, як аддыхаўся, то таксама спрабаваў ныраць, але «не хапала паветра, нават не дастаў да аўтамабіля». Так гэта ці не, магчыма, стане вядома пасьля допыту сьведак.

Якога пакараньня просіце да падсуднага?

Паводле закону пацярпелы можа выказаць суду сваю думку пра тое, як варта пакараць вінаватага. Такое пытаньне суд задаваў Кацярыне Быцко, а пасьля яе Валянціну Бернацкаму (брату загінулай Ірыны Бернацкай) і Ірыне Талсьцяк, маці загінулага Паўла Талсьцяка.

Усе пацярпелыя выказаліся за самае жорсткае пакараньне, якое дазваляе закон. Слухаць Кацярыну Быцко было асабліва цяжка. Маладая жанчына павярнулася да жалезнай клеткі, у якой трымаюць падсуднага, і сказала, што патапіла б яго ці расстраляла, калі б такое было магчыма, бо ён «зламаў усё яе жыцьцё».

Як раней стала вядома ад Андрэя Букрабы, зь СІЗА ён пісаў лісты пацярпелым, у якіх прасіў яму дараваць, бо «гэта здарылася не наўмысна». Але Кацярына Быцко адвергла гэтыя лісты.

«Лепш бы ты і не пісаў, я нічому ня веру, напісаў пад дыктоўку тое, што трэба. Прападзі з майго жыцьця», — кінула пацярпелая ў вочы падсуднага.

Маці загінула Паўла Тоўсціка Ірына выказалася гэтак: «Ён паказваў, што гаспадар жыцьця, што яму ўсё дазволена». Паводле жанчыны, якая і ў суд прыйшла з жалобным шалікам, яна рабіла заўвагу сыну за сяброўства з Андрэем Букрабам. «Яму самому не казала, а сыну казала. Што гэты прыяжджае да іх дому ўвесь час з гучнай музыкай і ніколі ня сьцішыць. Што дэманструе непавагу на навакольных». Карані здарэньня, якое адбылося 7 ліпеня на канале, паводле Ірыны Талсьцяк, у такіх паводзінах падсуднага.

Паводле паказаньняў Кацярыны Быцко, Андрэй Букраба «піў усю ноч», і ў гэтым трэба шукаць асноўную прычыну ягоных паводзін за рулём. Ёй пра гэта расказаў мясцовы таксіст, які вазіў нецьвярозага хлопца зь сябрам па горадзе да 6 раніцы.

Адвакат падсуднага Андрэя Букрабы агучыў зьвесткі, што ў пачатку верасьня пацярпелым ў справе былі пералічаныя грашовыя сродкі ў якасьці падтрымкі: 2, 4 і 4 тысячы рублёў.

Бацька Андрэя Букрабы адмовіўся гаварыць з карэспандэнтам Свабоды. «Ніякіх камэнтароў даваць ня буду».

Працэс у Бярозаўскім судзе адновіцца 10 кастрычніка. Паводле сакратара суду, на працэсе заслухаюць сьведак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?