16.11.2019 / 12:10

110 дэпутатаў, якія трапяць у парламент, — праверце спіс пасля выбараў канчатковы прагноз «НН» 55

Да парламенцкіх выбараў застаецца ўсяго нічога, і спрагназаваць «пераможцаў» у большасці акругаў не складае ніякай цяжкасці. 

Аналізуючы спіс кандыдатаў у дэпутаты і іх пасады, лёгка прадказаць будучых дэпутатаў. Важная не папулярнасць ці якасць кампаніі — важная пасада.

«НН» прапануе свой прагноз. І спіс тых 110 дэпутатаў, якіх 18 лістапада мы ўбачым у новым скліканні парламента. Праверце наш прагноз пасля выбараў.

Брэсцкая-Заходняя акруга №1

Леанід Брыч. Фота «Брестская газета».

Фаварыт відавочны — гэта дэпутат Палаты прадстаўнікоў Леанід Брыч, які з’яўляецца намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы. Брычу 60 гадоў, родам ён з Драгічынскага раёна. Па адукацыі — інжынер-тэхнолаг. Прадстаўляе канапную Беларускую патрыятычную партыю.

Абноўлена: супернікаў у яго не засталося. З гонкі знялі блогера, фермера і праціўніка акумулятарнага завода Аляксандр Кабанаў, які прадстаўляў Аб'яднаную грамадзянскую партыю, а таксама Паліну Шарэнду-Панасюк, якая жорстка крытыкавала ўлады.

Чытайце. Брэсцкая кандыдатка ў тэлевыступе назвала Лукашэнку дыктатарам. І яе знялі з выбараў

Брэсцкая-Цэнтральная акруга №2

Фота газеты «Зара».

Хутчэй за ўсё, вылучэнцам ад уладаў стала завуч гімназіі №2 Марына Васько. Родам яна з самога Брэста, ёй 44 гады, бацькі таксама працавалі ў сістэме адукацыі. Сама Марына Віктараўна па прафесіі — настаўніца беларускай мовы і літаратуры.

Брэсцкая-Усходняя акруга №3

Скрыншот з youtube.com.

Яшчэ адзін дзейны дэпутат — Анатоль Дашко. Уваходзіць у камісію па працы і сацыяльных пытаннях. Яму 59 гадоў, а родам з Нясвіжу. Працаваў доктарам-гінеколагам. Быў галоўным доктарам Брэсцкага радзільнага дома.

Па гэтай жа акрузе ідзе 23-гадовая настаўніца матэматыкі з вясковай школы Святлана Лысенка.

Брэсцкая-Пагранічная акруга №4

Скрыншот ctv.by.

Галоўным прэтэндэнтам бачыцца галоўны камісар Брэсцкай вобласці, гвардыі палкоўнік Яўген Зайцаў. Аднойчы вайсковы камісар Брэстычны Уладзімір Базанаў ужо станавіўся дэпутатам, а цяпер узначальвае федэрацыю футбола. Зайцаву 49 гадоў, а родам ён з Мсціслава.

Абноўлена: ягонага канкурэнта, праціўніка акумулятарнага завода, прадстаўніка АГП Уладзіміра Мароза, з выбараў знялі.

Баранавіцкая-Заходняя акруга №5

Фота vk.com.

Мабыць, кандыдатам ад улады тут ідзе начальнік баранавіцкага гараддзела МНС Ігар Хлабукін. Усё сваё жыццё ён адпрацаваў ратавальнікам. Хлабукіну 46 гадоў.

Баранавіцкая-Усходняя акруга №6

Фота з vk.com.

Тут прасоўваюць моладзь. Ад «Белай Русі» і БРСМ на выбары ідзе прарэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Павел Папко. Яму 36 гадоў. Подпісы збіраюць студэнты ВНУ.

Баранавіцкая сельская акруга №7

Фота sb.by.

Людміла Жаўнерчык — начальнік аддзела аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння Упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Да пераходу ў СК працавала ў органах МУС. Ёй 55 гадоў, выйшла замуж у 18 гадоў.

Белавежская акруга №8

Фота kamenec.by.

Жанна Стаціўка — таксама дэпутатка Палаты прадстаўнікоў. І таксама ўваходзіць у камісію па працы і сацыяльнай абароне. Ёй 51 год, родам з Камянецкага раёна (балатуецца на малой радзіме). Па адукацыі настаўніца, але будавала сабе кар’еру чыноўніцы. Прадстаўніца канапнай Партыі працы і справядлівасці.

Пружанская акруга №9

Адна з самых дзіўных акругаў.

Абноўлена: кандыдат ад улады тут не відавочны, але мясцовыя актывісты тлумачаць, што гэта галоўны ветэрынарны ўрач Аранчыцкай птушкафабрыкі Аляксандр Ляўчук. Гэта паспяховае прадпрыемства ў раёне.

Праўда, пра Леўчука не пішуць мясцовыя «Раённыя будні», а сам ён не вылучаны ад працоўнага калектыву.

Ад апазіцыі тут фермер-хадэк Міхаіл Новік, які разводзіць кароваў.

Дняпроўска-Бугская акруга №10

Фота «Драгічынскі веснік».

У гэтую акругу ўваходзяць Драгічынскі і Іванаўскі раёны. Кандыдатам №1 тут яўна бачыцца старшыня Драгічынскага раённага савета дэпутатаў Святлана Барташ. Яна мясцовая — з вёскі Салава Драгічынскага раёна. Вышэйшую адукацыю атрымлівала завочна. Працавала ў аддзеле эканомікі райвыканкама. Святлане 50 гадоў.

Па гэтай акрузе вылучыўся генерал-пагранічнік Васіль Гедзько, які калісьці ўзначальваў Інстытут памежнай службы, але падтрымкі ён не атрымаў.

Івацэвіцкая акруга №11

Фота vk.com.

Найхутчэй, што дэпутатам стане 32-гадовая БРСМаўка Наталля Голуб. Яна ўзначальвае бярозаўскую пярвічку арганізацыі. Але цікава, што вылучылася яна ўсё ж па суседняй акрузе. Калісьці яна была ініцыятарам акцыі «Падары вышыванку нованароджанаму».

Кобрынская акруга №12

Фота ikobrin.ru.

Па акрузе балатуецца дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Дземідовіч. Яму 58 гадоў, родам з Бярозаўскага раёна. У парламенце адказваў за будаўніцтва. Да пачатку палітычнай дзейнасці доўга працаваў у Кобрынскім мастацкім каледжы, у тым ліку і дырэктарам.

