У Гродне затрымалі выкладчыка робататэхнікі Андрэя А. Яго падазраюць у тым, што ён даваў школьнікам пакурыць марыхуану. Бацькі, якія вадзілі да Андрэя сваіх дзяцей на заняткі, кажуць пра яго толькі станоўчае, піша Радыё Свабода.

Курсы былі папулярныя і недарагія

Андрэю А. 38 гадоў, ён жанаты, мае трох дзяцей. Адным зь першых адкрыў у цэнтры Горадні студыю робататэхнікі. Туды хадзілі дзеці ва ўзросьце ад 6 гадоў. Заняткі праходзілі ў будзённыя дні і ў выходныя. Бацькі кажуць, што ня ўсе маглі трапіць, бо студыя вельмі папулярная. Кошты там самыя нізкія ў горадзе.

На старонку студыі ў інстаграме падпісана паўтысячы чалавек — дарослыя і дзеці. На фота — робаты, заняткі і спаборніцтвы.

9 кастрычніка міліцыя паведаміла, што выкладчыка затрымалі падчас таго, як ён курыў зь дзецьмі марыхуану. Па інфармацыі міліцыі, ён падзяліўся «траўкай» прынамсі з трыма падлеткамі ва ўзросьце 14—16 гадоў. Па словах бацькоў, затрыманьне адбывалася пры васьмігадовых дзецях.

Чытайце: Кіраўнік папулярнага гуртка па робататэхніцы ў Гродне дзяліўся з падлеткамі не толькі ведамі, але і наркотыкамі

Адносна Андрэя распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі, яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Цяпер ён пад вартай

«Для майго малога заняткі былі як сьвята»

Бацькі, чые дзеці хадзілі ў згаданы гурток, у шоку ад затрыманьня і ня могуць даць веры, што гэта праўда. Яны гатовыя станоўча характарызаваць выкладчыка на допытах, калі давядзецца, і зьбіраць сродкі для сям’і Андрэя. Кажуць, у бацькоўскім чаце ў вайбэры пра яго кепска таксама ніхто ня піша.

Адна з маці, чый сын чатыры гады хадзіў на робататэхніку да А., характарызуе выкладчыка як апантанага сваёй справай.

«Ён знайшоў сваю нішу. У гэтым сам рэалізаваўся і дапамагаў рэалізоўвацца дзецям. Мой малы чакае заняткаў, для яго гэта сьвята», — кажа Г.

На ейную думку, атмасфэра на курсах была прыязная, сяброўская. Выхаванцы называлі яго проста па імені — Андрэй, без імя па бацьку, як прынята, прыкладам, у школах. Зь іншага боку, нельга сказаць, што выкладчык усё дазваляў. Ён рабіў заўвагі, калі дзеці ленаваліся.

«Дзеці па ім проста млелі. Для іх Андрэй — гэта кумір», — кажа маці.

На думку Г., Андрэй жыў робатамі, захапляў імі ня толькі школьнікаў. У перапынках мог апавядаць бацькам, якія прыйшлі па дзяцей, на якія спаборніцтвы яны паедуць, якіх робатаў плянуюць неўзабаве рабіць. Старэйшыя выхаванцы рабілі робатаў ня толькі з гатовых дэталяў, а фактычна з нуля.

Яе сын дзеля цікавасьці хадзіў на бясплатныя заняткі па робататэхніцы ў іншыя студыі. Аднак там выкладалі ня так захапляльна.

«Гэтага не бяры, гэтага не чапай. Ты ня ведаеш, як з гэтым працаваць, ты паламаеш. Тут у яго [Андрэя] на заняткі прыходзілі зусім малыя дзеці, якія яшчэ ня ўмеюць чытаць. Яны замаўлялі гэтыя дэталькі, чакалі, калі прыйдуць», — расказвае Г.

Маці кажа, што баіцца казаць сыну пра затрыманьне — бо для яго будзе стрэс, што больш нельга бачыцца з выкладчыкам і бываць у яго на занятках.

«Зараз пачынаецца хваля, мне асабіста гэта баліць. Ты ведаеш чалавека з аднаго боку, у цябе пазытыўны вобраз склаўся. Цяжка мне ў гэта паверыць», — кажа суразмоўніца.

Па ейных словах, сын ніколі раней не казаў, што на занятках нешта курылі або нюхалі.

«Было відаць, што ён не за грошы гэта рабіў»

Іншая маці, Марына, таксама вадзіла сына на робататэхніку ў згаданую студыю 4 гады. Кажа, што ейны сын ніколі ня бачыў, каб Андрэй курыў, ня бачыў, каб што прапаноўваў старэйшым дзецям. Маці перакананая, што калі б сын нешта такое бачыў, то абавязкова сказаў бы ёй раней.

«Ён нават не разумее, што гэта такое, пра што ідзе гаворка», — кажа Марына.

Яна таксама кажа пра выкладчыка толькі добрае. Падвозіў дзяцей, калі было позна, дадому, вазіў іх на спаборніцтвы. Ішоў на саступкі, калі затрымлівалі з аплатай заняткаў.

«Дзеці яго вельмі любілі. Ён сам зь імі вазіўся. Чалавек быў адданы. Было відаць, што ён не за грошы гэта робіць. Ніколі не казаў: «Усё, час скончыўся, сыходзь». Не, можна было застацца, дарабіць», — кажа маці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?