Скрыпка з музея ў вёсцы Гарадзец Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, нібыта вырабленая вялікім італьянскім майстрам Антоніо Страдывары, аказалася падробкай.
Пра гэта сведчаць вынікі экспертызы, праведзенай спецыялістамі Дзяржаўнага музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі, паведаміла БелаПАН дырэктар музея Зінаіда Кучар.

Нагадаем, экспертызу скрыпкі, знойдзенай у вясковым музеі восенню 2008 года, было вырашана правесці пасля таго, як унутры корпуса інструмента было знойдзена кляймо з імем Антоніо Страдывары і датай вырабу — 1723 або 1725 год. Экспертыза праходзіла паводле замовы Міністэрства культуры.

Як паведаміла З.Кучар, скрыпку з музея ў Гарадцы можна аднесці да гэтак званых трафейных інструментаў. Пасля Вялікай Айчыннай вайны беларусы вывезлі з Еўропы шмат такіх скрыпак. На гэтым інструменце, лічыць эксперт, ігралі на вясковых святах. Як правіла, трафейныя скрыпкі былі выраблены на еўрапейскіх мануфактурах у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў паводле ўзору інструментаў вядомых майстроў.

Скрыпка з музея ў вёсцы Гарадзец, вызначыла экспертыза, выраблена ў пачатку ХХ стагоддзя, і цяпер яна «ў вельмі дрэнным стане». Як лічыць спецыяліст, кошт інструмента не перавышае 100 долараў.

З.Кучар зазначыла, што ў хуткім часе музей правядзе экспертызу яшчэ адной скрыпкі, знойдзенай на мытні ў Гродне. Дэталі здарэння цяпер расследуюцца камітэтам па арганізаванай злачыннасці і карупцыі па Гродзенскай вобласці Міністэрства ўнутраных спраў. Паводле папярэдняй ацэнкі, гэты інструмент таксама заводскай вытворчасці. Скрыпка ў выдатным стане, і яе кошт можа складаць прыблізна 500 долараў.

Паводле слоў спецыяліста, замовы на экспертызу скрыпак паступаюць у музей прыкладна чатыры‑пяць разоў на год. Дагэтуль інструментаў, аўтарства якіх належыць вялікім майстрам, у Беларусі не знаходзілася. «Сёння знайсці добрую скрыпку ў Беларусі складана, бо ўсе яны на спецыяльным уліку», — зазначыла З.Кучар.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0