У перыяд калядных святкаванняў прадстаўнікі Таварыства беларускай школы ладзілі гасцявыя рэйды ў мінскія школы і садкі, у якіх вядзецца навучанне і выхаванне на беларускай мове. Асноўная мэта іх — маральная падтрымка педагогаў у іх нялёгкай справе, калядныя віншаванні, ганараванне дыпломамі ТБШ за прафесійнае майстэрства і выхаванне нацыянальнай свядомасці будучых актыўных грамадзян незалежнай Беларусі, уручэнне невялікіх падарункаў.

Да фармавання падарункаў далучыліся розныя грамадскія арганізацыі.

Цэнтр «Супольнасць» падараваў школам шматлікія метадычныя дапаможнікі, літаратуру па грамадзянскай адукацыі, а таксама запісаў адмысловы DVD дыск «Гадуем беларусаў», у які ўвайшлі сцэнары дзіцячых святаў, гульні, метадычныя матэрыялы па краязнаўстве і этнашколе, песенькі для маленькіх, аўдыёкнігі, казкі, чытанкі, мультфільмы, мастацкія фільмы і шмат чаго карыснага для настаўніцкай працы.

Грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» прэзентавала настаўнікам гістарычныя кнігі.

Аб’яднанне бацькоў з Беласточчыны «АБ‑БА» падаравала кожнай школе беларускую азбуку — каляровы набор літар алфавіту, які стварыла выдатная беларуская настаўніца з Беластоку Аліна Ваўранюк.

Беларуская школка ў Нью‑Йорку і культурна‑адукацыйная фундацыя Орса‑Рамана дапамаглі сфармаваць для кожнага беларускага садочка наборы дыскаў і касетаў з мультфільмамі, казкамі, песенькамі, а настаўнікам яны перадалі кнігі беларускіх класікаў: Янкі Купалы, Васіля Быкава, Ніла Гілевіча і іншых.

А кампанія «Будзьма!» дапамагла аздобіць падарункі адмысловымі торбачкамі, віншавальнымі паштоўкамі. Ад імя ТБШ педагогаў віншавалі Алесь Лозка, старшыня, і Тамара Мацкевіч, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання.

Нягледзячы на перадкалядныя турботы, а таксама бясконцыя рэформы, праверкі, бюракратычныя патрабаванні, школьныя і дашкольныя ўстановы з задавальненнем віталі гасцей з падарункамі і віншаваннямі. У сярэдняй школе г.Мінску, №60 (К.Лібхнета, 82), дзе арганізавана навучанне па‑беларуску ва ўсіх класах, гасцей весяліў традыцыйнымі песнямі калядны гурт школьнікаў з «зоркай» і «казой». Падарункі і дыпломы ТБШ атрымалі настаўнікі гісторыі Людміла Крыловіч і Аксана Хахлова, якія шмат намаганняў надаюць краязнаўчай працы.

Плённая размова адбылася ў сталічнай гімназіі №14 (Васняцова, 10), дзе сёлета ў чатырох першых беларускіх класах навучаецца 84 вучні (дарэчы, падобны вялікі набор адбыўся яшчэ толькі ў гімназіі №4).

Дарэчы, у гімназіі №14 працуе знакамітая настаўніца хіміі Тэрэса Іванаўна Мятліцкая, якая сёлета па выніках усіх выпрабаванняў стала пераможцай конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі» ў намінацыі «Настаўнік».

Ганараванні ад ТБШ атрымалі Марыя Гарохава, намеснік дырэктара, Дзмітрый Ровенскі, кіраўнік узорнага фальклорнага ансамблю «Дударыкі», Святлана Собаль, загадчык бібліятэкі, Наталля Шурдзякова, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

У гімназіі №23, што размясцілася на праспекце Незалежнасці, былі ганараваныя разам з дырэктарам Нінай Нікіцінай у асноўным выкладчыкі, якія развіваюць у дзяцей мастацкія здольнасці (спевы, танцы, выцінанка і г.д.). Гэта Алена Туміловіч, Вікторыя Бельчанка, Наталля Гамаюнава, Ірына Моніна. Але настаўніцкі калектыў гімназіі унікальны. Тут працуюць выдатныя філолагі, лінгвісты, якія выкладаюць шведскую, кітайскую, польскую ды англійскую мовы па‑беларуску.

