Учора ў Мінску, ля вайсковай паліклінікі, выпадкова сустрэліся два жаўнеры — Франак Вячорка і Зміцер Хведарук.
Нагадаем, лідэра «Моладзі БНФ» Франака Вячорку, якога прымусова прызвалі ў армію, 18 лютага даставілі ў рэспубліканскі вайсковы шпіталь у Мінску. У Франака заўважаныя павышаны ціск і праблемы з сэрцам. У шпіталь яго палажылі на абследаванне.
А ў Змітра Хведарука, аднаго з лідэраў «Маладога фронту», які праходзіць службу ў Жодзіне, медыкі знайшлі варыкознае пашырэнне вены. Цяпер яму патрэбна аперацыя.
Ля вайсковай паліклінікі, што побач са шпіталём, выпадкова і сустрэліся Франак Вячорка і Зміцер Хведарук.
Але Зміцер не будзе лячыцца разам з Франакам — у шпіталі не хапіла месца для вайскоўца‑маладафронтаўца, і аперацыю перанеслі на некалькі тыдняў.
Хведарука шпіталізуюць толькі 14 сакавіка. Маладафронтаўца вярнулі назад у вайсковую частку.
Затое Зміцер Хведарук павёз да месца службы каштоўны падарунак. Аляксей Шэін, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», прынёс яму 4 асобнікі «Расейска‑беларускага вайсковага слоўніка» Станіслава Судніка і Сяргея Чыслава.