Цэлая аперацыя па выратаванні кацяня, якое заскочыла на кола прытармазіўшай машыны, разгарнулася ў раёне перасячэння праспекта Незалежнасці з вуліцай Русіянава, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Кіроўца «Таёты» рухаўся па Русіянава, але вымушаны быў рэзка спыніцца пасля таго, як заўважыў кацяня, што выбегла на праезную частку.

Жывёлінка хуценька схавалася пад машынай. Уключыўшы аварыйную сігналізацыю, кіроўца выйшаў з машыны і пачаў шукаць хвастатага. Пераканаўшыся, што мяўканне раздаецца з-пад машыны, паспрабаваў высветліць месцазнаходжанне жывёлы.

На дапамогу прыбыў і экіпаж ДАІ, які знаходзіўся недалёка ад скрыжавання.

Супрацоўнік ДПС Першамайскага раёна Андрэй Герман выказаў здагадку, што кот залез пад заднюю левую арку аўтамабіля. Пачалася аперацыя па выратаванні жывёлы. Ката выцягнулі, але не ўтрымалі. Ён вырваўся і заскочыў ужо на правае пярэдняе кола. Відавочцы, што заспелі гэтую кранальную карціну, падбадзёрвалі і кіроўцу, і супрацоўнікаў ДАІ, прапаноўваючы сваю дапамогу.

— Гэта ўжо другі выпадак у месяцы, калі прыходзіцца даставаць жывёлу з аўтамабіля, — прызнаўся А. Герман. — У першым выпадку кошка перабягала дарогу таксама на праспекце, прыйшлося нават на кароткі час перакрыць рух.

Яе злавілі, і я аднёс котку ў дзяжурную машыну. Але і тут хвастатая ўмудрылася залезці пад бартавую панэль. Пасля чарговага выратавання я падарыў кошку сябру. І вось, сёння зноў паласаты! Дарэчы, на гэты раз хлопчык. Чорна-белы герой падрапаў мне ўсе рукі, пакуль даставалі яго з-пад машыны.

Спатрэбілася нямала часу, каб супакоіць напалоханую жывёлу. Супрацоўнікі ДАІ купілі яму корм і малако. А. Герман вырашыў забраць кацяня дадому, а імя двухмесячнаму паласаціку выберуць увечары ўсёй сям'ёй.

Увосень, калі пачынаюцца першыя халады, кошкі ў пошуку цяпла часта залазяць пад капоты машын. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі нагадваюць кіроўцам, што перад тым, як завесці аўтамабіль, варта пераканацца, што пад капотам машыны не знаходзіцца жывёла.

— Не лянуйцеся, зазірніце пад днішча ці хаця б лёгенька стукніце па капоце, — звяртаецца супрацоўнік ДПС аддзела ДАІ УУС Першамайскага раёна да мінчукоў. — Гэта зойме не больш за хвіліну, але, магчыма, выратуе чыёсьці жыццё!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0