У гімназіі №9 г. Мінска ганараванне адбылося падчас педагагічнай нарады, на якой прысутнічалі ўсе настаўнікі. Дыпломы атрымалі філолагі Марына Янчэўская, Інэса Андрыянава, а таксама дырэктарка — Ларыса Апалінская.

Сёлета мінскай СШ №2 нададзены статус гімназіі (№28). Усе класы тут маюць беларускую мову навучання, гімназія спецыялізуецца на вывучэнні замежных моваў. Вялікая заслуга ў гэтым, безумоўна, былога дырэктара Аляксандра Сядзякі — намесніка старшыні ТБШ, выдатнага выкладчыка фізікі, які за свае педагагічныя, лінгвістычныя таленты і грамадзянскую працу атрымаў ад ураду Францыі ордэн Акадэмічных пальмаў. ТБШ узнагародзіла выкладчыкаў гімназіі № 28 Таццяну Куракевіч (пачатковыя класы), Вольгу Грышкевіч, Наталлю Штанюк і Наталлю Дабравольскую (беларуская мова).

У гімназіі №4, якой кіруе пераможца конкурсу ТБШ, лаўрэат звання «Беларускі настаўнік 2007 году» Юры Бандарэнка, сёлета адзначана праца выкладчыкаў Алены Калтовіч (беларуская мова), Уладзіміра Дземідовіча (гісторыя), Кацярыны Богдан (пачатковыя класы), Ірыны Дземідовіч (англійская мова), а таксама намеснікаў дырэктара Наталлі Юшкевіч і Галіны Філіпёнак.

Дзіцячым садкам №187, дзе гадуюцца 4 групы беларускамоўных дзетак, і №534, што мае аж 12 беларускіх груп, вельмі пашанцавала з загадчыкамі. Гэта адчуваецца адразу, калі ўваходзіш у дашкольныя ўстановы. Кіраўнікі іх — Тацяна Юрчык і Ларыса Урулёва — атрымалі дыпломы ТБШ не здарма. Пра такіх кажуць, што яны аддаюць працы ўсю душу. Загадчыкі здолелі не толькі знайсці найлепшых выхавацеляў для дзетак, зрабіць музеі, знайсці сучаснае абсталяванне, гульнёвыя сродкі, нават зрабіць жывы куточак з хамячком і чарапашкамі, але і пасяліць беларускі дух у свае садочкі. Дарэчы, самая вялікая ў рэспубліцы беларуская ДДУ №534 размешчана ў адным мікрараёне з самай вялікай роднамоўнай гімназіяй №4. А вось з падобным суседствам садку №187 не пашанцавала, няма побач беларускай школкі. Шкада, што кіраўніцтва Савецкага РАА не валодае станоўчым педагагічным досведам у гэтай справе. Каб вырашыць праблему, не патрэбна шукаць дзяцей у адзін беларускамоўны першы клас рускай установы ў неспрыяльны перыяд нацыянальнага забвення, а зрабіць рашэнне — прымаць толькі ў першыя класы з беларускай мовай навучання хоць адной у СШ раёну.

Дыпломамі ТБШ таксама былі ўзнагароджаныя Наталля Анішчук, Ларыса Баброва, Марына Салавей (выхавацелі ДДУ №187), Святлана Купрэйчык, Галіна Грыгор’ева, Аксана Шкрэдава, Галіна Кішкурна, Святлана Занімон (выхавацелі ДДУ №534), Ірына Юркевіч, (загадчык ДДУ №202) і выхавацелі Наталля Рак і Тацяна Тарлоўская. Яшчэ два гады таму назад і сад №202 лічыўся поўнасцю беларускім, а цяпер тут ужо толькі дзве групы, а наагул у сталіцы калісь было 170 беларускамоўных груп…

Са звальненнем з пасады сапраўднага лідэра ўстановы паступова забываецца слава раней прызнаных цэнтраў беларускасці — ДДУ №367 (экс‑загадчыца Галіна Прыма), №314 (экс‑загадчыца Раіса Слясарчык) і інш.

Поспехаў і надалей вам, сапраўдныя Настаўнікі, непахіснай веры ў светлую будучыню Беларусі.

Тамара Мацкевіч, Алесь Лозка

 Калектыў садка №202 трымаецца роднай мовы.

Калектыў садка №202 трымаецца роднай мовы.

 Гімназія №23 - флгаман беларускамоўнага навучання. На фота - намесніца дырэктаркі Галіна Полудзень.

Гімназія №23 - флгаман беларускамоўнага навучання. На фота - намесніца дырэктаркі Галіна Полудзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0