photo.bymedia.net

photo.bymedia.net

За мінулы год кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты спірт. Планка, пасля якой пачынаецца актыўная дэградацыя чалавечага патэнцыялу супольнасці — 8 л на чалавека ў год.

Такія звесткі на паседжанні прэзідыума Савета міністраў па абмеркаванні дырэктывы прэзідэнта № 1 агучыў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко. Паводле яго інфармацыі, з 2005 па 2008 гады спажыванне чыстага спірту на душу насельніцтва ўзрасло ў 1,3 раза.

Наўрад ці гэта кагосьці здзівіла. Беларусы з году ў год дэманструюць усё большую актыўнасць у паглынанні алкаголю. Інтэрпрэтацыя гэтай жа інфармацыі намеснікам міністра гандлю Беларусі Міхаілам Свянціцкім на паседжанні калегіі міністэрства ў канцы студзеня выглядае цікавейшай.

Як заявіў службовец,

так шмат, як летась, беларусы не пілі ніколі. «Гэта новы гістарычны максімум», — адзначыў рэкорд М.Свянціцкі.
Паводле ягоных словаў, яшчэ ў 2005 годзе гэтая лічба складала 9,4 літры на чалавека ў год, і ўжо здавалася вялікай і нават жахлівай:
«Пытанне аб насычэнні рынка ўжо не стаіць. Такая тэндэнцыя пагражае дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне».
Планка, пасля якой пачынаецца актыўны працэс выраджэння і дэградацыі нацыі даўно вядомы — восем літраў абсалютнага алкаголю на чалавека ў год. Беларусы перавысілі дапушчальную мяжу ў 1,5 разы.
Прычым, калі арыентавацца на дадзеныя статыстыкі, мы пачалі дэградаваць яшчэ з 2000 году.

З 1990 да 2007 году спажыванне абсалютнага алкаголю на душу насельніцтва павялічылася больш за 2 разы — з 5,7 літра да 10,6 літра.

Пры гэтым, як лічаць у Міністэрстве аховы здароўя, фактычна насельніцтва краіны спажывае спіртных напояў больш, бо афіцыйнай статыстыкай не ўлічваецца алкагольная прадукцыя, якая вырабляецца саматужным спосабам
і рэалізуецца з утойваннем ад уліку і падаткаабкладання.

«Па колькасці спіртных напояў на душу насельніцтва Менск уваходзіць у тройку лідэраў сярод еўрапейскіх сталіц — амаль 12 літраў абсалютнага алкаголю на чалавека ў год.

У такой жа колькасці п’юць толькі ў Маскве і Вільні — па 56 бутэлек гарэлкі ў год на аднаго чалавека»,
— цытуе «Інтэрфакс‑Захад» сталічных нарколагаў.

Вядома, увязваць паступовае скарачэнне колькасці беларусаў толькі з алкагалізацыяй ніхто не збіраецца. Але без уплыву гарэлкі, «чарнілаў» і іжа з імі тут не абыходзіцца. Толькі мінулы год, паводле Міністэрства аховы здароўя, у краіне было здзейснена 2 662 самагубствы, з іх 60% — у стане алкагольнага ап’янення, ад атручвання алкаголем загінула больш 2,5 тыс. чалавек.

А паводле звестак міністра МУС Уладзіміра Навумава,

кожнае трэцяе злачынства (з больш 158 тысяч) у 2008 годзе было здзейснена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення,
і амаль палова пацярпелых у грамадскіх месцах таксама знаходзіліся ў нецвярозым стане.

У 2006 году з’явілася Дзяржаўная праграма нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2006‑2010 гады. Дакументамі быў прадугледжаны шэраг мер, у выніку якіх узровень спажывання алкагольнай прадукцыі на душу насельніцтва ў пераліку на абсалютны алкаголь павінен знізіцца ў 2010 годзе да 7,8 літраў. Усё гэты былі паперкі, што не маюць адносінаў да рэальнасці.

Напрыклад, урад кожны год павялічвае квоты на аб’ёмы вытворчасці алкагольнай прадукцыі. Як перадае БЕЛТА, у адпаведнасці з пастановай Саўміна ад 2 снежня 2008 году № 1842, на 7,3% у параўнанні з 2008 годам павялічыцца квота на вытворчасць гарэлкі і лікёра‑гарэлкавых вырабаў, што складзе 16,269 млн. дал. На 5,4% у параўнанні з 2008 годам павялічыцца квота на выпуск каньяку — да 270 тыс. дал, вытворчасць савецкага шампанскага і іншых ігрыстых вінаў узрасце на 12,4% да 1,4 млн. дал.

Паводле Белстата, у 2008 годзе продаж гарэлкі павялічыўся на 8,1%, лікёра‑гарэлкавых вырабаў — на 16,8%, вінаградных вінаў — на 3%.

У прынцыпе, цяжка чакаць, што дзяржава адмовіцца больш зарабляць на алкаголі. Але тады не зразумела, з чаго раптам беларусы стануць менш піць.
Асабліва калі ў краіне крызіс, а расслабляцца ў спортзалах і на стадыёнах шмат каму не ў кайф.

«Дырэктыўныя метады змагання з п'янствам састарэлі», — кажа дырэктарка ААТ «Mакані Коўчынг Цэнтр» Тамара Янкевіч.

Па словах трэнера цэнтру Юліі Мартынюк, «да залежнасці, у тым ліку і алкагольнай, вядзе неразвітасць унутранага міру. Нуда, унутраная пустэча і як следства — зліццё з чымсьці лёгка даступным».

Яна лічыць, што «пачынаць вырашаць праблемы трэба з сям’і».

Андрэй Кажамякін, Беларускія навіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0