Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас свайго візіту ў ЗША сустракаўся з Сэмам Кісліным, якога СМІ звязваюць з украінскай і расійскай арганізаванай злачыннасцю, паведамляе The Insider і «Схеми».

Як паведамляе выданне, у сераду, 25 верасня, падчас афіцыйнага візіту Зяленскага ў ЗША, у раёне гасцініцы Паркер прайшлі дзве сустрэчы: адна афіцыйная — непасрэдна ў гасцініцы, другая — у суседнім будынку, у рэстаране Руская чайная.

У першай удзельнічаў сам Зяленскі і яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек, а другая, неафіцыйная, прайшла ў больш вузкім коле. Зяленскага на ёй прадстаўляў кіраўнік Офіса прэзідэнта Андрэй Богдан.

Паводле выдання, Кіслін прысутнічаў у месцы правядзення першай сустрэчы, а таксама быў арганізатарам і ўдзельнікам другой.

На фота бачна, як Зяленскі выходзіць з гасцініцы Паркер разам з удзельнікамі сустрэчы. Дзве крыніцы пацвердзілі, што чалавек у чырвонай камізэльцы, твар якога на фота не трапіў, менавіта Кіслін.

Першая сустрэча стала адносна публічнай. У ёй бралі ўдзел вядомыя прадстаўнікі яўрэйскай дыяспары ЗША.

Другая сустрэча праходзіла ўжо ў вузкім коле. Удзельнікаў папрасілі не рабіць фатаграфій.

Крыніца адзначыла, што «гэта была проста сустрэча па бізнэсе, па інвестыцыях з ЗША ва Украіну і, наадварот, інвестыцыях украінцаў у нерухомасць у ЗША.

«Сэм Кіслін зводзіў людзей, казаў, табе трэба пагаварыць з тым, а табе з тым, мае прапановы варта накіроўваць таму чалавеку», — сказала крыніца.

Ураджэнца Адэсы Сэма (Сямёна) Кісліна ФБР звязвае з нябожчыкам Іваньковым (Япончыкам) з Солнцаўскай групоўкі і братамі Міхаілам і Львом Чорнымі (Ізмайлаўская групоўка).

Акрамя таго, Кіслін вядомы як паплечнік і донар экс-мэра Нью-Ёрка Рудзі Джуліяні, які цяпер з'яўляецца дарадцам Дональда Трампа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0