Лунінецкая акруга №13

Тут не зусім відавочная сітуацыя. Але хіба што найбольш імаверным кандыдатам бачыцца галоўны эканаміст «Спецжалезабетона» Анатоль Насеня. Яму 40 гадоў, па працы час у асноўным праводзіць у Мікашэвічах. Вылучэнец «Белай Русі».

Пінская гарадская акруга №14

Фота «Медыя-Палессе».

У Пінску ў дэпутаты ідзе старшыня мясцовага раённага суда Аляксандр Амельянюк. У ягоную ініцыятыўную групу ўвайшло 49 чалавек. Суддзі 55 гадоў.

Пінская сельская акруга №15

Фота «Палеская праўда».

І тут сітуацыя не самая відавочная. Хутчэй за ўсё, кандыдатка ад улады тут Валянціна Бягеба, якая ўзначальвае аздараўляльны цэнтр «Світанак». Раней яна была кіраўніцай аддзела адукацыі Пінскага райвыканкама. Калісьці рэпрэзентавала Кампартыю, цяпер ідзе як беспартыйная.

Столінская акруга №16

Фота «Медыя-Палессе».

55-гадовы дэпутат Аляксандр Бабаловіч хоча трапіць і ў новае скліканне парламента. Працаваў у сферах сельскай гаспадаркі і будаўніцтва. У парламенце таксама адказваў за жыллёвую палітыку.

Віцебская-Горкаўская акруга №17

Фота «Народныя навіны Віцебска».

Здаецца, толькі па гэтай акрузе ідзе на выбары дзейны кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі — старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Мікалайкін.

Мікалайкіну 58 гадоў, родам ён з Веткаўскага раёна. Сканчваў палітэх, працаваў інжынерам у аўтакалоне. Апошнія 10 гадоў быў  кіраўніком Віцебска.

Віцебская-Чкалаўская акруга №18

Тут сітуацыя абсалютна незразумелая была спачатку.

Абноўлена: справа ў тым, што на выбары балатаваўся намеснік дырэктара «Віцебскай ТЭЦ» Аляксандр Каплеўскі (зняўся), начальнік сектара кадравай і прававой работы філіяла «Ваенсэрвіс» Юрый Мельнікаў (знялі). Кандыдатам ад улады тут будзе дырэктарка школы №45 Таццяна Аўтухова. Яна ўжо была дэпутатам Віцебскага гарадскога савета, цяпер час пайсці на павышэнне. Па адукацыі спадарыня Таццяна настаўніца малодшых класаў.

Віцебская-Чыгуначная акруга №19

Фота «Вітебскіе весті».

На акрузе пяцёра партыйцаў, якія прадстаўляюць ад Партыі БНФ да камуністаў і ЛДПБ, а таксама прадстаўніца «рускага свету» Мірасалімавай. А дэпутаткай ад дадзенай акругі стане 33-гадовая дырэктарка «Віцебскага ўнівермага» Святлана Горваль.

Яна родам з Валожына, а вучылася ў Гродне ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. У Віцебск пераехала ў 2013 годзе. Таксама з’яўляецца дэпутаткай Віцебскага абласнога савета. На мясцовых выбарах была самай багатай кандыдаткай у Віцебску.

Віцебская-Кастрычніцкая акруга №20

Тут мяркуецца, што дэпутатам стане 50-гадовы рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Аляксей Ягораў.

Ён родам з Пскоўскай вобласці Расіі. Вучыўся ва Украіне на правазнаўцу. Быў дэканам юрыдычнага факультэта ў Полацкім універсітэце. Ад 2014 года ўзначальвае галоўную ВНУ вобласці. Праўда, сёлета ў Віцебску складалі петыцыю аб адстаўцы рэктара. Справа ў тым, што ў ягонай ВНУ дзень роднай мовы праводзілі па-руску.

Гарадоцкая акруга №21

Фота vitebsk.1prof.by

У адным з самых паўночных раёнаў Беларусі абранніцай лёсу бачыцца старшыня Віцебскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Ірына Палякова. Ёй 40 гадоў, жыве пад Віцебскам. Менавіта Палякова агучвае вынікі «бітвы за ўраджай», а таксама ўручае прызы тым работнікам, якія найбольш адзначыліся ў часе сяўбы ці жніва.

Докшыцкая акруга №22

Фота «Саюзнае веча».

Тут ясна ўсё. У акрузе балатуецца дзейны спікер Палаты прадстаўнікоў — Уладзімір Андрэйчанка. І няглядзячы на 70-гадовы ўзрост, Андрэйчанка ўсё яшчэ бадзёры і гатовы да працы. «Наша Ніва» пісала, што Андрэйчанка — адзіны ў Беларусі палітык, які на выбарах набірае галасоў нават больш за Аляксандра Лукашэнку.

Лепельская акруга №23

Фота «Віцебскія весці».

Вайсковец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Мартынаў ізноў ідзе на выбары ў Лепелі.

Яму 54 гады, родам з Віцебска. Праходзіў службу на розных пасадах. Мартынаў быў адным з тых парламентароў, які актыўна прасоўваў папраўкі ў заканадаўстве, каб адмяніць адтэрміноўкі на прызыў хлопцам, якія паступаюць вучыцца ў магістратуру.

Наваполацкая акруга №24

Дзяніс Карась — дэпутат Наваполацкага гарсавета, ён працуе начальнікам устаноўкі «Нафтана». Карась актыўнічаў у Наваполацку, то зладзіць суботнік, то пасадзіць дрэвы для жыхароў свайго мікрараёна. На «Нафтане» ён працуе ад 1996 года.

Аршанская гарадская акруга №25

Найхутчэй, што тут стаўка робіцца на загадчыцу радзільні пры Аршанскай паліклініцы Іну Крачак. У 2017 годзе яна стала «Чалавекам года на Віцебшчыне». Спачатку працавала доктарам-акушэрам, а потым і ўзначаліла мясцовую радзільню. Уваходзіць у «Белую Русь», была дэпутам мясцовага савета.

Абноўлена: па акрузе знялі блогера «Шэрага ката», ён жа Дзмітрый Казлоў, за агучванне лозунгу «Фальшывым выбарам баста».

Аршанская-Дняпроўская акруга №26

Фота з сайта Палаты прадстаўнікоў.

Ажно дзесяць кандыдатаў падало заяўкі на рэгістрацыю ў гэтай акрузе. Але зноў пераабрацца мяркуе дзейны дэпутат Віталь Чудовіч. Яму 49 гадоў, ён аршанец. Быў начальнікам лакаматыўнага дэпо ў Оршы. У парламенце таксама ўваходзіць у камітэт па прамысловасці і транспарце.

Полацкая гарадская акруга №27

Святлана Адзінцова (другая справа). Фота 0214.by.

Ад Полацка ў парламент, хутчэй за ўсё, адправяць таксама медыка. Гэта намесніца галоўнага доктара «Полацкай цэнтральнай гарадской бальніцы» Святлана Адзінцова. На мясцовых выбарах 2018 года Адзінцова была адной з найбагацейшых полацкіх прэтэндэнтак. Яе даход за 2016 год склаў больш за 23 тысячы рублёў.

Полацкая сельская акруга №28

Фота «Вітебскіе весті».

Багатая драгічынская зямля на годных людзей. Дэпутатам па гэтай акрузе мае стаць полацкі «мэр» Мікалай Шаўчук, ён паходзіць з Драгічына. Працаваў дырэктарам саўгаса ў Полацкім раёне. Апошнім часам быў старшынёй Полацкага райвыканкама.

Пастаўская акруга №29

Фота braslav-star.by.

Хоць акруга называецца Пастаўскай, але падобна, што дэпутатам стане прадстаўнік суседняга Браслаўскага раёна. 56-гадовы Павел Сільчонак з’яўляецца старшынёй Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Сенненская акруга №30

Дастаткова высокага становішча будзе дэпутат ад Сенненскага раёна — гэта намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Дубаў. Чаму ён балатуецца ў Сянне? Справа ў тым, што ад 1987 да 1997 гады ён быў пракурорам Сенненскага раёна. Яму 64 гады, родам з Уладзімірскай вобласці Расіі. Вучыўся ў БДУ на «правазнаўстве». Ад 2014 года — намеснік Аляксандра Канюка ў Генеральнай пракуратуры.

Гомельская-Юбілейная акруга №31

Фота gomel.today.

Тут у дэпутаты ідзе кіраўнік Чыгуначнага раёна Гомеля Віталь Уткін. Ён скончыў украінскую Акадэмію ўнутраных спраў. У Гомельскім аблвыканкаме працаваў ад 1993 года. Узначальваў аддзел па зваротах грамадзян. У 2014 годзе ўзначаліў адзін з раёнаў Гомеля.

Гомельская-Сельмашаўская акруга №32

Дэпутатам тут мае стаць начальнік упраўлення бяспекі Гомельскага завода ліцця і нармаляў Аляксандр Данчанка. Пра яго сталі шмат пісаць дзяржаўныя СМІ. Служыў мужчына ў віцебскім дэсанце, браў удзел у баявых дзеяннях у Афганістане. Папрацаваў у камітэце дзяржкантроля, а таксама на мытні. Ад 2014 года — на ЗЛіНе.

Гомельская-Цэнтральная акруга №33

Фота gp.by.

Дастаткова цяжкая для прагназавання акруга, але рызыкнем выказаць меркаванне, што дэпутатам тут мае стаць прадстаўнік канапнай Партыі працы і справядлівасці Андрэй Злотнікаў. Ён працуе намеснікам дэкана юрыдычнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта імя Скарыны — кузні кадраў для сілавых структур. Злотнікаў — кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт. У навуковых інтарэсах — сацыялогія спорта і здаровага ладу жыцця.

Гомельская-Савецкая акруга №34

Тут прадстаўніцай ад улады бачыцца начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Гомельскага аблвыканкама Ірына Даўгала. Ёй 52 гады, родам з Крычава, але ў першы клас пайшла ўжо ў Гомелі. Яшчэ за савецкім часам папрацавала ў камсамоле. Па адукацыі — філолаг і юрыст.

Гомельская-Прамысловая акруга №35

Па ёй у дэпутаты вырашыў пайсці яшчэ адзін работнік сферы адукацыі — дырэктар СШ №69 Гомеля Аляксандр Машкароў. Гэта адна з самых перадавых школ краіны.

Машкароў родам з Аршанскага раёна, вучыўся ў Мазырскім педзе на факультэце агульнатэхнічных дысцыплін. Ад 2005 года ён дырэктар школы. У гэтай СШ дзецям кладуць на галовы мяшэчкі з соллю, каб у іх была правільная асанка, а ў холе ўсталявалі маятнік Фуко. За такія смелыя падыходы, магчыма, Машкарова і вырашылі павысіць да дэпутата Палаты.

Гомельская-Навабеліцкая акруга №36

Цікава, што пра ўсіх гомельскіх вылучэнцаў ад улады напярэдадні выйшлі вялікія нарысы ў газеце «Гомельскія ведамасці». Загадчыца педыятрычным аддзяленнем для неданошаных дзяцей Гомельскай клінічнай бальніцы №3 Вольга Крэч тут не стала выключэннем.

Чытайце: «Жывыя чалавекі», яны ж адэпты БССР, ідуць на парламенцкія выбары па Гомелі

Гомельская сельская акруга №37

Здаецца, што прадстаўніцтва БРСМ у парламенце значна ўзрасце ў параўнанні з мінулымі скліканнямі. Найбольш відавочны кандыдат па акрузе — 33-гадовы першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Ігар Завалей. Ён адзначыўся як арганізатар палатачных лагераў «Дружба», што праходзіць у Гомельскай вобласці.

Буда-Кашалёўская акруга №38

Фота з сайта Палаты прадстаўнікоў.

На новы тэрмін ідзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Васількоў. Яму 61 год, а родам з Кармянскага раёна. Працаваў тэрапеўтам, узначальваў упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама.

Жыткавіцкая акруга №39

Фота з сайта Савета Рэспублікі.

Тут таксама чакаецца пераабранне дзейнай дэпутаткі. Ірына Кралевіч — прадстаўляе Камуністычную партыю Беларусі.

Ёй 54 гады, яна родам з Мазыра. Па адукацыі — настаўніца матэматыкі. Да Палаты прадстаўнікоў была прарэктаркай па навуковай працы Мазырскага педагагічнага ўніверсітэта імя Шамякіна. У парламенце адказвае за пытанні экалогіі і наступстваў Чарнобыльскай аварыі.

Жлобінская акруга №40

Фота ndsmi.by.

Выглядае на тое, што тут раённая вертыкаль ставіць на старшыню мясцовага савета дэпутатаў Ігар Волкава. Яму 49 гадоў, а раней Волкаў быў дырэктарам у школе №2 Жлобіна.

