У сувязі з перапісам забаўна назіраць, як некаторыя беларусы, носьбіты і прыхільнікі расейскай мовы, часам могуць заявіць — «гэта наш выбар». Хм, вы сур’ёзна?

У тым і рэч, што не было ніякага выбару, вы нічога самі не выбіралі. Вы проста нарадзіліся ў расейскамоўнай сям’і, у расейскамоўным асяродзьдзі, хадзілі ў расейскамоўную школу, потым інстытут, у расейскамоўным (пераважна) горадзе — дзе тут сьвядомы выбар? Усе вакол гаварылі па-расейску, так было прынята, так было патрэбна, так было бясьпечна.

Беларус, гадуючыся ў сёньняшняй Беларусі, «аўтаматычна», ад дзяржавы і грамадзтва, атрымлівае ня толькі расейскую мову, але і базавую расейска-савецкую культурную ідэнтычнасьць, трошкі разбаўленую пэўнымі беларускімі элемэнтамі, беларускім арнамэнтам, я б сказаў. «Мой дядя самых честных правил», «Ну и гадость эта ваша заливная рыба», «Если б знали вы, как мне дороги подмосковные вечера» — знакі і сымбалі, якія пазнае кожны «звычайны» беларус.

Вось калі вы пятае пакаленьне рускіх мігрантаў у Парыжы, і ў сям’і захавалі сваю расейскую мову праз 100 гадоў міграцыі — тады гэта рэальна «ваш выбар».

А расейскамоўнасьць, рускакультурнасьць у Беларусі… гэта проста прадукт разьвіцьця сёньняшняй беларускай дзяржавы, вы проста з гэтым нарадзіліся і нічога не зрабілі, каб гэта зьмяніць.

Гаварыць, «расейская мова — гэта мой сьвядомы выбар» — гэта ўсё роўна, што сказаць «Я нарадзіўся мужчынам, і гэта быў мой сьвядомы выбар».

У выніку кожны чалавек, хто зараз на перапісу выбірае беларускую мову — ён робіць сапраўды ўласны выбар. А хто ў нашай канкрэтнай сітуацыі пазначае расейскую — ён ня робіць ніякага ўласнага выбару, ён проста прадукт сыстэмы і «ахвяра абставінаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?