Дакладней было б сказаць, што мова пра «паўзучую помніканізацыю», але словы гэтыя я выкарыстоўваю ў станоўчым сэнсе, хоць і з пэўным жалем. Бо працэс гэты вымушаны і ў нейкай ступені унікальны. Прычынаў гэтай вымушанасьці бадай дзьве: палітычны рэжым краіны і баязьлівасьць мясцовай улады. Улады баяцца называць новыя помнікі імёнамі, помнікі гэтыя безназоўныя.

Але дзякаваць Богу, што скульптуры і не абы‑якія, бронзавыя, пачалі зьяўляцца ў асяродзьдзі старой забудовы, пераважна на гэтак званай Гарадніцы ‑‑ прадмесьці часоў апошняга караля. Зіма для помнікаў ‑‑ самы цікавы час, самы адпаведны, на маю думку… Мне хочацца на паветра, хочацца прасьвяжыць галаву перад працай, хочацца ўбачыць пэрсанажаў гарадзенскай гісторыі і набыць сьвежыя газэты.

Гарадзенцы штораз чыталі пра зьяўленьне ў іншых беларускіх гарадах помнікаў славутым гістарычным асобам, прычым з подпісамі. Гэта было дзіўна, канешне, але яшчэ больш непрыемна зьдзіўляліся гарадзенцы, што мясцовае начальства стаяла сьцяной, не пушчала манумэнтальнае мастацтва ў былое каралеўскае места. Нават дошкі мэмарыяльныя былі пад забаронай. Выпадкова павесілі адно нейкаму выкладчыку, якіх у мясцовых вну за апошні час былі тысячы. Тысячы! А вось Кастусь Каліноўскі або Васіль Быкаў па‑ранейшаму ў адзіным ліку ў нас. Аднак ім, хаця афіцыйныя рашэньні пра шыльды даўно прынятыя, ставіць не дазваляецца. «Дорага»! Хаця ў брук умараваны за апошнія тры гады тысячы гранітных плітаў. Каліноўскаму і Быкаву шкада…

Уніз Тэлеграфнай вуліцай, якую забудоўваць пачалі ў другой палове васемнаццатага стагодзьдзя, якраз калі паўставала Гарадніца, куды кіруе сама вуліца. Старая добрая наша Ажэшка на пастамэнце ў канцы Тэлеграфнай, восемдзесят гадоў ёй, гранітнай. Уздоўж Гараднічанкі спускаюся ў Швэйцарскую даліну, перад мостам на бронзавай лаве сядзіць бронзавы Дж.Сака, выбачайце «дойлід Гарадніцы», такая афіцыйная назва аднаго з двух самых сьвежых гарадзенскіх помнікаў. Тое, што ён меў уласнае імя і быў каралеўскім архітэктарам у Горадні, а затым і галоўным архітэктарам ВКЛ ‑‑ ні слова. Калі скульптар Анціпін яго паставіў, то мусіў тлумачыць народу, што гэта сапраўдны спадар Сака з Італіі. Сёньня дойліда прысыпала сьнегам: капялюш, плечы, каленкі, найбольш незвычайна, што ногі ў яго у сёмётах і чаравікаў не відаць.

Здарэньнем стала, што ў адзін дзень паставілі безназоўнага Сака, а за мостам, у другой частцы Швэйцарскай даліны ‑‑ дзяўчыну‑Гараднічанку ‑‑ таксама на беразе… Але першым больш чым за дзесяць гадоў помнікам стаў Жылібэр, каралеўскі батанік, таксама безназоўны, паводле дакумэнтаў «гараджанін васемнаццатага стагодзьдзя». Што ж, таксама някепска… Адкрыцьцё чакалася нават сапраўднае, але ўлады сталі цягнуць. А потым задаволенаму працай аўтару Панцялееву патлумачылі: скульптура безназоўная, «паркавая», адкрыцьцё афіцыйнае не прадугледжана.

Далей па вуліцы аграмадны бронзавы бюст Міцкевіча, падарунак варшаўскіх уладаў, гарадзенскія мусілі сьцяць зубы і прафундаваць пастамэнт. Помнік падпісаны. Але я вяртаюся, нале‑ва! ‑‑ яфрэйтар ці нават сяржант са сьцягам, таксама, хіба, бяз подпісу. А справа: о‑о! Наш гарадзкі камандор валатоўскіх памераў, з залатым подпісам. Крыху далей, ля старых камяніц леташні Купідон, голы як мае быць, але цнатлівы, якому, на просьбу начальства, схавалі штосьці. Уніз па Віленскай і ‑‑ чорны лебедзь у вадзе, бяз подпісу, але з крыламі.

Вось як вылузалася нашае начальства спрытна: і авечкі цэлыя… Можна запрашаць зараз замежных турыстаў, у нас цяпер ня толькі танк і Ленін! Чыноўнікі спадзяюцца на нашаю спагаду: мы таксама людзі, вы нас зразумейце, для помніка з імем трэба пастанова саўміну, а для паркавай скульптуры ‑‑ неабавязкова. Пасьля наступнага кілішка: а як ты зьвернешся ў саўмін з просьбай ‑‑ дазвольце нам паставіць, напрыклад, каралеўскага дохтура, які лячыў ягамосьцяў п’яўкамі або дайце дазвол на самога Стэфана Баторыя адыёзнага, які Маскву хацеў скарыць! Нам адкажуць: вам тут не Амэрыка, помнікі партрэтам ставіць з бакса!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?