Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе, які адбываецца ў Маніле (Філіпіны) 1—5 кастрычніка, выказала занепакоенасць працяглай стыгматызацыяй беларускай мовы ў Беларусі, дзе ўлады ўжо амаль тры дзесяцігоддзі імкнуцца замацаваць дамінаванне расейскай мовы.

«Некалькі гадзін таму 85 Кангрэс Міжнароднага ПЭНа прыняў прапанаваную Беларускім ПЭНам рэзалюцыю адносна беларускай мовы. Мы вельмі добра разумеем: на рэзалюцыі праца не заканчваецца, а толькі пачынаецца. Беларускі ПЭН у кансорцыўме з іншымі беларускімі арганізацыямі працуе над супольнай кампаніяй па адвакатаванні беларускай мовы. І тут такая падтрымка [Кангрэса] нязвыкла істотная, бо часта менавіта знешні інтарэс дазваляе заставацца ў тонусе інтарэсу ўнутранаму — на ўсіх узроўнях», — каментуе падзею старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай.

У закліку ПЭНу адзначаецца, што ўлады цураюцца беларускай мовы. На афіцыйным узроўні ўсе законы напісаныя па-расейску. Абмяжоўваецца доступ да адукацыі на беларускай мове: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску, а ў краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. У Беларусі 85 % кніг выдаюцца па-расейску.

У той жа час беларускія СМІ не могуць платна прасоўваць уласны відэакантэнт на сваіх жа «YouTube»-каналах, бо «Google Ads» не падтрымлівае беларускай мовы. Гэта сур’ёзна ўплывае на эфектыўнасць спробаў пашырэння глядацкай аўдыторыі ды распаўсюду пэўнай і спраўджанай інфармацыі.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу заклікае Беларусь дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай.

Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭН-клубу заклікае «Google» ды іншыя інтэрнэт-платформы: прызнаць беларускую мову і забяспечыць беларусам магчымасць выказвацца і свабодна камунікаваць з прадстаўнікамі ўласных супольнасцяў ды іншымі людзьмі на беларускай мове.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0