Калінкавіцкая акруга №41

Скрыншот з youtube.com.

Яўген Адаменка на дадзены момант з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Да гэтага ён папрацаваў старшынёй выканкамаў двух суседніх раёнаў — Мазырскага і Калінкавіцкага. Адаменку 59 гадоў, ён родам з Нараўлянскага раёна. Працаваў у сферы сельскай гаспадаркі, узначальваў калгас. Старшыня пастаяннай камісіі па сельскай гаспадарцы.

Мазырская акруга №42

Тут чацвёра кандыдатаў — і ўсе яны сябры нейкіх палітычных партый. Выглядае, што дэпутаткай тут мае стаць прадстаўніца Кампартыі, старшыня Мазырскага раённага савета дэпутатаў Валянціна Назарэнка.

Палеская акруга №43

Фота mazyr.by.

Яшчэ адзін праўладны камуніст і яшчэ адзін дзейны дэпутат Палаты — гэта Леанід Пісанік. Родам з Мазыра, яму 62 гады. Па прафесіі — вайсковец. Працаваў зампалітам у вайсковых частках. Быў старшынёй Ельскага райвыканкама. За час працы ў Палаце прадстаўнікоў нічым асабліва не адзначыўся.

Рэчыцкая акруга №44

Выглядае, што дэпутатам па гэтай акрузе стане зусім немедыйная асоба, тэхнар — начальнік нафтаздабываючага ўпраўлення «Рэчыцанафта» Сяргей Стэльмашок. Яму 48 гадоў.

Рагачоўская акруга №45

Фаварытам бачыцца дырэктар Гомельскай абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі НАН Сяргей Краўцоў. Ён вылучаны як пры дапамозе збору подпісаў, гэтак і ад працоўнага калектыва. Гэта вылучае большасць «кандыдатаў улады».

Цікава, што Краўцова падтрымаў мясцовы апазіцыянер з неадназначнай рэпутацыяй Дзяніс Дашкевіч, які нават увайшоў у ініцыятыўную групу кандыдата.

Светлагорская акруга №46

Часам складваецца ўражанне, што ніжняя палата беларускага парламента проста створаная для прэміравання начальства з сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Ад улады па Светлагорску ідзе галоўны доктар раённай бальніцы Ігар Таўтын. Сёлета ён звяртаўся да жыхароў горада з просьбай дапамагчы з рамонтам установы, бо грошай у бальніцы папросту не было. Цяпер жа Таўтын, найхутчэй, з’едзе ў сталіцу.

Хойніцкая акруга №47

Пазіцыі Кампартыі па Гомельскай вобласці ва ўладных колах дастаткова моцныя. У Хойніках ад КПБ на выбарах ідзе намесніца старшыні райвыканкама Жанна Чарняўская. У райвыканкаме яна адказвала за ідэалогію, адукацыю, культуру, спорт. 

Ваўкавыская акруга №48

Пераходзім у Гродзенскую вобласці. Па Ваўкавыску ад уладаў ідзе 48-гадовы галоўны пажарны раёна Павел Паканечны.

Гродзенская-Занёманская акруга №49

Лічым, што дэпутатам па акрузе стане галоўная доктарка дзіцячай паліклінікі №1 Гродна Ірына Луканская. Яна актыўнічае ў Саюзе жанчын, а таксама атрымлівала ўзнагароду за сваю дзейнасць ад колішняга прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова.

Гродзенская-Кастрычніцкая акруга №50

Дэпутаткай па ёй мае стаць 41-гадовая Алена Патапава. На дадзены момант яна працуе намесніцай генеральнага дырэктара Будаўніча-мэблевага аб’яднання «ЗОВ». Патапава — адна з самых актыўных дэпутатак мясцовага гарадскога савета.

Патапава нарадзілася ў Скідзелі. Па адукацыі — настаўніца рускай мовы і літаратуры.

Гродзенская-Цэнтральная акруга №51

Фота grsu.by.

52-гадовая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Лілія Кір’як зноў паспрабуе пераабрацца ў парламент. Кір’як родам са Шчучына, па адукацыі — настаўніца рускай мовы і літаратуры (папулярная ў Гродне праца, каб стаць дэпутаткай). Была дырэктаркай школы №13 у Гродне. У парламенце адказвае за адукацыю.

Гродзенская-Ленінская акруга №52

Па гэтай акрузе ў парламент зноў спрабуе трапіць дзейная дэпутатка — гэта Тамара Даўгашэй. Ёй 59 гадоў, нарадзілася ў вёсцы Савічы Брагінскага раёна. Па адукацыі — доктарка-кардыёлаг. Узначальвала Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр. Цікава, што ў Палаце ўваходзіць у камісію па міжнародных справах.

Гродзенская сельская акруга №53

Дэпутатам па гэтай акрузе мае стаць першы намеснік генеральнага дырэктара агракамбіната «Скідзельскі» Аляксандр Аутко. Яму 47 гадоў, і ён беспартыйны.

Іўеўская акруга №54

Фота osh.by.

Яшчэ адзін дзейны дэпутат Палаты прадстаўнікоў — гэта Аляксандр Маркевіч. Яму 51 год, а родам ён са Шчучына. Папрацаваў у структурах Міністэрства абароны і Памежнага камітэта. Як дэпутат нічым асаблівым не адзначыўся.

Лідская акруга №55

Фота belta.by.

Нечакана на выбары пайшоў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч. Адметна, што большасць праўладных вылучэнцаў збіралі подпісы, а Міцкевіч проста вылучаны ад працоўнага калектыву, што паказвае на тое, што сваё рашэнне ён прыняў у апошні момант.

Міцкевіч доўгі час працаваў суддзёй, а таксама ў Міністэрстве юстыцыі. У Адміністрацыі прэзідэнта ён прабыў рэкордныя 10 гадоў, адказваў за юрыдычную сферу.

Глядзі таксама: Пяць фактаў пра Валерыя Міцкевіча

Нёманская акруга №56

Фота gas.grodno.by.

Хутчэй за ўсё, мандат дэпутата дастанецца намесніку гендырэктара «Гроднааблгаз» Уладзіміру Сіняку. Ад апазіцыі тут крытык Міністэрства адукацыі Сяргей Альшэўскі.

Замкавая акруга №57

А вось у Навагрудку-Карэлічах асаблівай інтрыгі не намячаецца. Відавочны кандыдат ад уладаў па гэтай акрузе — начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сангін. Яму 50 гадоў, родам з Лідскага раёна, па адукацыі — «гісторык». Быў дырэктарам у вясковых школах, потым працаваў у аддзеле адукацыі Лідскага райвыканкама, троху пабыў ідэолагам на заводзе «Нёман».

