10.10.2019 / 10:46

«Маленькі крок мае велізарнае значэнне»: зварот беларускай грамадскасці наконт беларускай мовы 12

Фота Надзеі Бужан

Некалькі беларускіх грамадскіх арганізацый выступілі са зваротам адносна стану беларускай мовы ў краіне.

«Мы, прадстаўнікі беларускай грамадскасці, заклапочаныя тым, што беларуская мова не мае спрыяльных умоваў для існавання і развіцця ў Беларусі.

Паводле Канстытуцыі Беларусі абедзве мовы — беларуская і расейская — ёсць дзяржаўнымі, але ўлады ўвесь час цураюцца беларускай мовы. Яна амаль не ўжываецца на афіцыйным узроўні, практычна ўсе законы ў Беларусі выдаюцца выключна па-расейску. Паводле апошніх даследаванняў, 48 % беларусаў лічаць беларускую мову роднай, але доступ да адукацыі на беларускай мове застаецца абмежаваны: толькі 13 % вучняў навучаюцца па-беларуску; у краіне няма ніводнага ўніверсітэту з беларускай мовай выкладання. Мова 85 % кнігаў, што выдаецца ў Беларусі штогоду, — расейская; па-беларуску выходзіць толькі 9,5 % кніг.

Паколькі ў апошнія гады колькасць ініцыятываў, скіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, няспынна расце, надышоў час, каб беларуская нацыя напоўніцу карысталася ўласнымі правамі на самавыяўленне і ўдзел у культурным жыцці, у тым ліку і праз сваю мову.

На неабходнасць падтрымаць беларускую мову ў Беларусі звяртае ўвагу міжнародная супольнасць. Асамблея дэлегатаў Міжнароднага ПЭНу на 85-м штогадовым Кангрэсе звярнулася з заклікам да ўладаў Беларусі паважаць, абараняць і дапільноўваць правы ўсіх беларускамоўных і дзеяць згодна з Артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які заканадаўча замацаваў статус беларускай мовы як дзяржаўнай. Таксама Міжнародны ПЭН звяртаецца да карпарацыі «Google» ды іншых інтэрнэт-платформаў, каб яны прызналі беларускую мову і забяспечылі беларусам магчымасць у поўнай меры карыстацца ёй на гэтых пляцоўках.

Беларускай мове мусяць быць створаныя спрыяльныя ўмовы для развіцця і роўныя шанцы ў параўнанні з расейскай мовай.

4 кастрычніка ў Беларусі пачаўся чарговы перапіс насельніцтва. Звесткі перапісу, паводле Закону «Аб перапісе насельніцтва», будуць уплываць на фармаванне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову роднай, залежыць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.

Мы перакананыя, што родная мова — не абавязкова «першая засвоеная ў дзяцінстве». Родная мова — гэта эмоцыі ды пачуцці, гэта тая мова, якую вы адчуваеце роднай, мовай сваіх дзядоў. Незалежна ад таго, якой мовай вы карыстаецеся ў штодзённым жыцці, беларуская мова нас аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.

Мы заклікаем усіх, хто з нейкіх прычынаў можа / хацеў бы назваць беларускую мову роднай, абраць яе роднай падчас перапісу насельніцтва. Маленькі ўчынак — глабальнае значэнне.

Мы прапаноўваем арганізацыям грамадзянскай супольнасці і публічным асобам далучацца да гэтага звароту і пашыраць яго ў сваіх колах. Гісторыю робім мы, і гэта не складана. Дастаткова выявіць волю і заявіць пра сваё — роднае».

Зварот падпісалі Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», «Арт-сядзіба», Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларусі ПЭН-Цэнтр, тэлебачанне «Белсат» ды іншыя арганізацыі.

13
Кажыма праўду / Адказаць
10.10.2019 / 11:37
Грамадскасць спазнілася, кампанія «за мову» праваленая. За паўгады агітацыйныя ўлёткі мусілі вісець на кожным слупе, палымяныя прамовы гучаць на кожны рагу. Пажынаем трупехлы «плён» прыдуркавата-крыўдлівых «ігнораў» ды «байкотаў». «Культурніцтва гэта паражэнства» – мудравалі гора-барацьбіты. Ну і шмат палітычных здабыткаў дасталі без шырокай культурнай працы? Вядома ж, плявузгаць у інтэрнэтах ды махаць сцягамі на плошчах нашмат зручней чымся ісці на жабрацкі заробак настаўнічаць у школку. Час раставіў на свае месцы – Герояў ды Падлюкаў.
8
belariy / Адказаць
10.10.2019 / 13:54
зварот да каго ??
да большасьці беларусаў ?? па-першае, большасьць беларусаў гэтага ніколі не прачытае. па-другое, калі і прачытае, то ім проста глыбока пофіг. моўнае пытаньне хвалюе большасьць беларусаў у апошнюю чаргу. вось калі беларусам загадаць зьверху вучыць беларускую мову, тады, так, зрух будзе. але тады трэба адразу зьвяртацца да тых, хто можа загадваць беларусам. дакладней, да таго.
але гэтаму чалавеку гэтаксама глыбока начхаць на беларускую мову. самае галоўнае для яго - гэта ўлада. яго асабістая і нічым не абмежаваная. а для любой улады патрэбны фінансавыя сродкі, шмат грошай. за грошы для сваёй улады ён пойдзе на ўсё. і калі для гэтага спатрэбіцца падначалены народ навучыць беларускай мове, то ён навучыць.
тут алгарытм такі: беларускую мову беларусы вывучаць толькі па загаду зьверху; зьверху загад будзе толькі тады, калі вывучэньне беларусамі беларускай мовы будзе наўпрост зьвязана з захаваньнем улады таго, хто можа загадваць; для захаваньня ўлады яму патрэбна шмат грошай. то бок, калі ўся гэтая грамадскасьць замест гэтых зваротаў прапануе гэтаму адзінаму чалавеку так шмат грошай, што той лёгка зможа захаваць з іх дапамогай сваю ўладу, але пры ўмове, што гэтыя грошы ён атрымае толькі тады, калі беларусы пачнуць размаўляць па-беларуску, то максімум праз год у нас уся краіна будзе цалкам беларускамоўнай.
толькі адразу кажу. што грошай яму трэба вельмі шмат. нават не мільярды, а дзесяткі мільярдаў даляраў. бо пры неэфектыўнай эканоміцы захаваньне аднаасобнай улады каштуе вельмі шмат.
але так як у гэтай грамадскасьці няма такіх грошай, то і алгарытм гэты не спрацуе. а значыць, для беларускай мовы пакуль што перспектыў не бачна.
7
Той самы / Адказаць
10.10.2019 / 13:59
Кажыма праўду,  даўно не чытаў такой самаўпэўненай бздуры.

Гэта ж наколькі трэба быць... сказам так - наіўным, каб верыць, што можна нешта перавярнуць у час "перапісу" ці "выбараў". Адзінае, з чым можна пагадзіцца - гэта грамадская культурная праца... 

А зараз наконт звароту - якое глупства - заклікаць указваць роднай беларускую мову, калі няма магчымасьці ўплываць не толькі на запіс, а і на "апрацоўку" дадзеных. 

Перапісчыкі пераважна ўказваюць "расейская мова". Народ будзе пастаўлены перад фактам, як і  перад вынікам "выбараў", што было не раз.
Паказаць усе каментары/ 12 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру