Колькасць ахвяр тайфуна «Хагібіс», які абрынуўся на Японію, дасягнула 21 чалавека, паведамляюць інфармагенцтвы. Яшчэ 16 чалавек прапалі без вестак і каля 150 атрымалі траўмы.
Тайфун ударыў па Японіі ў суботу. Мясцовыя ўлады абвясцілі максімальны ўзровень пагрозы ў 12 прэфектурах цэнтральнай часткі краіны, у тым ліку Токіа.
У прэфектурах Нагана і Сайтама адбыліся буйныя паводкі з-за разліву рэк. Мясцовыя жыхары вымушаныя чакаць дапамогі на дахах сваіх дамоў, адкуль іх эвакуююць верталётамі.
Праца сталічных аэрапортаў Ханэда і Нарыта адноўленая, аднак чыгуначны рух, у тым ліку ў Токіа, па-ранейшаму абмежаваны. Улады абяцаюць нармалізаваць сітуацыю на працягу нядзелі.