На перамовах трохбаковай кантактнай групы (ТКГ) у Мінску прадстаўнікі Украіны назвалі ўмовы для адводу войскаў на Данбасе і рэалізацыі палітычнай часткі Мінскіх пагадненняў. Пра гэта паведаміла ў Facebook прэс-сакратар прадстаўніка Украіны ў ТКГ Леаніда Кучмы Дарка Аліфер.
Украінская дэлегацыя нагадала шэраг патрабаванняў для выканання палітычнага блока пытанняў мінскіх пагадненняў, што, як адзначаецца, адпавядаюць і самім пагадненням, і ўкраінскаму заканадаўству, і міжнароднаму праву:
- роспуск «ЛНР» і «ДНР»
- поўнае спыненне агню
- забеспячэнне эфектыўнага маніторынгу назіральнікаў АБСЭ на ўсёй тэрыторыі Украіны
- вывад з тэрыторыі Украіны ўзброеных фармаванняў замежных войскаў і тэхнікі
- развядзенне сіл і сродкаў уздоўж усёй лініі судакранання
- забеспячэнне працы ЦВК, украінскіх палітычных партый, СМІ і замежных назіральнікаў у непадкантрольных украінскай уладзе раёнах
- ўсталяванне кантролю над непадкантрольным Украіне ўчасткам расійска-ўкраінскай мяжы
У Мінску ўкраінскія прадстаўнікі запатрабавалі спынення абстрэлаў на Данбасе, у прыватнасці, раёнаў горада Залатое і пасёлак Пятроўскага, дзе павінна адбыцца развядзенне войскаў.
Украінскі бок адзначаў, што такое развядзенне можа адбыцца толькі пры ўмове захавання 7-дзённага рэжыму цішыні на гэтых участках, але сепаратысты не прыбіраюць ад лініі судакранання цяжкую артылерыю, затое размяшчаюць на перадавой танкі і мінамёты.
Таксама на перамовах з боку ўкраінскіх прадстаўнікоў прагучала патрабаванне выхаду непадкантрольных раёнаў Данбаса з рублёвай зоны і вяртанне прадпрыемстваў пад украінскую юрысдыкцыю.
Перамовы праходзілі на фоне абстрэлаў на Данбасе, у выніку якіх 15 кастрычніка загінулі двое вайскоўцаў.