Слонімская акруга №58

Фота zelwa.by.

Аж восем чалавек захацела стаць дэпутатам у Слонімскай акрузе. Звяртае ўвагу, што тут подпісы сабралі сябар БНФ Віктар Марчык і гісторык Васіль Герасімчык. Але дэпутатам, прагназуем, стане старшыня Зэльвенскага савета дэпутатаў Валянцін Семяняка.

Нарадзіўся ён у Пружанскім раёне, але гадаваўся ўжо ў Зэльвенскім. Працаваў настаўнікам фізікі ў вясковых школах. Піша вершы на беларускай і рускай мовах. Выдаў зборнік паэзіі «На скрыжаванні». Жыве ў аграгарадку Князева пад Зэльвай.

Смаргонская акруга №59

Тут у дэпутаты меціць намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Свіла. Цікава, што падчас выбарчай кампаніі Свіла пачаў друкаваць у мясцовай раёнцы свой рускамоўны пераклад кнігі «Вілія і яе берагі» Канстанціна Тышкевіча.

Сам Свіла казаў, што яшчэ гадоў дзесяць таму ідэнтыфікаваў сябе як паляка, але цяпер успрыманне змянілася. Ён гаворыць, што на ягонай тумбачцы ля ложка ляжаць тры Бібліі: на польскай, беларускай і рускай мовах. У вольны час любіць паляванне. Жанаты ў другі раз. На працу ў Астравец ездзіць з Ашмянаў.

Шчучынская акруга №60

Фота brsm.grodno.by.

Яшчэ адзін прадстаўнік БРСМ мае стаць дэпутатам у Шчучыне. Гэта першы сакратар Гродзенскага абласнога БРСМ Павел Міхалюк.

Бярэзінская акруга №61

Фота пасольства Беларусі ў Расіі.

Сярод чатырох партыйцаў тут ёсць толькі адзін беспартыйны. І, здаецца, менавіта ён мае стаць дэпутатам Палаты. Гэта 58-гадовы намеснік начальніка кансультацыйнага аддзела Мінабароны Ігар Лаўрыненка.

Доўгі час ён займаў далікатную пасаду аташэ па пытаннях абароны пры пасольстве Беларусі ў Расіі. Да гэтага быў першым намеснікам начальніка Генштаба. Генерал-маёр.

Барысаўская гарадская акруга №62

Фота borisov-crb.by.

Па акрузе вылучаецца галоўны доктар мясцовага радзільнага дома Аляксандр Шыпула. Гэта адна з найлепшых падобных установаў па-за сталіцай. Шыпула карыстаецца аўтарытэтам сярод барысаўскага чынавенства.

Барысаўская сельская акруга №63

Як бы дзіўна ні было, але выбар дэпутата ў гэтай акрузе не зусім відавочны. Так, тут вылучаецца былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч (ураджэнка барысаўскай вёскі Леанова), але таксама ідзе і галоўны пажарны раёна Уладзімір Пікуза. Усё ж рызыкнём выказаць меркаванне, што дэпутаткай стане менавіта Ананіч. Занадта актыўную дзейнасць яна разгарнула па раёне, а таксама вельмі шмат згадак пра яе ў мясцовай раёнцы «Адзінства».

Глядзі таксама: Гісторыя жыцця Ліліі Ананіч

Жодзінская акруга №64

У Жодзіне ў дэпутаты вылучаецца начальнік тэрмагальванічнага цэху «БелАЗа» Максім Курыловіч. Але хутчэй за ўсё стаўка будзе зробленая на намесніка дырэктара Жодзінскага політэхнічнага каледжа Валерыя Стральчонка, сябра Кампартыі. Ён выкладае ва ўстанове прадметы электратэхнічнага цыкла.

Пухавіцкая акруга №65

Тут кандыдат відавочны — гэта начальнік Генштаба, генерал-маёр Алег Белаконеў. Яму 54 гады, а родам з Прыморскага края Расіі. У Беларусь трапіў па доўгу службы. Ад 2014 года Белаконеў быў першым намеснікам міністра абароны. Цяпер у сілавым ведамстве будуць чакацца істотныя кадравыя перастаноўкі.

Глядзі таксама: Хто можа ўзначаліць Генштаб пасля Белаконева?

Капыльская акруга №66

Фота kleck.by.

Будзе прадстаўленая ў парламенце Беларуская аграрная партыя, у асобе цяперашняй дэпутаткі Людмілы Ніжэвіч. Ёй 55 гадоў. Пачынала з працы бухгалтаркі ў Капыльскім раёне, папрацавала ў Міністэрстве фінансаў, Мінскім аблвыканкаме, апошняй яе пасадай было — намесніца міністра сельскай гаспадаркі.

Слуцкая акруга №67

Фота kurjer.info.

І тут дэпутатка ідзе на перавыбары — гэта Людміла Ражанец. Па адукацыі яна журналістка. Працавала ў любанскай і слуцкай раёнках. Была галоўным рэдактарам газеты «Слуцкі край». У парламенце была ў камісіі па правах чалавека і СМІ.

Салігорская гарадская акруга №68

Да дэпутацкага партфеля прымяраецца старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі «Беларуськалія» Андрэй Струнеўскі. Менавіта намаганнямі Струнеўскага перад актывістамі незалежнага прафсаюза гарнякоў быў пастаўлены выбар: альбо вы ў афіцыйным прафсаюзе, альбо ў незалежным. І пасля гэтага многія сышлі толькі пад крыло ФПБ.

Салігорская сельская акруга №69

Фота «Голас Любаншчыны».

Тут ізноў пераабіраецца 40-гадовая дэпутатка Юлія Мурына. Па адукацыі яна — выкладчыца псіхалогіі. Прычым вучылася ў Санкт-Пецярбургу. Працавала ў салігорскім БРСМ, а таксама была дэпутаткай мясцовага савета.

Стаўбцоўская акруга №70

Абноўлена: дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім па гэтай акрузе проста не зарэгістравалі, забракаваўшы подпісы. Тым самым, шлях у парламент расчысцілі для начальніка мясцовай міліцыі Івана Мамайкі.

Дзяржынская акруга №71

Фота «Узвышша».

Тут ёсць і беларускамоўны прадстаўнік БРСМ Кірыл Шык і кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў. Тым не менш, дэпутатам, выглядае, будзе кіраўнік раённага савета дэпутатаў Аляксандр Саракач. У свой час ён узначальваў Фаніпальскі гарвыканкам.

