08.10.2019 / 15:22

«Мастацкая літаратура» прэзентавала новую серыю. Выдалі зборнік Быкава 3

Выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачало новую кніжную серыю — «Напісанае застаецца». Першая кніга ў творчым праекце, які абяцае выклікаць увагу чытачоў, — зборнік аповесцяў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава «Знак бяды. Абеліск. Жураўліны крык».

Тыраж выдання, якім адкрылася серыя, — 1200 паасобнікаў. Ужо цяпер кнігу можна набыць у кнігарнях ААТ «Белкніга» па ўсёй нашай краіне, а таксама праз інтэрнэт-гандаль гэтай жа гандлёвай сеткі. Заўважым, што выпуск зборніка ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Тытульны аркуш выдання ўпрыгожвае рэпрадукцыя аўталітаграфіі Юрася Герасіменкі-Жызнеўскага да аповесці Быкава «Знак бяды» (твор выкананы ў 1984 годзе).

— Мяркуем, што кожны год серыя будзе папаўняцца на чатыры-шэсць кніг, — кажа дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак. — Вось літаральна днямі прыйдзе з друкарні і кніга прозы нашага класіка Якуба Коласа. Так з часам кожны, хто пажадае, збярэ свой беларускі кнігазбор.

— А чые кнігі ў серыі «Напісанае застаецца» збіраецеся выдаць у найбліжэйшы час?

— Менавіта тых пісьменнікаў, чые творы вытрымалі выпрабаванне часам: Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык… Пералік можна доўжыць. Думаю, што і чытачы нам нешта падкажуць. Вельмі спадзяюся на меркаванні бібліятэкараў у праектаванні серыі «Напісанае застаецца». Тады, магчыма, і тыражы кніг у гэтым выдавецкім праекце павялічым.

0
дядька / Адказаць
08.10.2019 / 16:08
Файна, буду выпраўляць хiбы ў адукацыi. Трэба знайсцi час i прачытаць у сталым узросце тое, да чаго не дайшлi рукi раней.
0
Кажыма праўду / Адказаць
08.10.2019 / 17:54
Браты беларусы з добрай дыкцыяй, начытвайма аўдыякнігі. Выдадзена шмат (у тым ліку і перакладаў) – трэба даносіць да паспалітага люду ў зручнай форме.

Чытайма ды слухайма сваё!
0
Терра Нова / Адказаць
08.10.2019 / 23:22
Горжусь земляком!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру