Фота Вадзіма Заміроўскага

Фота Вадзіма Заміроўскага

Кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што жаданне траціны дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў паўторна балатавацца на выбарах — цалкам нармальна. Менавіта гэтыя людзі змогуць падзяліцца вопытам з новымі дэпутатамі парламента. Такое меркаванне Лідзія Ярмошына выказала журналістам перад пасяджэннем ЦВК, піша Tut.by

Па дадзеных ЦВК з дзеючых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў паўторна балатуюцца ў парламент 34 чалавекі, гэта значыць 31%, што цалкам адпавядае пажаданню Аляксандра Лукашэнкі.

У верасні ў час сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам кіраўнік Беларусі выказаў думку, што каля 30-35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце.

На думку Лідзіі Ярмошынай у такім жаданні дэпутатаў няма нічога незвычайнага.

— Па-першае, гэта асабістая справа саміх дэпутатаў — ісці на другі тэрмін. Па-другое, я б наогул сказала, што гэта вельмі нармальна. Калі мы звернемся да міжнароднага досведу, то там палітычная дзейнасць даўно з'яўляецца прафесійнай, дзе людзі, увогул, працуюць у парламенце або ў падобных структурах большую частку свайго жыцця, абіраючыся кожны раз у новае скліканне, — лічыць кіраўнік ЦВК.

Ярмошына таксама дадала, што такая колькасць дэпутатаў папярэдняга склікання ў абноўленым парламенце створыць пераемнасць і забяспечыць «самым неабходным вопытам навічкоў, што дазволіць ім пачаць працу цалкам паўнавартасна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0