Маладзечанская гарадская акруга №72

Фота «Маладзечанская газета».

Пераабрацца спадзяецца 53-гадовая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Канановіч. Па адукацыі — настаўніца матэматыкі. Была дырэктаркай гімназіі №3. У парламенце працавала ў камісіі па працы і сацыяльнай абароне.

Маладзечанская сельская акруга №73

Па гэтай акрузе, выглядае, далей працаўладкуецца старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Алег Семянчук.

Вілейская акруга №74

Цікавая акруга, тут на мандат прэтэндуюць адразу двое прадстаўнікоў КПБ. Адзін з іх — гісторык Аляксандр Плавінскі, той самы, які адмаўляе тое, што ў савецкія часы ўлады расстрэльвалі людзей у Курапатах. Ён не вылучаны ад партыі, а праз збор подпісаў. Другая камуністка — старшыня Крывасельскага сельскага выканкама Ірына Супрановіч. Хутчэй за ўсё, што апошняя і мае стаць дэпутаткай ад гэтай акругі. Па адукацыі яна правазнаўца.

Лагойская акруга №75

Фота kolodischi.by.

І тут мы маем адразу двух прадстаўнікоў КПБ (тут увогуле няма беспартыйных кандыдатаў). Нечакана па акрузе вылучылася камуністка Наталля Гудкова, якая ўзначальвае мясцовы камбінат бытавога абслугоўвання. Яе кандыдатуру партыя не падтрымала. Іншы камуніст — гэта дзейны дэпутат парламента Пятро Вабішчэвіч. Ён родам са Столінскага раёна, настаўнік фізікі і матэматыкі. Быў дырэктарам вясковых школ, узначальваў аддзел культуры райвыканкама.

Сеніцкая акруга №76

Фота pristalica.by.

Зусім няпростая для прагназавання акруга. Па-першае, тут балатуецца адразу восем кандыдатаў. Па-другое, на перавыбары ідзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў, «казацкі» атаман, кіраўнік Патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч, але супернік у яго будзе зусім няпросты — дырэктар Мінскага абласнога каледжа Вадзім Дордаль. Цікава, што Улаховіч нават не збіраў подпісы, а вырашыў проста вылучыцца ад партыі. Усё ж выкажам меркаванне, што дэпутатам тут гэтым разам стане менавіта Дордаль, а не казацкі атаман.

Заслаўская акруга №77

Фота youtube.com.

Кандыдатаў тут ажно дзесяць, але фаварыт усяго адзін — гэта аднавяскоўка Зянона Пазняка, дзейная дэпутатка парламента Валянціна Курсевіч. Ёй 54 гады, медык. Працавала доктарам на хуткай дапамозе, доктарам-кардыёлагам, узначальвала кардыялагічнае аддзяленне ў 2-й мінскай бальніцы.

Бабруйская-Ленінская акруга №78

Фота bobrlife.by.

Кандыдатаў тут на любы густы: і камуністы, і нацыяналісты, і лібералы, і прадстаўніца яўрэйскай арганізацыі «Рахамім». Дэпутатам паўторна хоча стаць Ірына Рынейская, якая на дадзены момант знаходзіцца ў парламенце ў пастаяннай камісіі па адукацыі і культуры.

Рынейскай 47 гадоў, яна настаўніца хіміі і біялогіі. Узначальвала ўпраўленне адукацыі Бабруйскага гарвыканкама.

Бабруйская-Першамайская акруга №79

У дэпутаты ідзе дырэктарка Бабруйскага дзяржаўнага каледжа Вера Шырокая, ёй усяго 34 гады. Яна скончыла гэты самы каледж па спецыяльнасці «Настаўнік малявання і чарчэння».

Скончыла завочна БДПУ па спецыяльнасці «Настаўніца беларускай мовы і літаратуры». Актыўнічала ў бабруйскім БРСМ. Замужам, муж працуе ў сферы ЖКГ.

Бабруйская сельская акруга №80

Адна з тых акругаў, дзе вызначыць «кандыдата ад улады» няпроста. Тут балатуюцца галоўны доктар Бабруйскай цэнтральнай бальніцы Уладзімір Гацко і кіраўнік мясцовага лясгаса Андрэй Цвірко. Паспрабуем пагадаць, што ў парламент усё ж трапіць Гацко. Тым больш, што ён мае досвед абласнога савета дэпутатаў. 

Быхаўская акруга №81

Фота redflag.by.

Вельмі немалое прадстаўніцтва КПБ чакаецца ў парламенце. Амаль пэўна, што мандат па гэтай акрузе атрымае камуніст Сяргей Сыранкоў, ён працуе першым намеснікам начальніка ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама. Да гэтага ён працаваў у аддзеле адукацыі Краснапольскага раёна. Месцам жыхарства і цяпер пазначана менавіта Краснаполле.

Горацкая акруга №82

Алена Каляснёва спрабуе зноў трапіць у парламент. На дадзены момант яна ўваходзіць у пастаянную камісію па адукацыі і культуры. Яна сама родам з Горак, інжынер-эканаміст. Была прарэктаркай у мясцовай сельскагаспадарчай акадэміі.

Крычаўская акруга №83

Фота lesgazeta.by.

І тут няпэўная сітуацыя. Маюцца два раўназначныя прэтэндэнты: дырэктар Клімавіцкага лясгаса Уладзімір Азаранка і начальнік лакаматыўнага дэпо «Крычаў» Аляксандр Сівянкоў. Усё ж прыярытэтней выглядаюць пазіцыі Азаранкі. Дарэчы, ён зямляк віцэ-прэм’ера Уладзіміра Кухарава. Плюс да ўсяго мае досвед у мясцовых саветах. У такіх акругах «бесперспектыўны» кандыдат нярэдка здымаецца з гонкі бліжэй да выбараў.

Магілёўская-Ленінская акруга №84

«Хто такі Марзалюк? Я адкажу на гэтае пытанне пад біта грук», — такі вясёлы рэп быў запісаны да мінулай выбарчай кампаніі гісторыка і археолага Ігара Марзалюка. Цікава, чым цяпер здзівіць дэпутат? Марзалюк — адзін з найбольш яркіх дэпутатаў парламента сённяшняга склікання, яго шмат у СМІ, ён выказвае спрэчныя тэзы, пляскае прэзідэнту. Калі б Марзалюка не было ў парламенце, то яго варта было б прыдумаць.

Глядзі таксама: Марзалюк: Вільня — горад нашых мараў

Магілёўская-Цэнтральная акруга №85

Яшчэ адна цікавая акруга, дзе вылучаныя адразу дзве прадстаўніцы КПБ. Абедзвюх камуністак завуць Людміла, і абедзве яны працуюць у сферы адукацыі. І адна з іх, як выглядае, атрымае мандат. Людміла Здорыкава ўзначальвае СШ №27 Магілёва, а Людміла Ільінская — Магілёўскі гандлёвы каледж. Паставім на апошнюю толькі праз тое, што яе вылучэнне падтрымала партыя.

Магілёўская-Кастрычніцкая акруга №86

Фота «Веснік Магілёва».

Абноўлена: у новае скліканне парламента тут спрабуе пераабрацца Вольга Петрашова. Ёй 51 год. Яна родам з Пермскай вобласці Расіі. Але выглядае на ўсе, што дэпутатам яна не стане. Мы ставім на дырэктара Вагонабудаўнічага завода Віталя Мартынава, ён аказаўся самым багатым кандыдатам па Магілёўскай вобласці.

Магілёўская-Прамысловая акруга №87

Абноўлена: дэпутатам ад спорту будзе канаіст, алімпійскі чэмпіён 1992 года Аляксандр Масейкаў.

Магілёўская сельская акруга №88

Вельмі цікавая сітуацыя ў гэтай акрузе. Тут балатуецца начальнік аддзела адукацыі Магілёўскага аблвыканкама (вось сапраўдная кузня кадраў і ў старшыні выбарчых камісій, і ў дэпутаты) Наталля Тарасенка. Незвычайнасць у тым, што Тарасенка ўжо вылучалася на выбарах 2016 года, але ў апошні момант зняла з выбараў сваю кандыдатуру. Магчыма, цяпер сітуацыя змянілася, і спадарыня Наталля нарэшце дасягне запаветнай мары.

Асіповіцкая акруга №89

На акрузе ёсць дырэктарка клічаўскай сярэдняй школы. Тым не менш робім стаўку, што дэпутаткай стане галоўная рэдактарка «Магілёўскіх ведамасцяў» Святлана Шутава.

Шклоўская акруга №90

На радзіме прэзідэнта сітуацыя зусім незразумелая. Думаем, што на месца ў парламенце з аднолькавым поспехам могуць прэтэндаваць дырэктар шклоўскай школы для дзяцей з парушэннямі зроку Інга Аляксандрава і старшыня Бялыніцкага савета дэпутатаў Андрэй Ганчук. Усё ж мяркуем, што ў парламент трапіць апошні. Ганчук па адукацыі — настаўнік гісторыі. Быў намеснікам старшыні Бялыніцкага райвыканкама.

Шабаноўская акруга №91

Пераходзім да Мінска. І хоць у сталіцы традыцыйна кандыдатаў больш, чым у рэгіёнаў, знайсці сярод іх вылучэнцаў ад улады часам не вельмі складана. Напрыклад, па гэтай акрузе фаварытка відавочная — дырэктарка мінскага філіяла Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі Галіна Лагунова.

Аўтазаводская акруга №92

У гэтай акрузе подпісы сабраў супрацоўнікі Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Віктар Альшэўскі, аднак дэпутатам, калі не здарыцца нічога нечаканага, усё ж стане намеснік гендырэктара МАЗ Аляксандр Гранкоўскі.

Васняцоўская акруга №93

І тут стаўка ўладаў відавочная — намесніца галоўнага доктара па акушэрска-гінекалагічнай дапамозе 5-й гарадской бальніцы Мінска Марына Шкроб.

Свіслацкая акруга №94

Пераабіраецца ў ёй дэпутат Валерый Варанецкі. Ён прафесійны дыпламат. Быў паслом нашай краіны ў Аўстрыі. Варанецкі — адзін з найбольш публічных дэпутатаў гэтага склікання, ён дае шмат інтэрв’ю, у тым ліку і недзяржаўнай прэсе, гаворыць пра кансалідацыю грамадства. Яго можна ўбачыць на многіх імпрэзах і мерапрыемствах. А яшчэ Варанецкі вядзе папулярны акаўнт у фэйсбуку.

Глядзі таксама: Чыноўнікі ў большасці стаяць на патрыятычных пазіцыях. Расія нам чырвоных ліній не акрэслівала — Валерый Варанецкі, інтэрв'ю

Купалаўская акруга №95

Фота «Мінск-навіны».

Тая акруга, у якой галасуюць беларусы, што жывуць за мяжой. На новы тэрмін вылучаецца па ёй прадстаўніца Патрыятычнай партыі генерала Улаховіча Таццяна Сайганава. Яна родам з Валожынскага раёна, па адукацыі — выкладчыца хіміі. Працавала намеснікам гендырэктара «Камунаркі». Зрэшты, не здзівімся, калі ўрэшце мандат тут атрымае старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў альбо вазочнік Яўген Шаўко.

Чкалаўская акруга №96

Яшчэ адзін дыпламат ідзе ў парламент — гэта былы прэс-сакратар МЗС і пасол Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных. Дабро на ягонае абранне ўжо нават даў Аляксандр Лукашэнка ў час размовы з Уладзімірам Макеем. Пра Савіных шмат пісаць не будзе, лепш пачытайце гутарку з ім.

Кастрычніцкая акруга №97

Абноўлена: і тут з выбарамі пракацілі апазіцыйную дэпутатку Ганну Канапацкую, а дэпутатам стане камуніст ад БРСМ Сяргей Клішэвіч, які некалі нападаў на маладафронтаўца Змітра Дашкевіча.

Грушаўская акруга №98

Здаецца, выбар уладаў тут відавочны — гэта старшыня пастаяннай камісіі парламента па ахове здароўя Людміла Макарына-Кібак. Яна родам з Хойнікаў, ёй 52 гады. Па адукацыі — доктарка-оталарынголаг. Таксама тут балатуецца адзін з прадстаўнікоў «рускага свету» ў Беларусі Сяргей Лушч.

Паўднёва-Заходняя акруга №99

Яшчэ адзін дзейны дэпутат парламента ідзе на выбары. Гаворка пра прадстаўніка Партыі працы і справядлівасці Ігара Камароўскага. Яму 48 гадоў, мінчук, інжынер-механік. Працаваў дырэктарам Мінскага вагонарамонтнага завода.

Ясенінская акруга №100

Фота «Мінск-навіны».

І тут дзейная дэпутатка. І тут прадстаўніца Партыі працы і справядлівасці. Вылучэнку завуць Аксана Гайдук, ёй 45 гадоў, а родам яна з Баранавіцкага раёна. Скончыла БНТУ па спецыяльнасці «Будаўніцтва аўтамабільных дарог». Працавала намеснікам гендырэктара ў «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама».

Каменнагорская акруга №101

Фота «Мінск-навіны».

Па гэтай акрузе дзейная дэпутатка таксама вырашыла не развітвацца з месцам у парламенце. Мы гаворым пра 53-гадовую Ганну Старавойтаву. Яна родам з Салігорска, па адукацыі — настаўніца матэматыкі і інфарматыкі. Працавала дырэктаркай у мінскіх школе і гімназіі. Не выключым, што дэпутатам ад гэтай акругі стане 22-гадовы БРСМавец-камуніст з Акадэміі мастацтваў Раман Роль. Але гэта ўсё ж малаімаверна. Малады яшчэ. Наша стаўка — усё ж на Старавойтаву. 

Заходняя акруга №102

Усё ж фаварытам ад уладаў тут ідзе начальнік сакратарыяту старшыні праўлення «Беларусбанк» Марына Лянчэўская. «Сталіцы жаночы твар», — назвалі яе ў «Мінск-навіны». Вялікі рэпартаж Лянчэўскай прысвяціў тэлеканал СТБ. Лянчэўская — дачка былога чыноўніка Аляксандра Папкова. А супрацоўнік Міністэрства адукацыі, камуніст Круглік, падобна, зноў застанецца другім, як і на выбарах 2016 года.

Пушкінская акруга №103

Тут балатуецца старшыня Мінгарсавета Васіль Панасюк. Ён родам з Мухаўца, Брэсцкі раён. Скончыў БНТУ па спецыяльнасці «Электрасеткі». Працаваў на ЦЭЦ-4 у Мінску. Ад 2003 года — дырэктар ЦЭЦ-4.

Кальварыйская акруга №104

«Міс Беларусь», пастаянная спадарожніца кіраўніка краіны Марыя Васілевіч, хоча стаць дэпутатам па гэтай акрузе. Марыі — усяго 22 гады. Яна можа стаць наймаладзейшай дэпутаткай парламента. Да яе прыцягнутыя ўвагі многіх СМІ. У канкурэнтах у Васілевіч — блогер Мікалай Маслоўскі.

Глядзі таксама: Марыя Васілевіч: У інтэрнэце пераважна негатыў, а ўжывую людзі мяне падтрымліваюць

Старавіленская акруга №105

Фота «Мінск-навіны».

Суддзі Вярхоўнага суда Святлане Любецкай 48 гадоў. У судовай сістэме яна ад 2000 года. Тры гады ўзначальвала Маскоўскі суд Мінска (2010—2013), якраз у гэты час праходзілі судовыя працэсы ўдзельнікаў Плошчы.

Коласаўская акруга №106

У акрузе вылучыўся першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Сяргей Дзік. Яму 63 гады. Ён і вучыўся і працаваў усё жыццё толькі ў БДУІР. Сам Дзік заяўляе, што ў яго падтрымку подпісы паставілі 4 тысячы выбарцаў.

Дырэктарцы каледжа Ганне Бойка, думаем, трэба пачакаць.

Усходняя акруга №107

Яшчэ адной каларытнай асобай у беларускім парламенце дадасца — гэта кіраўнік «Белай Русі», былы начальнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. За словам у кішэню Давыдзька не лезе, будзе радаваць самымі рознымі цытатамі і перламі.

Глядзі таксама: Жорсткі «Ток» з Генадзем Давыдзькам

Каліноўская акруга №108

Не сказаць, каб тут усё дакладна. Па акрузе вылучаецца дырэктар Рамаўтадара Першамайскага раёна Мінска Віталь Германчук. Але, здаецца, на дэпутата ўсё нагаварыўся кіраўнік ЛДПБ Алег Гайдукевіч. І тры гады таму Гайдукевіч мог трапіць у парламент, але ў апошні момант з’явіўся Валерый Варанецкі, якога патрэбна было ўладкаваць. Здаецца, на гэты раз Алег Сяргеевіч усё ж акажацца запатрабаваны.

Глядзі таксама: «Ток» з Алегам Гайдукевічам

Уручанская акруга №109

Фота sb.by.

Тут існуе інтрыга, на дэпутацтва прэтэндуюць загадчыца садка №522 Людміла Янкоўская, а таксама старшыня Беларускага аб’яднання ветэранаў Іван Гардзейчык. Ставім на апошняга, ён генерал у адстаўцы, прайшоў праз вайну ў Афганістане.

Партызанская акруга №110

Дэпутатам захацеў стаць вядучы АНТ Тэнгіз Думбадзэ. Ён ураджэнец Дзяржынскага раёна Беларусі, але пасля пажыў у Грузіі. Ад 2004 года вярнуўся ў нашу краіну. У сваіх выступах пастаянна дзякуе Аляксандру Лукашэнку за шчаслівае жыццё жыхароў Беларусі.

***

Пры гэтым мы не выключаем, што ў парламенце могуць аказацца нехта з прадстаўнікоў апазіцыі. Напрыклад, Рыгор Кастусёў ці Валерый Ухналёў (ад «Справядлівага свету»), але прадказаць іх праход у гэтым годзе практычна немагчыма.

Вельмі інтрыгоўнай бачыцца акруга Мікалая Улаховіча, ці працягнуць яму мандат.

Будзем сачыць і за магілёўскай акругай, дзе супраць дзейнай дэпутаткі вылучыўся дырэктар вагонабудаўнічага завода Віталь Мартынаў.

Зміцер Панкавец

27
mikola ramanau / Адказаць
15.10.2019 / 11:54
Uzo praveryli. *Nashyh* tam Nima ! Adny lukashysty !...Upeuneny u getam Farse...-Vybarah- udzelniczac ni treba..........1994-2019..?! Moza Hopic ? Hto adkaza?....Ja adkazu za vas-Usim da ljampaczki !
95
кеша коршатый / Адказаць
15.10.2019 / 11:57
Тутэйшыя, а чего вы такие дегеры, что допустили полный развал страны, а до власти му.аков? Ах да, работать надо, работать надо, работать надо, работать надо, работать наддоооооооооооооооо...(((
13
Minak / Адказаць
15.10.2019 / 12:13
Выглядае на тое, што ў палатцы будуць спрэс інтэлектуалы.
Паказаць усе каментары/ 55 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру