Рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адвесці амерыканскіх ваенных з пазіцый на паўночным усходзе Сірыі выклікала ярасць з боку іх курдскіх саюзнікаў. Як паведамляе Wall Street Journal, кульмінацыяй стала сварка, якая ўзнікла падчас відэаканферэнцыі з удзелам палявых камандзіраў «Дэмакратычных сілаў» і спецпрадстаўніка амерыканскага прэзідэнта Джэймса Джэфры.

Апошні паспрабаваў растлумачыць суразмоўцам, што насамрэч Трамп не мае намеру здаваць курдаў, аднак апошнія былі раззлаваныя ад ярасці. Так, адзін з удзельнікаў канферэнцыі накрычаў на Джэфры i са словамi «Ты прадаў нас», пайшоў прэч. У сваю чаргу, камандзір курдскіх атрадаў Мазлум Абдзі заявіў амерыканцу, што ў вачах яго суграмадзян ЗША зараз заўсёды будуць асацыявацца з турэцкім прэзідэнтам Рэджэпам Эрдаганам. Яшчэ адзін удзельнік канферэнцыі наўпрост заявіў Джэфры, што курды «ўжо прывыклі да таго, што Захад ім увесь час здраджвае».

На гэтым фоне ўлады Турцыі заявілі, што войска будзе гатовая перасекчы сірыйскую мяжу ў самы бліжэйшы час. У канцылярыі Эрдагана заявілі, што мэтай аперацыі стане стварэнне спецыяльнай зоны, дзякуючы якой «курды не будуць перашкаджаць Анкары паспяхова змагацца з «Ісламскай дзяржавай».

У цяперашні час курдскія «Дэмакратычныя сілы» кантралююць большую частку правінцый Ракка і Хасака, што мяжуюць з Турцыяй на паўночным усходзе Сірыі. У Анкары лічаць, што сірыйскія курды могуць аказваць дапамогу атрадам Рабочай партыі Курдыстана, якія змагаюцца за аддзяленне ад Турцыі некалькіх раёнаў на паўднёвым усходзе краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0