04.10.2019 / 12:14

Папяровыя анкеты — толькі на крайні выпадак. Як працуюць стацыянарныя ўчасткі па перапісе насельніцтва 4

Сёння, 4 кастрычніка, пачалі працаваць стацыянарныя ўчасткі перапісу насельніцтва. Яны знаходзяцца ў школах, бібліятэках, ЖКГ, палацах культуры — бліжэйшы да вас можна паглядзець на сайце Белстата. Перапісацца можна ў любым незалежна ад месца прапіскі.

На адзін з такіх сталічных участкаў мы прыйшлі а 9-й раніцы. У пакоі — тры перапісчыкі. На стале ляжыць некалькі папяровых анкет і асадак, але гэта на крайні выпадак — адказы адразу ўводзяцца на планшэце. Запісвае іх сам перапісчык: як патлумачылі на ўчастку, перапісчык нясе адказнасць за планшэт, таму не перадае яго ў чужыя рукі.

Анкету выбіраю беларускамоўную. Спачатку ідуць пытанні пра месца нараджэння і жыхарства, плошчу кватэры, сямейнае становішча. Для жанчын 18-49 гадоў ёсць дадатковы пункт пра тое, ці плануюць яны нараджаць дзяцей і калі так, то колькі.

Цікавяцца таксама, у чыёй уласнасці жыллё — ніякіх прозвішчаў называць не трэба, толькі пазначыць дзяржаўная гэта ці прыватная маёмасць.

Некалькі пытанняў тычацца адукацыі (з новаўвядзенняў — цікавяцца, ці атрымлівалі вы дадатковую адукацыю), працы (напрыклад, калі месца работы няма і вы яго не шукаеце, то спытаюць чаму) і асноўных крыніц сродкаў да існавання (самазанятасць, пенсія, пазыкі, на ўтрыманні іншай асобы). Пра рэлігію пытанняў няма.

Акрамя грамадзянства, у анкеце просяць пазначыць нацыянальнасць (этнічную прыналежнасць), да якой сябе адносіш, але гэты пункт па жаданні. Таксама трэба запісаць родную мову і тую, на якой звычайна размаўляеш дома. «Беларуская» стаіць першым варыянтам.

Анкету запаўняю за 10 хвілін. Праўда, з першага раза яна не адправілася — планшэт даў збой. З другога разу ўсё прайшло нармальна.

Адзін нюанс. Маё прозвішча і імя хоць і запісалі па-беларуску, але ў рускамоўнай раскладцы — без «і» і «ў». У прэс-службе Белстата пасля патлумачылі, што гэта памылковая выпадковасць: беларускамоўная раскладка на планшэце таксама ўсталявана.

Калі ў вас ёсць сельскагаспадарчы ўчастак, на перапіс спатрэбіцца крыху больш часу, каб адказаць на дадатковыя пытанні пра плошчу надзелу і колькасць яблынь, кустоў агрэсту, кароў і страусаў.

Я, дарэчы, была не адзінай, хто прыйшоў на перапіс ранкам першага дня. Літаральна праз пару хвілін, як адкрыўся ўчастак, запоўніць анкету зайшоў сталы мужчына, што жыве побач.

Наталля Лубнеўская, фота Надзеі Бужан

1
счётчик Гейгера / Адказаць
04.10.2019 / 14:31
Акрамя грамадзянства, у анкеце просяць пазначыць нацыянальнасць (этнічную прыналежнасць), да якой сябе адносіш, але гэты пункт па жаданні.
https://nn.by/?c=ar&i=238537

Вот и есть ответ на бурную дискуссию на сайте НН о карте Поляка. Диктатор здесь сделал всё правильно, причём очень аккуратно, пунк па жаданню.
Главное, чтобы мы узнали реальные результаты переписи, а не скорректированные БЕЛСТАТОМ или диктатором...
1
Матёрый / Адказаць
04.10.2019 / 19:08
Не понемаю. Если кто то уехал. Не открыл дверь. Что дальш?! Таких может быть сотни.
2
Алег С. / Адказаць
04.10.2019 / 20:12
А сайт перапісу так і глючыць, ці выправілі? 
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру