16.10.2019 / 17:49

«У беларускамоўнай ясельнай групе да майго дзіцяці звяртаюцца па-руску. Што рабіць?»  абмяркоўвайце!  16

Допіс выкладчыка астраноміі Ліцэя БДУ і папулярнага фатографа Віктара Малышчыца выклікаў вялікі розгалас, бо яго сітуацыя аказалася тыповая. 

«Так сталася, што толькі сёння ў гэтым годзе мае Адэлька і Юстынка пайшлі ў садок. Канешне, калі атрымлівалі накіраванне ў аддзеле адукацыі, сказалі, што хочам беларускамоўнае навучанне — у нашым раёне адразу прапанавалі садок №314 (гэта пра Мінск). Мы былі і рады, бо пра яго чулі шмат добрых слоў менавіта ад беларускамоўных бацькоў.

Дзяўчат раскідалі па розных групах, хоць і хацелася, каб яны былі разам: Адэльку — у старэйшую рознаўзроставую, Юсю — у ясельную. Сказалі, што садок не ўвесь беларускамоўны, а толькі гэтыя дзве групы — ну, дзякуй і за гэта.

Але ў гэтай самай ясельнай групе з парогу да нас звярнуліся па-руску і ўся камунікацыя ішла толькі на гэтай мове. На пытанне «WTF?» быў атрыманы адказ, што, маўляў, большасць дзяцей у групе рускамоўныя, таму мы гаворым так, каб ім было зручней. Выхавацелька дадала: «Ну, калі дзіцё звяртаецца па-беларуску, я і адказваю яму па-беларуску». Дык гэта ж яслі! Там дзеці не тое што мовы яшчэ не ўмеюць адрозніваць — некаторыя і проста гаварыць яшчэ не да канца навучыліся.

Яшчэ ўлетку нам казалі, што ўсё будзе ў парадку, што да іх у яслі нават з-за горада бацькі возяць дзяцей, каб вучыцца па-беларуску. Але як бачу, можна было б і не вазіць, а проста аддаць у рускі садок праз дарогу. Для мяне такі падыход дзіўны: на ўвесь раён гэта адзіная беларуская група. Рускамоўныя бацькі ведалі, што аддавалі дзяцей у беларускую групу. Таму няхай або яны вучацца па-беларуску, або няхай бацькі выберуць іншы садок — у радыусе кіламетра там іх яшчэ тры. Мы ж нашмат далей возім — і нічога страшнага.

Таму маю пытанне да тых, хто з такой праблемай сутыкаўся або ведае што-небудзь па тэме: што параіце зрабіць у такой сітуацыі? У мяне толькі адна ідэя — паспрабаваць паразмаўляць з загадчыцай, намякнуўшы, што прыйдзецца скардзіцца ва ўсе інстанцыі. А калі нічога не зменіцца, то скардзіцца. Але не факт, што гэта прынясе плён, а адносіны да сваіх дзяцей сапсую дакладна. Скажыце, як гэтыя групы прапісваюцца ў дакументах — як з беларускай мовай навучання ці з беларускай і рускай? І ці будуць яшчэ якія ідэі?

Ведаю, што пытанне такое шмат разоў уздымалася. Безліч «беларускамоўных» груп у Мінску такімі з'яўляюцца толькі фармальна. А большасць «беларускамоўных» школ за межамі Мінска таксама застаюцца такімі толькі на паперы. Але пра 314-ы садок такога ніколі раней не чуў…»

NN.by

4
Ales' / Адказаць
16.10.2019 / 18:10
Тая самая фігня. Беларускамоўныя яны толькі на паперы.
7
Кажыма праўду / Адказаць
16.10.2019 / 18:45
Што рабіць?
Паступаць у педагагічны інстытут – у Беларусі пільны недахоп беларускамоўных настаўнікаў ды выхавальнікаў.

«Змагар» гэта не пра «плошчу», гэта пра жыццё дзеля Беларусі. Годзе чакаць ласкі ад добрага дзяржаўнага дзядзечкі, мацуйма грамадзянскую супольнасць.
0
Юзік Крулеўскі / Адказаць
16.10.2019 / 20:15
Кажыма праўду,

У прынцыпе -- згодны. Так павінна быць! Але, каму адрасаваны гэты Ваш зварот? Тым студэнтам, якія не прайшлі конкурсны адбор на прэстыжныя прафесіі, і вымушаныя былі пайсці на ніжэйшую -- беларуская мова і літаратура. Не! Гэта павінна быць свядомае пакліканне, як і ў святара, напрыклад. А такіх пакуль няма! Ды й школ беларускіх няма!

Вось, колькі не сустракаў сярод знаёмых настаўнікаў беларускай мовы -- усе прынцыпова размаўляюць на людзях па-руску. Беларуская мова для іх -- проста прафесія, як у некага -- слесар-сантэхнік.

За тое ў мяне шмат знаёмых, якія маюць адукацыю педагога: выкладчыка рускай мовы, выкладчыка нямецкай мовы, выкладчыка матэматыкі... Усе зацятыя беларускія нацыяналісты!

У 1994-м я, як і ўсе нармальныя людзі, збіраў подпісы за вылучэння Пазьняка. Хадзіў па кватэрах. Простыя рабацягі ветліва запрашалі за стол, ставілі гарбату, хацелі выказацца ў падтрымку, урэшце падпісваліся. Заходзіш у кватэру насупраць... Нейкая цётка крыху  прыадчыняе дзверы... -- А я не буду падпісвацца за Пазняка! Я -- настаўніца беларускай мовы! Адкуль Пазняк узяў такія словы: газэта, пэнсія... І зачыняе дзверы. Ну, і паспрабуй з ёй падыскутаваць! Я, напрыклад, параіў бы ёй падыйсці на бліжэйшай крамы "Пенсіянер". Там (1994-м) толькі і пачуеш сярод бабулек -- а ў газэце пісалі ...., а мой жа стары ўчора пэнсію атрымаў... Гадоў пяць таму ездзіў з Бартосікам па глыбоцкіх вёсках... Дык Бартосік цэлы матэрыял зрабіў на гэтую тэму. Што 85-90-гадовыя бабулі і цяпер так кажуць.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры -- наша самае слабае звяно! А хто такі Віктар Малышчыц? Ну, не настаўнік жа беларускай мовы! Астраном -- з вялікай літары!
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру