Delfi.lt

Delfi.lt

На праспекце Канстытуцыёс (за ракой Вілія), каля будынка №23, з'явілася новая бронзавая скульптура Вітаўтаса Налівайкі «Прыяцелі», створаная яшчэ ў 2008 годзе.

Віленчукі ўжо ведаюць гэта месца па велізарнай скульптуры коніка на сцяне будынка, піша Delfi. Гэтая скульптура створана Альгісам Грышкявічусам. 6-метровы конік важыць каля 700 кг.

Новая скульптура «Прыяцелі» — гэта мужчыны, якія сімвалізуюць прадстаўнікоў чатырох нацыянальнасцяў: паляк з вусамі і ў канфедэратцы, беларус у футравай вушанцы, літовец са свіной галавой пад пахай і габрэй, што летуценна глядзіць у неба.

«Прыяцелі» — саркастычная копія савецкага манумента «Чатыры Камунары», якая адлюстроўвае разлад паміж народамі, бессэнсоўнае і неабгрунтаванае пагаршэнне адносін паміж людзьмі.

Гэтую скульптуру на мінулым тыдні набыў парк каменных скульптур Vilnojа. Яе перавезлі туды з невялікага парку ў Неменчыне.

«Трэба выцягваць мастацтва з лясоў і кутоў і дэманстраваць людзям. Мы хочам, каб скульптуры былі даступныя больш шырокай аўдыторыі. Таму вырашылі часова размясціць скульптуру «Прыяцелі» ў Вільні», — сказаў заснавальнік Vilnojа прадпрымальнік Відмантас Марціконіс.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0