Бакі дасягнулі пагаднення, якое павінна дапамагчы курдам адбіць наступ Турцыі. Раней стала вядома, што сірыйскія войскі рушылі ў паўночныя часткі краіны.
У рамках пагаднення, дасягнутага паміж курдскімі групоўкамі і Дамаскам, урадавыя войскі Сірыі будуць размешчаны па ўсёй даўжыні сірыйска-турэцкай мяжы, каб дапамагчы адбіцць наступ Турцыі. Пра гэта гаворыцца ў заяве курдскага боку, паведамляе Reuters.
Разгортванне войскаў падтрымае «Сірыйскія дэмакратычныя сілы» (СДС) у іх супрацьстаянні з «агрэсіяй і паспрыяе вызваленню раёнаў, куды ўвайшла турэцкая армія і наёмнікі», гаворыцца ў заяве.
Раней стала вядома, што сірыйская армія рушыла ў паўночныя часткі краіны, кантраляваныя курдамі. Ці было нейкае пагадненне паміж Дамаскам і курдскімі групоўкамі, заставалася незразумелым.
Амерыканскія вайскоўцы паспешліва пакідаюць паўночныя раёны Сірыі. Да апошняга там размяшчалася прыкладна тысяча амерыканскіх байцоў Сіл спецыяльных аперацый.
Курды абвінавацілі ЗША ў фактычнай здрадзе, калі прэзідэнт Трамп пастанавіў вывесці амерыканскіх вайскоўцаў з зоны, якую хоча заняць Турцыя.