На фота Ганна Багачова (у цэнтры) з прэс-сакратаром «Рускага вобразу» Яўгеніем Валяевым (першым злева), трэці злева — кіраўнік Румола Сяргей Лушч, тэлеграм-канал Парадачак
Ганна Багачова, якая была затрыманая ў Мінску, знаходзіцца на волі.
Пра гэта паведамляе РІА Навіны са спасылкай на пасольства Расіі ў Мінску.
Пазней інфармацыю ў сваім тэлеграм-канале пацвердзіла МУС.
«Ганна Багачова была затрыманая ў адной з гасцініц горада Мінска, бо знаходзілася ў міжнародным вышуку. Ва ўстаноўленым парадку матэрыялы былі перададзеныя для вывучэння і прыняцця рашэння ў пракуратуру. У цяперашні час яна адпушчаная», — адзначае МУС.
Пра затрыманне Ганны Багачовай у Мінску стала вядома раніцай 15 кастрычніка. Пазней інфармацыю пацвердзілі ў МЗС Расіі; член Грамадскай палаты Аляксандр Малькевіч удакладніў, што жанчыну затрымаў Інтэрпал па запыце ЗША ў рамках справы аб умяшанні Расіі ў амерыканскія прэзідэнцкія выбары 2016 года.
Ганна Багачова — супрацоўніца пецярбургскага «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» (г.зв. «фабрыкі троляў») — разам з яшчэ 12 расіянамі абвінавачваецца Мінюстам ЗША ва ўмяшанні ў амерыканскія выбары. Сярод абвінавачаных фігуруе бізнэсмэн Яўген Прыгожын, што, як і Багачова, знаходзіцца пад санкцыямі ЗША. Амерыканскія ўлады звязваюць «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» са структурамі, якія маюць дачыненне да Прыгожына.