Газета New York Times са спасылкай на дадзеныя заходніх спецслужбаў паведаміла аб тым, што на Захадзе прыйшлі да высновы, што за рознымі акцыямі па дэстабілізацыі сітуацыі ў Еўропе стаіць сакрэтнае спецпадраздзяленне Галоўнага ўпраўлення Генштаба (былога ГРУ). Сцвярджаецца, што гаворка ідзе пра спецыялістаў з вайсковай часткі 29 155 якія спецыялізуюцца на сабатажы і падрыўной дзейнасці, піша rbc.ru.

На думку спецыялістаў з выведслужбаў у чатырох краінах Захаду, менавіта дадзеная воінская часць стаіць за атручваннем былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў англійскім Солсберы, а таксама за спробай перавароту ў Чарнагорыі. Як паказвае NYT, у заходніх спецслужбах пабачылі сувязь паміж гэтымі падзеямі, аднак папярэдзілі, што зусім немагчыма прадбачыць, калі і дзе байцы спецпадраздзялення з'явяцца ў наступны раз.

Суразмоўцы NYT паказваюць, што ў частцы 29 155 служаць людзі, якія прайшлі войны ў Афганістане, Чачні і ва Украіне. «Іх аперацыі настолькі сакрэтныя, што пра існаванне гэтага падраздзялення не ведаюць нават у іншых аддзелах ГРУ», - сцвярджаюць крыніцы газеты. Пры гэтым у газеце называюцца меркаваныя кіраўнікі: генерал-маёр Андрэй Авяр'янаў і Анатоль Чапіга. Апошняга падазраюць у тым, што менавіта ён удзельнічаў у атручванні Скрыпалёў.

Пры гэтым адзін з прадстаўнікоў еўрапейскіх спецслужбаў у каментары газеце выказаў здзіўленне ў сувязі з тым, што прадстаўнікі спецпадраздзялення на працягу многіх гадоў маглі свабодна перамяшчацца па Еўропе. Так, напрыклад, за год да падзей у Солсберы трое аператыўнікаў ГРУ нібыта прыязджалі ў Вялікабрытанію аглядаць мясцовасць. Адным з іх, па дадзеных заходніх спецслужбаў быў Аляксандр Мішкін, які пазней прад'яўляў дакументы на імя Аляксандра Пятрова. Разам з ім у Англіі пабывалі і двое мужчын, якія называлі сябе Фёдаравым і Паўлавым. Апошнія падазраюцца ў датычнасці да забойства балгарскага гандляра зброяй Эміліяна Гебрэва ў 2015 годзе.

Як адзначае выданне прэс-сакратар расійскага прэзідэнта ўсе пытанні пераадрасаваў ў Міністэрства абароны РФ, а ў ваенным ведамстве на запыты газеты не адказалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0