Несправядліва, што мала сказана пра апошні выпуск «Эканомікі на пальцах» Сяргея Чалага.

Перадача выходзіла з лютага 2011-га года і зрабіла немалы ўнёсак у ключавую дыскусію беларускіх 2010-х.

Гэта пытанні, якія былі востра пастаўленыя ў час перабудовы. Той гістарычны момант спарадзіў спрэчкі пра эфектыўнасць, рост і дабрабыт. Парваўшы з традыцыямі сацыялістычнай мадэрнасці, названай «камандным гаспадараннем», публіцыстыка перабудовы спадзявалася на складаныя сістэмы, рынак і свабоду. Гаворка ішла пра «абуджэнне гаспадара», новыя формы ўласнасці і спосабы гаспадарання. 

Цікава, што часткай гэтага гістарычнага моманту быў і Лукашэнка. Ён узначальваў тады саўгас, у якім уводзіліся прагрэсіўныя элементы новай эканомікі — арэнда, падрад.

Нездарма Чалы звярнуў увагу на падабенства эканамічнай палітыкі першай паловы 2010-х з ранняй перабудовай. Ідэі паскарэння, якія ў сучаснай Беларусі сталі мадэрнізацыяй, адмаўлялі неабходнасць структурнай трансфармацыі эканомікі і грамадства.

Героі гэтай гісторыі — Васіль Мацюшэўскі, Сяргей Румас, Павел Калаўр. Але пунктам зборкі гэтай гісторыі быў грамадскі дыскурс. Каб не Чалы і ягоныя калегі з фабрык думкі, гэтая гісторыя засталася б нерасказаная. Незаўважаная.

Эфектыўны ўдзел Чалага ў гэтым калектыўным story telling тлумачыцца шэрагам перадумоў. Сам прадмет гаворкі, «цвёрдая рэчаіснасць» эканамічных працэсаў, задае адмысловы фармат гутаркі. Ён менш магчымы ў галіне культуразнаўства, дзе заўсёды існуе рызыка замясціць прадметныя меркаванні ацэначнымі.

Як рабіўся кожны эпізод, як яму папярэднічала мэта і сцэнарый хадоў, Чалы расказвае ў апошнім эпізодзе сам.

У цэлым жа, і гэта галоўнае, «Эканоміка на пальцах» вучыла (і ўсё яшчэ вучыць: серыял нікуды не знік, ён даступны для прагляду) эмпірычнай адказнасці. Яна дэманструе рацыянальны аргумент, прывязаны да крыніц. Пры жаданні, можна назіраць, як паасобныя прыёмы — напрыклад, герменеўтыка прамоў Лукашэнкі — набліжаюцца да прадукцыйных даменаў сучаснай гуманітарыстыкі, накшталт нямецкай «новай гісторыі палітыкі».

Іменна гэтыя рэчы дазволілі серыялу стаць адным з істотных вузлоў у сетцы індывідуальных выказванняў, якія разам і стварылі галоўнае беларускае пытанне 2010-х. Яно не новае, не павінна было быць новым. Але яму ўласцівыя дынаміка, змястоўнасць, непрадказальнасць. Што найбольш спрыяе эфектыўнасці і росту? Планавае размеркаванне, арганізаванае дзяржавай, ці самастойныя сістэмы накшталт рынку?

Таму апошні эпізод «Эканомікі на пальцах» — як фінал Community: poignant. Пра індывідуальныя стратэгіі выжывання і будучыню сістэм і калектываў. Пра прапушчаныя магчымасці і няслушныя рашэнні. Пра лінейную плынь часу і немагчымасць вяртання.

І яшчэ адзін аспект — тое, што было прынята называць беларушчынай. Мне няёмка чытаць эсэ Дубаўца пра пахаванне Каліноўскага — але, магчыма, нехта атрымае ад яго асалоду. Мне здаецца шкодным праграмнае выступленне арганізатараў фестывалю «Абдзіраловіч» — але ясна, што той-сёй падзяляцьме і вітацьме гэтыя ідэі.

Была вельмі старая мара беларускага нацыяналізму. Ужыўшы эканамічную метафару, гэтая мара была пра «выхад на сусветныя рынкі». Ад спадзяванай літаратуры, якую ўбачаць «вякі і народы», праз «сусветны струмень культуры» (Цыхун у сярэдзіне 1990-х) — да «праблем вялікага свету» з рэдакцыйнага ліда «НН» да дзённікаў Святланы Курс.

«Эканоміка на пальцах» дае багата ўзораў гэтага. Уласна, найлепшыя моманты ў разважаннях Чалага — гэта ўключэнне беларускіх праблем у сусветны кантэкст. Яны ў ім не выглядаюць недарэчнымі. І зварот да Адама Туза, Дэвіда Грэбера ці Пітэра Лізана ўзбагачае развагу.

Гэтага няма ў эсэ Дубаўца. Па-над беларускай культурай расцярушанае сёння адчуванне, што вычарпанне вонкавых уплываў стварае тэрыторыю свабоды. Вызваляе ад неабходнасці чытаць на замежных мовах, шукаць новыя артыкулы ў прафесійных часопісах, чытаць рэцэнзіі на новыя кніжкі. Прапануецца проста чытаць Абдзіраловіча.

Да чаго прыводзяць такія стандарты прафесіяналізму (аўтарызацыі маўлення), відаць у віленскай дыскусіі паміж Смаленчуком і Дынько.

Уявіўшы магчымую нязгоду праваслаўных з перапахаваннем Каліноўскага ў Мінску, абодва дыскутанты не задаліся пытаннямі пра межы палітычнага калектыву, рэжыму ўдзелу і прынцыпы салідарнасці.

Сталі спрачацца пра тое, што скажа Лукашэнка. Якая ўжо тут «новая гісторыя палітыка», з ейным акцэнтам на камунікацыі і сімвалічным дзеянні: «Давайце ацэньваць не проста словы чалавека, а яго дзеянні».

Багата часу дыскусія выдаткавала, высвятляючы, ці цяперашняя Беларусь — не заходнеруская дзяржава.

У такім разе гэта сапраўды поспех, што Дынько не пакінуў незаўважаным звычны інтэлігенцкі рэфлекс пра палітычныя гульні.

Пасля «Эканомікі на пальцах» слухаць рэплікі пра заходнярускую дзяржаву — прыкра і ніякавата. Гэта станоўчы эфект. Але ён не толькі эстэтычны. Ён мог бы мець і практычны бок.

У канцы 1980-х традыцыйныя дамены беларускага нацыяналізму — гістарыяграфія, публіцыстыка і эсэістыка, культурная і літаратурная крытыка — былі часткай агульнага гістарычнага моманту. Разбор неэфектыўнасці сацыялістычнай мадэрнасці быў клопатам, які злучаў артыкулы Пётры Садоўскага і Георгія Коласа з эканамічнай публіцыстыкай Змітрака Марозава і «чарнобыльскімі» тэкстамі Алеся Крыгі.

«Эканоміка на пальцах» расказвала пра рэчы, якія сёння ствараюць тканіну штодзённага разважання ў Беларусі. Гэта варты ўзор для беларушчыны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0