У Нідэрландах паліцыя выявіла сям'ю, якая на працягу дзевяці гадоў жыла ў падвале, чакаючы канца свету, піша BBC.
58-гадовы мужчына і шасцёра яго дарослых дзяцей, якім ад 16 да 25 гадоў, жылі на ферме.
Іх знайшлі пасля таго, як сын замовіў піва ў бары ў суседнім сяле, а потым паведаміў работнікам, што яму патрэбна дапамога. Ён выглядаў разгубленым.
Па словах уладальніка бара Крыса Вестэрбека, ён замовіў пяць порцый піва і выпіў іх.
«Тады я пагутарыў з ім, і ён расказаў, што ўцёк і просіць дапамогі… тады мы выклікалі паліцыю», — сказаў ён.
Вестэрбек дадаў, што ў яго былі доўгія валасы, брудная барада, старая вопратка.
«Ён сказаў, што ніколі не хадзіў у школу і не быў у цырульніка дзевяць гадоў», — сказаў уладальнік бара.
Па словах Вестэрбека, мужчына расказаў, што жыў з малодшымі братамі і сёстрамі ў ізаляцыі на ферме і ўсвядоміў, што яны павінны выбрацца адтуль.
Па наводцы маладога чалавека, паліцэйскія зайшлі ў дом і за шафай у гасцінай выявілі лесвіцу, якая вяла ўніз, у склеп, дзе жыла сям'я.
58-гадовы гаспадар сямейства адмовіўся супрацоўнічаць са следчымі. Яго арыштавалі, і цяпер праводзіцца расследаванне.
Невядома, як доўга сям'я пражыла ў склепе і што адбылося з маці дзяцей. Аднак, па словах мэра мястэчка, жанчына памерла.