10.10.2019 / 13:29

«Будзе велічна». Лідар беларусаў Літвы расказаў, як пройдзе перапахаванне Каліноўскага, і заклікаў суайчыннікаў сабрацца ў Вільні 10

Днямі ў Вільні прайшла ўрадавая нарада па перапахаванні паўстанцаў 1863 года. На яе быў запрошаны і старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Алесь Адамковіч. Ён расказаў «Нашай Ніве», як пройдуць урачыстасці 22 лістапада, ці можна разлічваць на бясплатныя візы і чаму на перапахаванні Каліноўскага павінна быць як мага больш беларусаў.

«Цырымонія пройдзе ўрачыста, у суправаджэнні вайсковай ганаровай варты, званоў. Калі будзе добрае надвор’е, далучыцца і духавы аркестр, — расказвае Алесь Адамковіч. — На дадзены момант пацверджаны ўдзел двух прэзідэнтаў — Польшчы і Літвы. З Польшчы увогуле плануецца вялікая ўрадавая дэлегацыя — і прэм’ер-міністр прыедзе, і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі. Прэзідэнт Латвіі пакуль не пацвердзіў свайго ўдзелу, прэзідэнт Украіны, хутчэй за ўсё, не будзе.

Па інфармацыі, якую я чуў, літоўскі МЗС накіраваў запрашэнне беларускаму МЗС, але не імянное, з просьбай да 31 кастрычніка прадставіць спіс асобаў, якія прыедуць на перапахаванне».

Могілкі Росы, Вільня. Фота Taigi, shutterstock.com.

Адамковіч заўважае: не хацелася б, каб амбасадар быў адзіным прадстаўніком беларускай дэлегацыі.

«Будзем спадзявацца, што візіт пройдзе на больш шырокім узроўні, бо яшчэ ёсць час для яго падрыхтоўкі і для таго, каб беларускі бок пачаў больш актыўныя дзеянні па ўдзеле ў перапахаванні», — дадае ён.

Падчас цырымоніі з прамовамі выступяць прэзідэнты: польскі — у катэдры, літоўскі — на могілках Росы. Чакаецца, што ўдзел у імшы возьмуць і беларускія біскупы.

Складанасцяў з тым, каб пабачыць цырымонію, не будзе. На катэдры і на могілках усталяюць вялікія экраны, на якіх запусцяць трансляцыю. Трансляцыя ў жывым эфіры чакаецца таксама на літоўскім і польскім тэлебачанні.

Таварыства беларускай культуры ў Літве разам з Беларускім грамадскім камітэтам па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863—1864 гадоў таксама рыхтуе мерапрыемствы з нагоды. Асноўныя запланаваны на 23—24 лістапада. Вядома, што будуць экскурсіі і канцэрт гурту Dzieciuki.

Для тых, хто хоча паехаць на ўрачыстасць, камітэт стварыў электронную рэгістрацыю. Могуць дапамагчы з засяленнем у гатэль ці хостэл. 

«Уздымалася пытанне і пра візы. Віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс сказаў, што беларусы заслугоўваюць гэтага падарунку, таму варта прапрацаваць умовы, каб была магчымасць атрымаць візу бясплатна або хаця б па спрошчанай праграме. Думаю, больш дакладна будзе зразумела на наступным тыдні», — дзеліцца Алесь Адамковіч.

«Няхай Каліноўскі пакоіцца са сваімі сябрамі тут на Росах, у горадзе, дзе і знайшоў свой вечны спачын», — кажа Адамковіч.

Алесь Адамковіч чакае, што на перапахаванне нацыянальнага героя прыедзе некалькі тысяч беларусаў.

«Засведчыць сваю прысутнасць мы можам бела-чырвона-белым сцягам», — кажа Алесь Адамковіч.

Нагадаем расклад мерапрыемстваў на 22 лістапада. Пачатак у 10.30 у Віленскім катэдральным касцёле Святых Станіслава і Уладзіслава. З 11 да 11.45 грамадскасць зможа развітацца з паўстанцамі. А 12-й пачнецца ўрачыстая імша, пасля якой парэшткі герояў на лафеце павязуць на могілкі Росы. Пахаванне адбудзецца а 14-й — паўстаўцаў пахаваюць у калумбарыі неагатычнай капліцы. А для лідараў паўстання Кастуся Каліноўскага і Зыгмунда Серакоўскага выдзяляць пачэсныя месцы.

Стала вядома, як маюць перапахаваць паўстанцаў Каліноўскага

НЛ

8
Кажыма праўду / Адказаць
10.10.2019 / 14:24
Абвяшчаецца змагарскае рушанне «На Вільню, да Кастуся». Абірайма транспарт (пехам, ровар, аўтобус, цягнік...), маршрут ды яднаймася ў патрыётаўскія дружыны пад БЧБ. На шляху наведвайма памятныя паўстанцкія мясціны, паўсюль навязваючы БЧБ-стужкі. З вышыні птушынага палёту разгарнецца грандыёзнае эпічнае відовішча: з усіх куткоў Беларусі ўрачыстыя людскія ручаіны сцякаюцца да Беларускае Мекі. Каго любіш?..
1
Inger / Адказаць
10.10.2019 / 14:26
I   SLUSZNA!
2
LitvinM / Адказаць
10.10.2019 / 14:38
Я з жонкай буду ў пятніцу 22 лістапада. Ужо ўсе падрыхтавана да прыезду
Паказаць усе каментары/ 10 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру