Грузія знайшла адмысловы спосаб падпусціць шпільку на адрас расейскага прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна. Гаворка вядзецца пра песню, якая, пэўна, паедзе на штогадовы песнявы турнір «Еўрабачання», каторы сёлета, дзякуючы леташняй у ім перамозе поп-спевака Дзімы Білана, адбудзецца якраз у Маскве.

Паводле BBC песня, што прадстаўляе Грузію ў спаборніцтве, запісаная ў стылі дыска-панку ды называецца We Don’t Wanna Put In (the negative move), гульня словаў, якую можна адвольна перакласці з ангельскае, як «Мы не хочам рабіць (адмоўны крок)», але і як «Нам не патрэбны Пуцін, (адмоўны крок)». Фармальна назва, якая ў дадатак з’яўляецца і прыпевам, не парушае правілаў «Еўрабачання», загадваючых спевакам не прыўносіць палітыкі ў тэкст песняў-спаборніц.

Праз узброены канфлікт паміж Расеяй і Грузіяй улетку апошняя была абвясціла, што адмаўляецца ад ўдзелу ў конкурсе, але ўрэшце грузіны перадумалі.

Песню выконвае гурт G3, які складаецца з спевака Стэфана і жаночага трыо, якіх галасаваннем абралі гледачы грузінскага нацыянальнага каналу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?