Аляксандра Лукашэнку ў сьвеце называюць апошнім дыктатурам Эўропы. Калі абрынуўся недэмакратычны рэжым ва Ўкраіне, многія прагназавалі, што наступнай у чарадзе будзе Беларусь. Пасьля эўфарыя зьмянілася пэсымізмам. Але пасьпешлівае прызначэньне датэрміновых выбараў на 19 сакавіка зблытала ўсе разьлікі. Пра імавернасьць магчымых пераменаў і іх перадумовы разважаюць палітолягі Віталь Сіліцкі, Валер Карбалевіч і Андрэй Казакевіч.

«Наша Ніва»: Ці бачыце Вы ў беларускім грамадзтве перадумовы для пераходу да дэмакратыі?

Віталь Сіліцкі: Пра гэта мы з пэўнасьцю даведаемся, калі перамены адбудуцца. Але адна перадумова для радыкальных зьменаў закладзеная ў саму канструкцыю ўлады. У сыстэме, заснаванай на неабсяжнай уладзе аднаго чалавека, заўжды адбываюцца радыкальныя зьмены, калі ён сыходзіць. А Ён ня вечны.

Валер Карбалевіч: Для радыкальных зьменаў неабходны крызіс, у нас пакуль няма ні сацыяльна-эканамічнага, ні палітычнага. Створаная Лукашэнкам мадэль паказвае сваю жыцьцяздольнасьць. Яна забясьпечвае ўзровень жыцьця, які палова насельніцтва лічыць прымальным. Узамен грамадзяне гатовыя цярпець парушэньне сваіх грамадзянскіх правоў. Гэтую выснову пацьвярджае высокі рэйтынг Лукашэнкі: звыш 50% паводле незалежных сацыёлягаў. Гэта больш, чым за тры месяцы да прэзыдэнцкіх выбараў 2001 г. Гістарычны досьвед сьведчыць: аўтарытарныя рэжымы левага тыпу церпяць крах у выніку эканамічнай неэфэктыўнасьці. Менавіта з гэтай прычыны згінуў сацлягер.

Андрэй Казакевіч: Мусіць быць адчуваньне неабходнасьці пераменаў. Іншая справа, калі размова ідзе пра «наяўнасьць аб’ектыўнай крызіснай эканамічнай ці палітычнай сытуацыі». Першае — гэта рэальная энэргія пераменаў, другое — толькі патэнцыйная. Падаецца, што «жаданьне» і «неабходнасьць» пакуль не дастаткова артыкуляваныя ў масавай грамадзкай сьвядомасьці.

«НН»: Ці ёсьць імавернасьць падзеньня рэжыму ў найбліжэйшы час і пры якіх абставінах?

Віталь Сіліцкі: Зьмена ўлады ў Беларусі тэарэтычна магчымая пры дзьвюх акалічнасьцях: страта кантролю за спэцслужбамі і антаганізаваньне ўладай больш шырокіх колаў насельніцтва, чым цяпер — калі ўсе рэпрэсіі падаюць на галовы вузкай сацыяльнай праслойкі. І да першага, і да другога, здаецца, яшчэ далёка.

Валер Карбалевіч: Такая імавернасьць невялікая. У Беларусі рэжым асабістай улады. Ён можа існаваць, толькі пакуль на чале яго стаіць сам Лукашэнка. Асоба кіраўніка тут незаменная. Любая спроба ягонай замены (напрыклад, у выпадку рэалізацыі праекту «Пераемнік») прывядзе да разбурэньня рэжыму. Асаблівасьць створанай у Беларусі сацыяльнай мадэлі палягае ў тым, што ўсе яе элемэнты і структурныя часткі жорстка счэплены адна з адной. Гэта закон функцыянаваньня ўсіх аўтарытарных і таталітарных сыстэм. У гэтым іх моц і ў гэтым іх і слабасьць. У недэмакратычных сыстэмах выпадзеньне аднаго кубіка разбурае ўсю піраміду. Такім кубікам можа быць што заўгодна: хваляваньні на буйным заводзе, павышэньне цэнаў на газ, міжнародныя санкцыі. Крах камуністычнага рэжыму ў Польшчы пачаўся з страйку на Гданьскай суднавэрфі.

Андрэй Казакевіч: Павінна быць падзея, якая парушыла б маналітнасьць сыстэмы і яе «сымбалічны парадак» і мела б наступствамі страту ўладамі легітымнасьці. Пад легітымнасьцю я маю на ўвазе гатоўнасьць падпарадкоўвацца існым правілам палітычнае гульні і электаральнага працэсу. Такую падзею — выбары, страйк, рэпрэсіі — цяжка спрагназаваць. Гэтаму павінна папярэднічаць агульная эрозія сыстэмы. Але ёсьць адчуваньне, што зараз мы знаходзімся на піку яе кансалідацыі.

«НН»: Ці могуць перамены адбыцца шляхам выбараў?

Віталь Сіліцкі: Калі раптам спатрэбілася праводзіць выбары ў пажарным парадку, то, мабыць, і такое магчыма.

Валер Карбалевіч: Досьвед каляровых рэвалюцый дазваляе вывесьці формулу перамогі дэмакратыі: заваёва перамогі на выбарах плюс вулічныя акцыі. Права на ўладу патрэбна легітымізаваць. Ніякіх іншых спосабаў легітымізацыі, акрамя выбараў, не існуе. Тут цікавы досьвед Украіны. Пасьля «касэтнага скандалу», забойства Гіі Гангадзэ там прайшлі масавыя маніфэстацыі пад лёзунгам «Украіна бяз Кучмы». Але яны не змаглі зрушыць рэжыму. А вось калі кандыдат аб’яднанай апазыцыі В.Юшчанка атрымаў большасьць на выбарах і інфармацыя была данесеная да насельніцтва, людзі выйшлі на Майдан і адстаялі перамогу. Каб абараняць перамогу, гэтая перамога павінна быць. Калі апазыцыйны кандыдат не атрымае большасьці на выбарах, людзі ня пойдуць на беларускі Майдан. Так было ў 2001 г.

Андрэй Казакевіч: Ёсьць два сцэнары. Першы: апазыцыя мае перавагу ў электаральнай падтрымцы, і выбары маюць празрысты характар. Але гэта не сцэнар для 2006 г. Другі: выбары выкарыстоўваюцца як нагода ці «падзея» для дэлегітымізацыі сыстэмы і «прасоўваньня» зьмена. Такая падзея здольная зьмяніць палітыку ўлады, але няма гарантый, што такія зьмены будуць да лепшага. Кансалідаваныя аўтарытарныя рэжымы рэдка зьмяняюцца народам — для гэтага неабходны зьбег унутраных і зьнешніх абставінаў — у тым ліку і пэўны досьвед «эрозіі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?